Сімяон пісаў у лісце да сябра, што, як толькі дазволяць абставіны, ён вернецца на радзіму. Але ягоныя мары так і не здзейсніліся.
Слуга навукі і мастацтва
Сапраўднае шчасце і адпачынак для душы Полацкі знаходзіў у працы. Ён адчыніў у царскім палацы друкарню і выдаў там буквар, а потым і іншыя кнігі. У друкарні працавалі беларускія майстры, вывезеныя ў царскі палон.
Адкрыццё Сімяонавай друкарні было для адсталай Масковіі вельмі важнай падзеяй. Колькасць друкарняў адразу павялічылася ў два разы: замест адной стала дзве. Тым часам ў Рэчы Паспалітай дзейнічалі ажно 134 друкарні.
Нашы землякі-беларусы, выведзеныя на чужыну царскімі заваёўнікамі, сталі акцёрамі створанага Сімяонам у Маскве першага расейскага тэатра.
Полацкі напісаў праект першай у Расеі найвышэйшай школы.
Але галоўным захапленнем асветніка, як і раней, заставалася паэзія. Штодня ён спісваў дробным почыркам па восем старонак. З-пад пяра ў Сімяона выходзілі вершы і байкі, вершаваныя апавяданні і загадкі, п’есы і пераклады з іншых моваў.
Ён шчодра дзяліўся з чытачамі сваімі глыбокімі ведамі. З Сімяонавых твораў можна было, напрыклад, даведацца пра асветніцу Еўфрасінню і пра сем цудаў свету, пра ўласцівасці магніту і крэменю або пра біблійнага асілка Самсона, які нібыта забіў аслінаю косткаю тысячу ворагаў...
У шмат якіх вершах Полацкі змагаўся з тагачаснымі расейскімі забабонамі. Як і ягоны знакаміты папярэднік Скарына, Сімяон быў добрым лекарам. Ён абураўся тымі маскоўцамі, якія мазалі дзяцей граззю, каб засцерагчы іх ад благога вока. Паэт высмейваў п’яніцаў і людзей, што верылі ў розныя кепскія прыкметы.
Не баяўся Сімяон павучаць і самога цара. Палачанін раіў маскоўскаму ўладару не абкружаць сябе крывадушнымі лісліўцамі, а слухаць парады разумных людзей. Ён пісаў у вершах пра тое, што людзей нельга караць смерцю без суда. Заклікаў цара кіраваць мудрасцю, а не жорсткасцю.
У Маскве наш зямляк напісаў болей за дзесяць кніг.
Ён не шкадаваў сябе, шмат хварэў і рана памёр. У свае апошнія дні Полацкі часта думаў пра Беларусь. Ён склаў запавет, у якім падзяліў свае грошы паміж беларускімі манастырамі ў Полацку, Віцебску, Воршы, Менску і Вільні.
Пасля Сімяона засталася найбагацейшая ў Маскве бібліятэка. Ён выхаваў некалькі расейскіх паэтаў. Створаная ім друкарня выдавала новыя кнігі.
Праз колькі гадоў пасля Сімяонавай смерці запарожскія казакі папрасілі прыслаць ім з Масквы кнігі знакамітага палачаніна. Іхняе просьбы ніхто не выканаў, бо творы Полацкага ўжо былі абвешчаныя шкоднымі. Царкоўныя ўлады нават забаранілі ўспамінаць пра іх.
Магіла асветніка не захавалася, але ён стварыў сабе вечны помнік у людской памяці. Перавыдаюцца ягоныя творы. Вучоныя і пісьменнікі пішуць пра Сімяона кнігі.
У Полацку плануецца адчыніць помнік нашаму выдатнаму земляку. Гэты помнік будзе стаяць побач з будынкамі колішняга Богаяўленскага манастыра, які ў цяжкія часы даў прытулак маладому паэту і асветніку.
Пытанні і заданні
Пётр I і Беларусь
Паўночная вайна
Сеўшы на расейскі трон, цар Пётр вырашыў, як ён сам казаў, прасекчы вакно ў Еўропу. Гэта значыць, ён хацеў адваяваць сабе бераг Балтыйскага мора і пабудаваць там свае крэпасці-фартэцы і порты для ваенных і гандлёвых караблёў. Дзеля гэтага ён пачаў вайну са Швецыяй, якой тады належалі прыбалтыйскія землі. Вайна атрымала назву Паўночная.