Мікола Гусоўскі
Сын паляўнічага
Звестак пра Міколу Гусоўскага захавалася надзвычай мала. Нарадзіўся ён прыкладна ў той самы час, што і Францішак Скарына, але дзе — невядома. Хутчэй за ўсё месцам нараджэння будучага паэта быў прыдняпроўскі край, дзе прайшло ягонае маленства.
Вучоныя мяркуюць, што Гусоўскі мог з’явіцца на свет у сям’і князеўскага лесніка-палясоўшчыка або паляўнічага. Хлопчыку з ранняга дзяцінства давялося дапамагаць бацьку ў ягоных нялёгкіх клопатах. У юнацтве ён і сам ужо быў добрым паляўнічым. Мікола цудоўна ведаў навакольныя лясы і пушчы, звярыныя сцежкі і звычаі. Узімку ён шпарка хадзіў на кароткіх і шырокіх паляўнічых лыжах-іртах, улетку пераплываў побач з канём раку. Ён выдатна страляў з лука і арбалета.
Юнаку даводзілася тыднямі блукаць па пушчанскіх нетрах. Ён умеў вызначаць шлях па сонцы і зорках, памятаў шмат патрэбных паляўнічаму і падарожніку прыкметаў. Лясныя дрэвы і травы адкрывалі кемліваму хлопцу свае таямніцы. Мікола ведаў, якая расліна можа спатоліць голад або смагу, а якая дапаможа хутка загаіць рану.
Ён часта начаваў каля вогнішча, павячэраўшы печанай на вуголлі дзічынай. Асабліва цанілі тагачасныя беларускія паляўнічыя мяса глушца, бо лічылася, што яно дае сілу і целу, і розуму. Існавала нават такая прымаўка: “Жывіся глушцом — будзеш мудрацом”.
Каралеўскае пасольства
Не менш за паляванне Міколу вабіла навука. Ён вучыўся ў Вільні і ў Кракаве, бліскуча авалодаў там лацінскаю мовай, пачаў пісаць вершы.
Разумнага і таленавітага юнака заўважыў набліжаны да гаспадара дзяржавы чалавек — Эразм Вітэліюс. Ён быў біскупам, гэта значыць вышэйшым каталіцкім святаром, а яшчэ — любіў мастацтва і дапамагаў паэтам.
У 1518 годзе вялікі князь літоўскі і кароль Польшчы Жыгімонт Казіміравіч накіраваў у Італію сваё пасольства. Яго ўзначальваў біскуп Вітэліюс, які ўзяў з сабою на пасад сакратара Міколу Гусоўскага.
Паэт выправіўся ў далёкую дарогу з радасцю. Італія была вядомая сваімі мастакамі і архітэктарамі, вучонымі і пісьменнікамі. Гусоўскі спадзяваўся, што ў італьянскай сталіцы — Рыме дасягне паэтычных вышыняў і здабудзе славу.
Заказ рымскага папы
Пасольства прыбыло ў Італію з вельмі адказным клопатам. У тым часе на землі Вялікага Княства Літоўскага амаль штогод нападалі татары. Паслы павінны былі дамовіцца з рымскім папам пра стварэнне звязу еўрапейскіх краінаў супроць татараў і туркаў. Рымскі папа лічыўся галоўным каталіцкім святаром свету і меў велізарную ўладу.
Тады рымскім папам быў Лявон X. Ён добра ведаў і любіў паэзію ды іншыя мастацтвы. Яшчэ ён быў заўзятым паляўнічым і збіраў чучалы розных рэдкіх звяроў.
Аднаго разу папа разам з паслом Эразмам Вітэліюсам назіраў бой быкоў у цырку. Пасол загаварыў пра волата беларускіх лясоў, і Лявон Х вельмі зацікавіўся. Ён пажадаў мець у сваіх пакоях чучала зубра, а таксама паэтычны твор пра паляванне на гэтага невядомага ў Італіі звера.