Крывавае стагоддзе
Змаганне за Смаленск
Расейскія валадары не пакідалі мары захапіць Беларусь. Самым блізкім да Масковіі быў наш старажытны Смаленск. На яго няраз нападалі царскія ваяводы. Смаленск пераходзіў з рук у рукі. Але на пачатку семнаццатага стагоддзя, пасля доўгай вайны з Масковіяй, Смаленшчына была вернутая ў склад Вялікага Княства Літоўскага. Разам з ёю да нашай дзяржавы адышла Чарнігаўшчына ды іншыя землі з 30 гарадамі.
Аднак мір з усходнімі суседзямі працягваўся, як заўсёды, нядоўга.
У 1632 годзе цар паслаў у наступ на Смаленск 40-тысячнае войска свайго баярына Шэйна. Ворагі ўзялі горад у аблогу і пайшлі далей. Яны захапілі Полацак, Асвею, Друю ды іншыя беларускія гарады. Але жыхары Смаленска мужна бараніліся і не збіраліся здавацца.
На дапамогу смаленцам кароль і вялікі князь Уладзіслаў выслаў моцнае 25-тысячнае войска. Яно абкружыла маскоўскія палкі і прымусіла іх здацца. Пераможцы адпусцілі палонных дадому, пакінуўшы сабе толькі гарматы.
Цар так угневаўся, што загадаў адсекчы баярыну Шэйну галаву.
Новая вайна
Праз дваццаць гадоў цар Аляксей Міхайлавіч зноў адправіў сваё войска на Беларусь. Ён абяцаў беларусам вызваліць іх ад польскага ўціску, а ў сапраўднасці хацеў зусім іншага. Нашыя прадзеды вельмі хутка зразумелі цану царскіх абяцанак.
У межы Вялікага Княства ўварваліся тры велізарныя варожыя арміі. 100-тысячная вайсковая сіла захопнікаў пакідала за сабой спустошаную і абрабаваную зямлю.
Расейскія стральцы спалілі Бабруйск, Глуск, Чавусы, Копысь... Разам з вялікакнязеўскімі жаўнерамі гераічна баранілі свой горад жыхары Амсціслава. За гэта царскі ваявода Трубяцкой аддаў сваім стральцам загад перабіць усіх амсціслаўцаў — ад старых да дзяцей, якія яшчэ не ўмелі хадзіць. У горадзе засталіся толькі здзічэлыя сабакі.
Былі захопленыя Віцебск, Ворша, Дуброўна, Крычаў, Гомель, Рэчыца, Шклоў. Калі горад адмаўляўся здавацца, цар загадваў разбураць яго. Жыхароў, як і ў Амсціславе, забівалі або вялі ў палон.
Калі маскоўскае войска наблізілася да Полацка, большасць яго насельніцтва на чаўнах і наўплаў пераправілася цераз Дзвіну і ратавалася хто як мог. Манахі везлі з сабою абразы і дамавіны з мошчамі святых, бо захопнікі не шкадавалі ні храмаў, ні магілаў.
Накіроўваючы на нашу зямлю ўсё новыя і новыя войскі, цар наказваў ваяводам на сваім шляху ўсё паліць і разбураць, а каб болей панішчыць — назад ісці іншымі мясцінамі. Захаваліся пісаныя ў Маскву граматы ваяводы Трубяцкога, дзе ён паведамляў цару: “Вокруг Слуцка велели мы все выжечь, а идучи дорогою до Слонима, села, и деревни, и хлеб, и сено по обе стороны жгли и людей побивали, и разоряли совсем без остатку, а в Клецке в городе людей побили всех”. Сваімі рабункамі ворагі давялі народ да страшнага голаду.
На захопленай зямлі беларусы ўсё часцей браліся за зброю. Яны стваралі партызанскія аддзелы і не давалі захопнікам спакою ні ўдзень, ні ўначы. Асабліва ўдала народныя мсціўцы дзейнічалі на Амсціслаўшчыне. Аднаго разу на расейцаў напала цэлае сялянскае войска з трох тысяч змагароў.
Магілеўскае паўстанне
Калі царскія ваяводы падышлі да Магілева, яго жыхары вырашылі ўратаваць свой горад ад разбурэння і таму добраахвотна адчынілі перад маскоўцамі браму. Гараджане спадзяваліся, што стральцы, якія былі адной з імі веры, не будуць чыніць ім ніякай крыўды.
Але магілеўцы моцна памыліліся. Чужынцы абыходзіліся з імі, як з палоннымі. Яны нахабна адбіралі ў гараджанаў грошы і зброю, коней і хлеб, забіралі нават кухонны посуд.