Цяпер Беларусь падзяляецца на вобласці, а тады нашая дзяржава дзялілася на ваяводствы. Кожнае ваяводства і ягоныя гарады мелі свае гербы. Герб — гэта знак, які змяшчаюць на сцягах і пячатках. Разглядаць такія знакі надзіва цікава.
На гербе Менска мы ўбачым маці Ісуса Хрыста — Багародзіцу. Старажытныя менчукі спадзяваліся на яе дапамогу і абарону. На полацкім гербе плыве трохмачтавы карабель пад белымі ветразямі. Гэта сведчыць, што Полацак быў буйным гандлёвым горадам, куды прыязджала па Дзвіне шмат купцоў. Караблі мы бачым і на гербах прыдзвінскіх Дзісны і Друі. Купцы ўзважвалі свае тавары на вагах. Так вагі трапілі на гербы Ашмянаў, Наваградка і Шклова.
Гарады, што стаялі на мяжы краіны, часта мусілі бараніцца ад ворагаў, таму на іхніх гербах можна сустрэць зброю. У Берасця і Пінска гэта, напрыклад, нацягнутыя лукі, у Амсціслава — рука з мячом, а ў Быхава — дзве скрыжаваныя чыгунныя гарматы. Абарончыя вежы паказаныя на гербах Барысава, Камянца і Магілева.
Нярэдка на гербах намаляваныя розныя звяры і птушкі. Знакам старажытнай Горадні стаў алень з залатым крыжам паміж рагамі. На гербе Копыся сядзіць чорны заяц, на гербе Мазыра — арол, а жыхары Ваўкавыска зрабілі сваім знакам ваўчыную галаву. На гербах Ліды, Гарадка, Слуцка і іншых гарадоў вы таксама ўбачыце выявы рэальных і фантастычных жывёл і птушак — ільвоў, крылатых коней, ласёў, арлоў...
Гербы лічыліся сведчаннем незалежнасці. Свой герб, зразумела, быў і ва ўсёй нашай дзяржавы.
Пра яго пойдзе гаворка ў наступным аповядзе.
Пытанні і заданні
Нашы герб і сцяг
Куды імчыць «Пагоня»
Вы, пэўна ж, ведаеце, які старажытны герб мае наша краіна?
Правільна, гэта конны рыцар з узнятым над галавою мечам.
А ці вядома вам, што такіх старажытных гербаў, як наш, на свеце не вельмі шмат. Мы, беларусы, ганарымся тым, што нашаму гербу болей за семсот гадоў. Ён узнік неўзабаве пасля таго, як утварылася Вялікае Княства Літоўскае.
Наш герб называецца «Пагоня». Адкуль такая назва? А вось слухайце.
Багатая беларуская зямля з яе гарадамі і вёскамі, з рыбнымі рэкамі і поўнымі зверыны лясамі здаўна прыцягвала прагныя позіркі чужынцаў. Яны хацелі захапіць Беларусь і часта нападалі на яе. 150 разоў урываліся сюды немцы-крыжакі. Каля сотні набегаў зрабілі татарскія аддзелы. Шмат гора прынеслі нашай Бацькаўшчыне войскі расейскіх цароў, якія лютавалі часам страшней за татараў.
Каб абараніцца і выжыць, беларусы заўсёды былі напагатове. Яшчэ з часоў славутага Усяслава Чарадзея існаваў такі звычай: пасля нападу на паселішча ўсе мужчыны, што маглі трымаць зброю, пешкі ці конна даганялі ворага, каб вызваліць палонных і паквітацца за забітых.
Гэты народны звычай называўся пагоняй. У Вялікім Княстве Літоўскім ён стаў законам.
У тыя далёкія часы мастакі і пачалі маляваць «Пагоню» — узброенага рыцара на белым кані, што імчыць на бітву за родную зямлю.
Сем з лішнім стагоддзяў таму апісанне «Пагоні» з’явілася ў летапісах. “Чалавек дарослы на кані з мечам, які можа абараніць Бацькаўшчыну сваю”,— старанна выводзіў летапісец, гледзячы на старадаўні малюнак.