А сёмай гадзіне вечара разгром крыжацкага войска быў скончаны. У летапісах гаворыцца пра 40 тысяч забітых і 15 тысяч палонных ворагаў. Былі захопленыя сотні тэўтонскіх сцягоў. Разам з адрэзанымі ў рыцараў бародамі пераможцы вывешвалі іх потым на вежах Вільні і Кракава.
Запомніце: бітва пад Грунвальдам — адна з найважнейшых падзеяў беларускай гісторыі. Перамога выратавала наш народ ад вынішчэння і спыніла нямецкія напады.
Памяць пра Грунвальдскую сечу захоўваецца не толькі ў летапісах і кнігах. На лясной і азёрнай віцебскай зямлі недалёка ад беларускага горада Паставы ёсць вёсачка Грунвальд. Паданне кажа, што яе заснаваў нехта з паплечнікаў князя Вітаўта, што вярнуўся з перамогаю на радзіму.
Украдзеная карона
Пад канец жыцця Вітаўт намерыўся зрабіцца каралём. Пакуль паслы везлі яму з Рыма карону, князь сабраў гасцей з усёй дзяржавы. Кожны дзень яны балявалі і весяліліся.
Летапісцы сцвярджаюць, што запрошаныя жылі ў Вітаўта сем тыдняў. Кожны дзень яны выпівалі па пяцьсот бочак хмельнага мёду і з’ядалі па пяцьсот кароў, па пяцьсот бараноў, па пяцьсот дзікоў, а таксама па сто зуброў і па сто ласёў.
Аднак гэтае вясёлае чаканне скончылася даволі сумна.
Польскае Каралеўства пабойвалася моцнага суседа і не хацела, каб Вітаўт стаў каралём.
Палякі схапілі рымскіх паслоў, адабралі ў іх карону, рассеклі яе напалам і схавалі ў адным са сваіх касцёлаў.
Нягледзячы на гэтую няўдачу, вялікі князь Вітаўт пакінуў пасля сябе велізарную краіну, што раскінулася ад Балтыйскага да Чорнага мора. Гэта была адна з найбуйнейшых краінаў у тагачаснай Еўропе і ва ўсім свеце. Пасля перамогі пад Грунвальдам дзяржава нашых продкаў — Вялікае Княства Літоўскае — набыло вялікую павагу ў сваіх блізкіх і далёкіх суседзяў.
Пытанні і заданні
Францішак Скарына
Дзіцячыя гады
Будучы славуты сын нашага народа нарадзіўся пяцьсот гадоў таму ў старажытным Полацку.
Некалькі стагоддзяў Полацак быў самым буйным і багатым горадам у Вялікім Княстве Літоўскім. Тут жыло шмат майстроў і купцоў, якія гандлявалі таварам у блізкіх і далёкіх краінах. Бацька малога Францішка таксама быў купцом. Яго звалі Лукаш.
Дом Скарынаў стаяў недалёка ад Сафійскага сабора, пабудаванага князем Усяславам Чарадзеем. Зусім побач рэчка Палата злівалася з Дзвіною. Як і ўсе полацкія хлапчукі, Францішак часта прыходзіў на бераг з вудамі, а ў летнюю спёку любіў даць нырца ў чыстую рачную ваду.
У горадзе было багата манастыроў і цэркваў, пры якіх існавалі школы. У адной з іх Францішак навучыўся чытаць і пісаць, даведаўся пра слаўнае мінулае Беларусі. Ён ганарыўся родным горадам і выдатнымі людзьмі, што жылі тут у розныя часіны. Настаўнікі былі вельмі задаволеныя сваім здольным вучнем.
Францішак падрастаў і пачынаў задумвацца пра далейшае жыццё. Ён часта ўспамінаў асветніцу Еўфрасінню. Хлопчык ужо разумеў, што магутнасць роднай зямлі залежыць не толькі ад князёў і іхняга войска, але і ад асветы яе жыхароў. Чым больш будзе людзей адукаваных, тым мацнейшая стане дзяржава.
Кракаўскі універсітэт
Сын Лукаша Скарыны хацеў вучыцца далей. Ад бацькі і ад настаўнікаў ён ведаў, што на захадзе, у буйных еўрапейскіх гарадах, ёсць найвышэйшыя школы, якія называюцца універсітэтамі. Але прымаюць туды адно тых, хто валодае лацінскаю мовай. Гэтую мову тады трэба было ведаць кожнаму адукаванаму чалавеку. На ёй ішлі заняткі ва універсітэтах, на ёй гаварылі і пісалі свае кнігі вучоныя.
Францішак пачаў вучыць лацінскую мову ў полацкіх манахаў-бернардзінцаў. Ён ужо цвёрда наважыўся паступаць у Кракаўскі універсітэт.
Таленавіты юнак без цяжкасцяў стаў студэнтам. Ён, вядома, сумаваў па радзіме, але ў Кракаве вучылася шмат моладзі з Беларусі. Універсітэцкія дакументы расказваюць, што адначасова са Скарынам там займаліся Ян і Паўла з Горадні, Станіслаў з Клецка, Вінцэсь са Слуцка, Мікола з Ашмяны, Марка з Нямігі. З землякамі заўсёды можна было пагаварыць па-беларуску, памарыць пра тое, як яны вернуцца з Польшчы дадому і будуць дзяліцца з суайчыннікамі сваімі ведамі.