Жыды лупяць бельмы на Агасфэра, які выглядае як адзін зь іх, так гадоў на трыццаць — трыццаць пяць, і ўсё ж ён быў і тады, калі яшчэ стаяў вялікі храм ва ўсёй сваёй велічы на гары Сіён і Ізраіль жыў на зямлі сваіх бацькоў, якую Бог абяцаўся даць ім; але ганараваныя і тыя з начальстваў палохаюцца, айцы пастары дзіву даюцца вялікаму, адкуль супэрінтэндэнт выкалупаў гэтага Вечнага Жыда акурат на дыспутацыю, калі раней ён нічога не казаў пра яго, і ці ня зваліцца цяпер няшчасьце на Альтону альбо на вольны горад Гамбург, як пра тое гаворыцца ў пабожнай песеньцы:
Толькі Айцэн трыумфуе ў сэрцы сваім, што ўсё так гладка ідзе, як ён і планаваў, і кажа Агасфэру:
— Тады скажыце нам і засьведчыце, ці Гасподзь Ісус Хрыстос, якога вы ведалі асабіста й бачылі на свае вочы й зь якім вы гутарылі на свае вусны й якому вы прычынілі такую несправядлівасьць сваім жорсткім сэрцам, ці быў ён напраўду мэсія, якога чакаў народ Ізраіля паводле прадказаньня прарокаў?
— Ці быў ён мэсія? — кажа Агасфэр і пачэсвае за вухам і ўздыхае. А тады кажа: — Рабі верыў у гэта.
Айцэн бачыць, што ягоны сьведка нерашуча завагаўся, і ён баіцца, што жыд можа падвесьці яго, хоць усё разам, пытаньні й адказы, прадумана й абгаворана загадзя і наперад, і гаворыць глухім голасам:
— Верыў! Верыў! Гэтыя зацятыя жыды ня хочуць ведаць, што Гасподзь наш Ісус верыў, як і не хацелі таго ведаць, калі ён сам ім пра гэта казаў; ім патрэбна тваё сьведчаньне, жыд Агасфэр, як што ты ня даў яму ніякага суцяшэньня, а пакінуў яго цярпець ад дзённай сьпёкі зь цяжкім крыжам на плячах і цернем на галаве: ці быў ён мэсія, так ці не?
— Мэшыях? — кажа Агасфэр. — Вялікі, магутны мэшыях?
І выпростваецца, і здаецца, быццам палілося зь яго нейкае сьвятло й быццам павышэў ён на цэлую галаву й больш над усімі, што былі вакол яго, над Пэрэйрам і альтонскімі жыдамі й над знакамітымі герамі, якія сядзелі вышэй, і над дастойным і вучоным doctor і superintendent тым болей.
— Мэшыях, — кажа ён, — пра якога гаворыцца ў прарокаў, што ён будзе судзіць народы й зробіць так, што мячы ператворацца ў аралы, а дзіды ў сярпы? — І Айцэн ня ведае, што зь ім робіцца, горача ці холадна, і ён глуха маўчыць, а той кажа далей: — Я любіў рабі, і ён мог быць ім. Ён мог быць мэшыяхам, як і кожны, хто створаны паводле вобразу Бога, нясе ў сабе сілу і ўладу, каб стацца збаўцам людзей. І ён цярпеў і вісеў на крыжы й павольна пакутліва памёр. Але хай хто палічыць, колькі да яго й колькі пасьля яго сканалі ў пакутах і муках і ў сваёй горасьці благалі: мой Божа, мой Божа, чаму ты пакінуў мяне? І дзе той вечны мір, і дзе царства, якія павінны былі прыйсьці зь ім і празь яго? Усё яшчэ есьць Адам хлеб свой у поце твару свайго, і Ева нараджае ў муках, усё яшчэ забівае Каін Авеля, і Вы, гер доктар, — кажа ён, павярнуўшыся да Айцэна, — не заўважыў я нештачкі, за цэлы час, колькі я ведаю Вас, каб Вы дужа любілі ворагаў Вашых альбо дабраслаўлялі кляцьбітоў Вашых, альбо маліліся за зьневажальнікаў Вашых, як заклікаў Вас рабіць Ваш Гасподзь Ісус на гары, ня робяць гэтага й іншыя, якія называюць сябе хрысьціянамі.
І нарэшце, убачыўшы жах на тварах знакамітых гераў і шал і разгубленасьць тых з начальстваў і злараднасьць сваіх галаваківальнікаў confratres, гер супэрінтэндэнт схамянаецца й крычыць:
— Годзе, жыдзюга пархаты! А тое, што паўтары тысячы гадоў цябе ганялі па белым сьвеце, гэта за апошнюю вашу збродню, якую вы ўчынілі!
Ён кліча паліцыянта, каб той арыштаваў Агасфэра за зьневажаньне Бога й за абразу Яго мосьці герцага Гаторпскага, які тут за найвышэйшага царкоўнага ўладыку, а таксама за падбухторваньне да бунту. Але паколькі цяпер заварушыліся, засоўгалі плячамі й локцямі й жыды, усчалася вялікая штурхатня: аднаму трэба туды, другому туды, тузаніна за борады, і тут спрэчна, альбо ад залішняга клопату, альбо з тайнага задавальненьня, што нехта тут раптам запрагне навароту да адзінашчасьцедайнай веры, з гэтым, лічы, прапала; і ў агульным гармідары Агасфэр зьнік, як бы яго зямля праглынула, як бы яго й ня было, бо ніхто так і ня згледзеў, каб ён выходзіў празь дзьверы.
Разьдзел дваццаты. У якім Агасфэр парушае нябесны спакой і пярэчыць рабі, што ісьціна не ляжыць у нейкім адным цэнтральным месцы, а відна кожнаму, хто мае вочы, каб бачыць вачыма
Вельмі ціха, ніякага руху.
Сьвятло, у якім ён сядзіць на троне, мяккае, як блакітныя прыцемкі; ён атулены пяшчотнай любоўю Бога, і бляск заміранасьці азарае яго аблічча, калі ён паглядае ўніз, на сьвет, падымаючы руку на дабраславеньне, руку, усё яшчэ з ранай, прабітай цьвіком.