Читаем Жар кахання [Апавяданні пра жанчын] полностью

Сем гадоў таму яны ў адзін год закончылі мастацкі факультэт тэатральна-мастацкага інстытута, сталі жывапісцамі. Яшчэ студэнтамі малявалі, i іхнія карціны траплялі на выстаўкі. Больш траплялі яго, Мішуковы, карціны. Сам гараджанін, ён ахвотна маляваў горад — заводы, працу рабочых на заводзе, новабудоўлі, — i старыя жывапісцы, крытыкі яго хвалілі, што ён сучасны, прысуджалі на конкурсах прэміі. Студэнтам i нават крышку пазней Здзіслаў быў не надта прыкметны: ён, жыўшы да сямі гадоў у вёсцы i навек, мусіць, не забыўшы ды палюбіўшы яе, маляваў рэчкі, лясы, вясковых людзей, i ўсе — студэнты, выкладчыкі, знатныя майстры — гаварылі, што ён несучасны, старамодны, шмат каго пераймае. Але Здзіслаў цярпліва рабіў сваё, прападаў у роднай вёсцы, накідваў тысячы эцюдаў прыроды, партрэтаў, маляваў карціны — i вось цяпер былыя выкладчыкі, крытыкі хваляць яго, гавораць, што ён i сучасны, i глыбокі. I яго веска «пайшла» па краіне, за мяжою, праславілася — Здзіслава пачалі называць першым сярод маладых жывапісцаў. А да яго, Мішука, як прырасло гэтае другое месца, хоць ён i шмат маляваў, маляваў самыя новыя будоўлі, маладых — стомленых, але вясёлых — рабочых, i ўсё роўна ён быў другі. А сёлета шмат пакутаваў, бо бачыў, што ў жывапіс ідзе шмат таленавітых жывапісцаў i яны хутка, можа, адапхнуць яго. Гэта можна было яшчэ перажыць, выцерпець, узяцца за нешта новае для сябе, але цяжэй, а то i нельга было перамагчы іншае: ён, добра вывучыўшы ўсе Здзіславы карціны, нечакана ўбачыў — у ix ёсць шчырасць, душа, а вось у яго карцінах гэтага няма.

«Вось i рабі што хочаш... — i цяпер падумаў-пагадаў ён. — Здаецца, умею маляваць, але малюю блага. Нікому — а цяпер ужо i мне самому — не падабаюцца мае карціны... А здаецца ж, малюю пра самае-самае сучаснае, пра тое, што ва ўсіх на языку. Але кажуць, што філасофіі, псіхалогіі, душы няма... Можа, з'ездзіць куды i паглядзець што новае? У Сібір ці да маракоў, за мяжу — можа, там знайду i для сябе, i для іншых нешта свежае, глыбокае, калі не магу знайсці яго тут, дома?..»

А са Здзіславам была ў ix яшчэ адна далікатнасць. Валя. Некалі, студэнтамі, яны з Валяю крыху кахаліся. Яна тады гэтаксама вучылася ў тэатральна-мастацкім інстытуце, толькі на акцёрскім факультэце. Пасля, за год да заканчэння інстытута, нечакана выйшла замуж за свайго педагога, вядомага артыста. Але пажыла з ім нядоўга, гады два, разышлася i вось цяпер была са Здзіславам: ён кахаў яе яшчэ са студэнцтва.

Мішук яшчэ не ажаніўся, хоць дзяўчат — добрых, прыгожых — меў шмат. Тыя дзяўчаты павыходзілі замуж, а яму засталіся пажылаватыя равесніцы ці маладзенькія порсткія дзяўчаткі. Праўда, сёлета пазнаёміўся з метадысткай Палаца мастацтваў, студэнткай-завочніцай, пахадзіў крыху, i яна пакрысе даводзіла ўсё да вяселля, з чым ён пачаў ужо маўкліва згаджацца.

Таму сёння i па дарозе, i ўжо тут, у лесе, крышку з пометаю цешыўся: не ва ўсім шанцуе i Здзіславу, зменнае, няўтрымнае часамі гэтае шчасце!

Валя моўчкі пасядзела з хвіліну, пасля чагосьці ўсміхнулася, паднялася i — высакаватая, вельмі стройная ў чорным світэры, увабраным у новыя блакітныя джынсы, прыгожая — роўненька, высока ўздымаючы галаву i крышку какетліва віхляючы клубамі, падалася да машины. Вярнулася адтуль хутка, з транзістарам, з джазавай музыкай. Як падышла, неяк хітра перахапіла яго позірк, насцярожылася, але ўсміхнулася. Такая — нейкая надта дзіўная — яна была заўсёды: за адну хвіліну магла i засмяяцца, ды не абы-як, а проста заліцца смехам, магла жартаваць, кпіць, i тут жа — ні з таго ні з сяго, здаецца, — магла ўзлавацца, надзьмуцца ці заплакаць. Мішук часта быў у Здзіслава, дык бачыў гэта.

«Хоць, можа, — падумаў ён, — усе такія гэтыя артысты, гэты вельмі настраёвы народ, але ўсё ж, можа, i добра, што некалі мы з Валяю не пажаніліся. Змучыла б яна мяне, ды i я так не цярпеў бы, не патураў бы, як церпіць цяпер ды патурае Здзіслаў. Ці спрачаліся б век, ці... Не, няхай лепш яна будзе некаму жонка!..»

— I ў горадзе, i ў лесе сумна без кампаніі, — зноў усміхнулася Валя, перанесла ношку галля, на якім дагэтуль сядзела, бліжэй да яго i села. Зірнула гарэзна — i ён засаромеўся яе. — Табе не надакучыла наша маўчанка, Вовік?

— Вы сямейныя людзі, а я старонні чалавек, не маю права ўмешвацца... — пажартаваў Мішук. — Таму i я маўчу.

— Помсціш? — усміхнулася Валя. Яна i раней мела вельмі дапытлівы розум, магла быць i хітрай, пастарацца так гаварыць, пасміхацца, каб цяжка было некаму зразумець, што яна думае, але магла быць i адкрытай.

— Чаго мне помсціць? — паціснуў ён плячыма. — Яшчэ раз шчыра прызнаюся: не хачу ўмешвацца ў ваша жыццё...

Перейти на страницу:

Похожие книги