Полацкая вайна
Цар Iван Грозны
Ты ўжо ведаеш пра бітву пад Воршай, дзе нашыя прадзеды разграмілі ўтрая большае войска ўсходніх заваёўнікаў. Але і пасля гэтага расейскія цары па-ранейшаму называлі беларускую зямлю сваёй і імкнуліся захапіць яе.
У сярэдзіне XVI стагоддзя новую крывавую вайну з Вялікім Княствам Літоўскім пачаў цар Іван Грозны.
Гэта быў чалавек з надта жорсткім сэрцам і дзікім норавам. У дзіцячыя гады ён любіў скідваць з высокіх дахаў катоў і здзекавацца з іншай дробнай жывёлы, а потым пачаў спіхваць з вышыні і таварышаў сваіх гульняў.
Зрабіўшыся царом, Іван з асалодаю мучыў людзей. Ён акружыў сябе кђтамі і даносчыкамі, сек галовы былым сябрам і нават забіў свайго сына.
Аднойчы цару прывезлі з Персіі падарунак — слана. Крамлёўскі ўладар закамандаваў яму апусціцца на калені, але няшчасная жывёліна, не разумеючы расейскае мовы, не паслухалася. Тады Іван загадаў сваім слугам пасекчы слана на дробныя кавалкі.
Нядзіва, што жорсткага маскоўскага цара на захопленых ім землях людзі часцей называлі не Грозным, а Жахлівым або Царом-Сабакам.
Паход на Беларусь
Узімку 1563 года цар Іван ляснымі дарогамі павёў свае палкі на Полацак. Калі верыць маскоўскім пісцам, у захопнікаў было 200 тысяч коннікаў і 60 тысяч пяхотнікаў. Войска мела 200 гарматаў, у тым ліку вогнекідальныя і сценабітныя. Цар бярог коней. Гарматы, порах ды іншыя вайсковыя прыпасы везлі на сабе простыя людзі, якіх у Масковіі называлі “чорнымі”. Самую вялікую з гарматаў цягнулі на змену болей за тысячу чалавек.
Напрыканцы студзеня царская арда спынілася на дзвінскіх берагах. Наперадзе ляжаў Полацак — найбагацейшы горад Вялікага Княства і яго галоўная крэпасць-фартэца з дзевяцівежавым замкам, з дванаццаццю манастырамі і васемнаццаццю цэрквамі. Маскоўскае войска абкружыла горад і пачало яго аблогу. Цераз полацкія сцены паляцелі ядры і агонь. Па небе паплылі чорныя дымныя хмары.
Горад абараняў невялікі ў параўнанні з ворагам гарнізон, але здавацца ён не збіраўся. Беларусы маглі б доўга трымаць аблогу, аднак полацкі ваявода Станіслаў зрабіў памылку. Ён адвёў сваіх людзей у замак і загадаў падпаліць навакольныя вуліцы.
Пад прыкрыццём густога дыму царскія стральцы ўварваліся ў горад і падцягнулі гарматы зусім блізка да замка. Апрача таго, захопнікі падвялі пад сцены падкоп і ўзарвалі там некалькі парахавах бочак. Гарадскія ўмацаванні былі моцна пашкоджаныя. Полацкі замак загарэўся.
Харчовыя запасы канчаліся, надзеяў на падмогу ўжо не было. Пасля сёмага варожага прыступу ваявода Станіслаў вырашыў здавацца.
Царскае слова
Іван Жахлівы паабяцаў, што пакіне кожнаму палачаніну волю і маёмасць. Горад паверыў царскаму слову, аднак верхавод захопнікаў і не думаў трымаць яго. Да палонных вайскоўцаў цар прыставіў моцную ахову і наказаў пяць дзён не даваць ім вады і ежы. Сваёй здабычаю пераможца абвясціў і мірных жыхароў.
Летапісы апавядаюць, што ўсіх полацкіх габраяў — ад старых да маленькіх дзяцей — царскія стральцы ўтапілі ў Дзвіне. Чужынцы панішчылі полацкіх рыцараў, якія адмовіліся служыць цару, а таксама шмат іншага народу.
Пяцьдзесят тысяч палонных палачанаў, звязаных вяроўкамі і абы-як апранутых, пагналі ў Масковію. Людзей не кармілі, і яны сотнямі паміралі на зімовых дарогах ад голаду і марозу.
Дамоў не вярнуўся амаль ніхто.
Паданне кажа, што ў Полацку, калі трэба было прыкласці да царскай граматы пячатку, Іван Жахлівы выганяў усіх прэч, каб не бачылі, як з ягоных рук крапае кроў.
У рукі да маскоўцаў трапіла багатая бібліятэка Сафійскага сабора з цудоўнымі Скарынавымі кнігамі. Царскія людзі разглядалі друкаваныя кнігі са здзіўленнем і страхам, бо ў Масковіі сваіх друкарняў яшчэ не было.
Каб вынішчыць памяць палачанаў пра сваю дзяржаву і былыя вольнасці, царскія слугі палілі ці вывозілі старажытныя граматы. Магчыма, якраз тады загінуў і неацэнны Полацкі летапіс.
Барацьба з чужынцамі