Читаем Агасфэр (Вечны Жыд) полностью

Айцэну робіцца не па сабе, калі ён бачыць, як Пэрэйра пытаньне пра пакараньне Ізраіля, якое ўсім відавочнае, хітра заблытвае й спрабуе завесьці спрэчку ў нейкую нябесную арыфметыку, зь якою зямная і асабліва іхняя арыфметыка, так цяжка стасуюцца. Але, каб выбіць у апанэнта аргумэнт, трэба адразу даць контрдовад, і ён кажа, што Сын Божы, наш Збаўца, на якога так зьедліва намякаў вучоны дон Пэрэйра, ніякі ня Бог каля Бога, а яны Бог Бацька, Бог Сын і Logos, Сьвяты Дух, ад пачатку былі адзінствам, так што тут in puncto ўшанаваньня адзінага Бога ня можа ўзьнікнуць абсалютна ніякай супярэчлівасьці з Божай запаведзьдзю; гэта асьвятляе таксама і ў імя Божае на габрэйскай мове, Elihim, якое ёсьць pluralis, множны лік, і пацьвярджаецца словам Божым у Майсея 1: 26 — Створым чалавека паводле вобразу Нашага, паводле падабенства Нашага — што, калі займеньнік тут, бадай, і ня можа датычыцца анёлаў з Божага атачэньня, дык ён абавязкова павінен азначаць, што Бог браўся за працу ў сваім трыадзінстве і ўсе мы такім чынам ёсьць творы й Сына й таму абавязаны верыць гэтаксама і ў яго, як і ў Бацьку. Майсей 1:26, думае Айцэн, ня ідзе далей гісторыі стварэньня: тут ён пабівае Пэрэйру яго ж уласнай зброяй; прыбывае, бач, сюды з Партугаліі, адкуль кароль турнуў яго разам з усімі астатнімі знакамітымі жыдамі, і будзе яшчэ вучыць нас слову Божаму й другі раз высьмейваць і нікчэмніць нашага Госпада Ісуса. Але Пэрэйра лёгенька ўсьміхаецца, кланяецца тым з начальстваў і пытаецца, ці не маглі б хто з гераў сэнатараў альбо з высокай герцагскай рады папрасіць у яго вучонага апанэнта працытаваць наступны верш зь Першай кнігі Майсея, а менавіта 1:27 і паколькі ашаломлены Айцэн маўчыць, той працягвае далей, а далей ідзе наступнае: І стварыў Бог (адзіночны лік) чалавека паводле вобразу Свайго (адзіночны лік), паводле вобразу Божага (адзіночны лік) стварыў яго; мужчыну і жанчыну стварыў іх — з чаго відаць, што pluralis у вершы 26 ёсьць так званы рluralis majestatis, так, як Іх герцагская мосьць Гаторпскі і іншыя княскія геры кажуць «Мы», гаворачы пра свае ўзвышаныя асобы, ня будучы складзенымі з трох розных асобаў. Але ж і дзёрзкі жыд, які вунь жа й раней спытаўся пра цела ўкрыжаванага, зноў падымае свой голас і хоча даведацца ад гера superintendent, ці ня быў пры стварэньні Сын гультаём і ці не дапусьціўся да таго, што Бацька працаваў адзін; на што ўсё астатняе жыдоўства пачынае рагатаць, ляпае сябе па сьцёгнах і крычаць о-ё-ёй, а гарадзкі паліцыянт, які трымае пост каля ўваходу ў сынагогу, ня прыходзіць у рух, не зграбае ганебнае рыла й ня экспэдыруе вон за дзьверы.

Тут Айцэну робіцца ясна, што было б лепей, каб ён прыцягнуў сьвятых прарокаў, замест таго каб спрачацца пра множны й адзіночны лікі, бо кожны арыфметычны прыклад можна паставіць пад пытаньне, а вось мудрае выслоўе заўсёды да рэчы й месца. І ён заяўляе, што ў многіх кнігах прарокаў наш Гасподзь Ісус быў дакладна прадказаны як чаканы мэсія, нават у тым, што датычыцца яго народзінаў і паходжаньня з дома Давідавага як і яго жыцьця і дзейнасьці й сьмерці. Так, калі б толькі было мудрае прадказаньне, якое спраўдзілася, дык і яго можна было б трапна паставіць пад сумненьне; але іх было так многа й такіх розных, і ўсе разам дакладна ўказваюць якраз на яго як на ўроджанага Сына Бога, што й самы ўпарцісты жыд, калі яму даць у лапу ці па мордзе, мусіў бы пацьвердзіць. Ці ж не прарочыў прарок Міхей: І ты, Віфляеме — Эфрата, ці ж малы ты сярод тысячаў Юдавых? зь цябе пойдзе Мне Той, Які павінен быць Валадаром у Ізраілі, і Якога паходжаньне з пачатку, ад дзён вечных. — І сапраўды ці ж не ў Віфляеме наш Гасподзь Ісус нарадзіўся, у стайні, з улоньня дзевы, як прарок Ісая называе гэта азнакай Божай: Глядзі, вось дзева ва ўлоньні зачне й народзіць сына? І там жа Ісая сказаў: І пойдзе пасынак ад кораня Есэевага, і галіна вырасьце ад кораня ягонага; і спачне на Ім Дух Гасподні, — і ці ж ня быў Язэп, Бацька нашага Госпада Ісуса, як і прадказана, атожылкам цара Давіда, які са свайго боку сынам Есэя, так што й гэтае прадказаньне збылося?

На што Пэрэйра ветліва пытаецца, ці можа ён мовіць слоўца вучонаму doctor, і калі яму было дазволена, кажа гэтаму, што ён хацеў бы, калі ласка, даведацца, за чыйго сына ён, зрэшты, мае гэтага народжанага ў Віфляеме Ісуса: за сына сталяра Язэпа, пра якога ў дзьвюх з чатырох эвангельляў гаворыцца, што ён з дома Давідавага, альбо за сына Бога, недасьлежнымі шляхамі ўведзенага ва ўлоньне дзевы? І ці памянёны Ісус, як сын Бога, наогул мог бы быць чалавечай прыроды альбо сын Язэпа ёсьць толькі трэцяя частка Сьвятой Тройцы?

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже