Асмелілася, пайшла за яго замуж (на вяселлі міжволі я пачула ад адной госці: «Боже, какие они оба невзрачненькие!»). Першы час мы разам з ім хадзілі ў бібліятэку, пісалі дыпломныя, гаварылі-спрачаліся пра сусветныя навукова-тэхнічныя i экалагічныя клопаты, былі рашуча супраць побыту i заземленасці, хочучы жыць «не для страўніка, а для душы». Калі я нарадзіла, усё пачало мяняцца. Нідзе я не дзелася, пачала ўрастаць у жыццёвую прозу, ён таксама пачаў найперш дбаць пра капейчыну: выйшла, куды ні зірні, усё трэба — ад лыжкі ды відэльца да стала i ложка! Як спрыяльнае сонца, паветра, вада паволі спрыяюць налівацца, красавацца яблыку, так гэтак год за годам нават нялёгкае сямейнае жыццё пачало мяняць мяне — я паволі пакруглела, у мяне папаўнелі ногі, сцёгны i клубы, адскочыліся i наліліся грудзі, паспраўнеў твар. Нават нечакана для сябе я стала жанчына як жанчына. Няёмка каму, табе таксама гаварыць, але прызнаюся: бывала, пабудзем з ім блізкія, ён дабіўся свайго, задаволены, а я сама пачынаю палымнець, адчуваць страсць. Я хачу, каб ён не адвальваўся ўбок, а лашчыў-лашчыў, гаварыў, што я прыгожая, жаданая i мілая, што ён ганарыцца мной, кахае, я не адпускаю, сама лашчуся, але яго ўжо не раскатурхаць. На першым часе i ў гэтыя хвіліны ў нас былі нібы жарты ды гарэзнасць. Але аднойчы ён аж ускіпеў: «Чаму ты не можаш быць разам са мной ва ўсім? Чаму ты адстаеш?» — «Я хачу адчуць, што адчуў i ты». — «Адчувай». — «Але я не паспяваю за табой». — «Дык што? — крыўдзіцца. — Я абы-які мужчына?» — «Я не кажу так. Ты павінен думаць не толькі пра сябе, але i пра мяне», — адказваю, a ў душы растуць крыўда i прыкрасць: як ён не разумее такога простага? Як ён абыходзіцца з маёй жаноцкасцю?
Яна, гэтая мая жаноцкасць, стала для мяне цяжарам. Я не ведала, што з ёй, такой нечаканай i прагнай да пяшчоты, рабіць. Можа, i ад яе пачаў мяняцца мой характар. Аж здзіўлялася сама з сябе: магла ні з таго, ні з сяго ўзарвацца, накрычаць альбо заплакаць, накінулася чытаць кнігі i глядзець фільмы пра каханне, марыць i летуценіць пра тое, што i як магло б быць... Знаходзіліся пажаднікі, мабыць, нюхам адчувалі, што ў мяне на душы, бачылі маё хваляванне, частую чырвань на маіх шчоках ад чыйгосьці позірку альбо слова-камплімента, але я абсякала ўсякія залёты i дамаганні. Але вось лёс звёў з табой, i ты збянтэжыў душу маю ласкай i пяшчотай.
Праўда, калі ты, калі мы вярталіся з пральні, запрасіў да сябе, я яшчэ моцна трымала сябе ў руках, не дазваляючы сабе ніякай волі. Калi ж ты не адступіўся, зусім збянтэжыў душу, я адчула: мусіць, супраць лёсу не пойдзеш, мусіць, прыйдзецца цераз штосьці пераступіць i пайсці насустрач новаму, невядомаму. Як толькі ты пазваніў, мне хацелася сустрэцца з табой, даверыцца, але я з апошніх сіл стрымлівала сябе, дакараючы: што ты хочаш зрабіць? Ты — жонка, маці? Пашкадуй блізкіх табе людзей, не думай толькі пра сваё, асабістае! Але ж яно, гэтае асабістае, зноў разгубіла, узяло ў палон, калі ты зноў i зноў загаварыў пра сваё, асабістае, калі пачаў клікаць да сябе. Урэшце не вытрывала, кінулася з высокага берага ў раку i вось ужо трапіла ў яе вір, у вір пачуццяў i любові. Грэшнікі мы з табою, спакуснік i палюбоўнік мой!
— Бяру ўвесь грэх на сябе. Не змог я без цябе, Алеся. Кажу ж, у новую нашу сустрэчу ты проста зачаравала мяне.
— Прызнацца табе, Міхасёк, пра іншае сваё патаемнае? — прашаптала.
— Калі можаш, прызнайся.
— Калі мы першы раз сталі блізкія, я мала сказаць была ашаломленая, разгубленая. Я была ў адчаі. Па-першае, за тое, што зусім хутка аддалася табе. А па-другое, ад расчаравання: i гэта — усё?! Толькі мая сталасць ды твая новая страсць суцешылі. Дома доўга не магла звесці вачэй: бічавала сябе за слабасць ды за грэх, а заадно адчувала: паклічаш — зноў прыйду, што ўжо належу i табе. Чым далей, тым менш дакораў i большая цяга да цябе. Я з табой пазнаю тое, што пісьменнікі з любоўю апісваюць як страсць, i яна, гэтая страсць, адчуваю, узвышае, высакародзіць мяне. Я хачу быць добрай. Да ўсіх. Да свету, да людзей, да сына і, павер, нават да мужа. Праўда, часамі шкадую, што пазнала гэта не з ім, але... Вось якая я, Міхасёк. Грэшніца альбо нават распусніца.
— Калі ты будзеш адчуваць сапраўднае каханне толькі са мной, то гэта ніколі не будзе распустай.
— I не грэхам?
— Я ж кажу, увесь грэх бяру на сябе. З-за любові i страсці да цябе.