Прадслава, як і некалі Рагнеда, стала манашкаю і атрымала новае імя — Еўфрасіння. У перакладзе з грэцкае мовы гэта значыць “радасць”. Пазней князёўну па родным горадзе назвалі Еўфрасінняй Полацкай.
За манастырскімі сценамі яна змагла цалкам аддацца кніжнай навуцы. Еўфрасіння чытала Біблію, дзе сабраная невычэрпная чалавечая мудрасць, ды іншыя старажытныя кнігі. Адна з іх, напрыклад, звалася «Шасцідзён». У ёй апавядалася, як за шэсць дзён Бог стварыў неба, зямлю, зоркі, расліны, жывых істотаў і чалавека. Еўфрасіння таксама вывучала летапісы, дзе гаварылася пра мінулае розных краінаў. Маладая манашка папрасіла дазволу жыць у Сафійскім саборы, каб быць бліжэй да яго багатай бібліятэкі.
Дзеля свайго народа
Пасяліўшыся ў маленькім пакойчыку-келлі, Еўфрасіння ўзялася перапісваць кнігі. Мы ўжо ведаем, якая гэта была нялёгкая праца. Перапісваннем кніг тады займаліся адны мужчыны. Ужо толькі тое, што за такую цяжкую справу ўзялася жанчына, было подзвігам.
Еўфрасіння пісала і свае творы — малітвы і павучанні, а таксама перакладала з замежных моваў. Частка перапісаных князёўнаю кніг ішла на продаж, а атрыманыя грошы раздавалі бедным.
Яна хацела, каб у Полацкім княстве было як мага больш пісьменных людзей, і марыла пра тое, каб кнігі перапісвалі не адзінкі, а дзесяткі вучоных людзей. Дзеля гэтага князёўна заснавала два новыя манастыры, а пры іх адчыніла кніжныя майстэрні — скрыпторыюмы. Адзін майстар рабіў тут малюнкі, другі — каляровыя вялікія літары, трэці — вокладкі. Калі трэба было перапісаць кнігу хутчэй, яе дзялілі на некалькі частак. Са скрыпторыюмаў кнігі развозілі па ўсёй дзяржаве і ў суседнія землі.
Каб упрыгожваць цэрквы абразамі, Еўфрасіння стварыла мастацкую майстэрню. Яна напісала ліст свайму сваяку візантыйскаму імператару, і ён прыслаў у Полацак надзвычай каштоўны старадаўні абраз. На ім была Багародзіца са сваім сынам Ісусам на руках. З таго часу беларускія мастакі вельмі любяць маляваць Божую Маці.
Усё жыццё Еўфрасіння служыла асвеце свайго народа. У адчыненых ёю школах, апрача чытання, пісьма і лічэння, дзеці вывучалі гісторыю, грэцкую і лацінскую мовы. Найбольш здатных хлопчыкаў і дзяўчынак вучылі складаць вершы. Часта ўрокі праводзіла сама асветніца.
Невядомы адукаваны палачанін, які жыў у адзін час з асветніцаю, напісаў пра яе аповесць, якая так і называецца — «Жыццё Еўфрасінні Полацкай». З яе можна даведацца, што ў сваіх школах Еўфрасіння вучыла дзяцей слухацца мудрых, любіць не саміх сябе, а іншых, шанаваць бацькоў, паважаць старэйшых, ніколі не хлусіць, а заўсёды казаць толькі праўду.
Ва ўсіх клопатах Еўфрасінні дапамагалі дзве яе сястры, якія таксама зрабіліся манашкамі. Іх звалі Звеніслава і Гардзіслава, а ў манастыры — Еўпраксія і Еўдакія.
Дойлід Iаан
Асветніца збірала вакол сябе таленавітых людзей. Імёны двух з іх дайшлі да нашых дзён. Гэта дойлід Іаан і ювелір Лазар Богша.
Дойлід — тое самае, што і архітэктар. Ён стварае праекты розных будынкаў і сочыць за тым, як гэтыя праекты ператвараюцца ў саборы, палацы ды іншыя пабудовы.
Іаан — самы вядомы са старажытнабеларускіх дойлідаў. У адным з заснаваных Еўфрасінняю манастыроў ён пабудаваў на яе просьбу царкву казачнай прыгажосці. Яе змуравалі надзіва хутка, усяго за трыццаць тыдняў. Гэтая царква завецца Спаса-Еўфрасіннеўскай. Яна і сёння стаіць у Полацку паблізу ракі Палаты і нагадвае казачную белую птушку, што апусцілася з неба на цудоўны зялёны луг.
Усе сцены Спаса-Еўфрасіннеўскай царквы ўсярэдзіне пакрытыя дзівоснымі фрэскамі. Старажытныя фарбы цудоўна захаваліся. У тыя часіны мастакі рабілі іх самі. З настою паленых яловых шышак атрымлівалася, напрыклад, добрая фіялетавая фарба, а з паленай косці — сіняя са смарагдавым адлівам.
Як лічаць вучоныя, на некаторых фрэсках намаляваныя сама асветніца і ейныя сёстры.
Крыж Лазара Богшы
Славутаму полацкаму ювеліру Богшу Еўфрасіння заказала для новай царквы шасціканцовы крыж. Майстар зрабіў яго з кіпарысавага дрэва, абклаўшы тое па баках залатымі і срэбнымі пласткамі з каштоўнымі камянямі і шматколернымі абразкамі святых.
На крыжы быў зроблены надпіс, які абяцаў страшнае пакаранне таму, хто вынесе гэтую святыню з храма. Але Богшаў твор некалькі разоў забіралі са Спаса-Еўфрасіннеўскай царквы і вывозілі з Полацка. Апошні раз крыж знік у гады вайны з фашыстамі. Ёсць звесткі, што ён трапіў у Расею і знаходзіцца там у адным з музейных сховішчаў.
Крыж Еўфрасінні Полацкай — наш неацэнны агульнанародны скарб. Цяпер Беларусь шукае яго, каб вярнуць на родную зямлю.
Каб не лілася братняя кроў
Еўфрасіння жыла ў жорсткі, крывавы час. Князі часта ваявалі паміж сабой. У адным з паходаў кіеўскаму валадару ўдалося перамагчы і захапіць полацкіх князёў у палон. Разам з жонкамі і дзецьмі іх адправілі ў высылку ў Візантыю. Сярод выгнаннікаў былі і бацькі асветніцы.
Пераможцы пабаяліся зрабіць палоннай Усяслававу ўнучку, якая насіла манаскае адзенне і была пад абаронаю самога Бога. Еўфрасіння засталася ў Полацку і дапамагала землякам змагацца з ворагамі.