Тут зноў пачынаецца шабуршэньне на ўслонах ганароўцаў, а Айцэн няпэўна глядзіць на сваіх гамбургскіх пастараў, бо гэта якраз пункт, у якім нават эвангелісты Мацьвей і Лукаш і Марк і Ян не заадно; але ягоныя духоўныя confraters, глядзяць абыякава альбо нават як бы радуюцца зьбянтэжанасьці свайго новага супэрінтэндэнта; нават і жыды, здаецца, заўважылі, як, быццам іхні герой-двабойнік сьветлай памяці юны Давід са сваёй прашчы Галіяфу, пацэліў дастойнаму doktor у саменькі лоб. Але новы Галіяф з больш гартаванага матэрыялу чым няўклюдны волат, супроць якога калісьці выступіў Давід; ведае таксама, што чалавек лепей верыць, чым думае; таму ўзвышае голас і крычыць:
— О жыдоўскае круцельства! О ганебная фальшывасьць і аблуднасьць! І Вы думаеце, дон Пэрэйра, што падлавілі Бога на супярэчнасьці? І Вы хацелі б, з Вашым мізэрным духам спазнаць волю і ўстанаўленьні Найвышэйшага? Бог, які стварыў цэлы сьвет з усім, што ў ім поўзае й лётае, ня мог зачаць Язэпу сына? Гэта зьбівае Пэрэйру на паўслове, і, перасілены забойчай сілай Айцэнавага аргумэнта, ён ціхенька слухае, як ягоны супраціўнік бушуе далей, пабіваючы прарокаў. А хіба ж, працягвае той, не прадвырак прарок Захарыя, сказаўшы: весяліся ад радасці, дачка Сіёна, радуйся, дачка Ерусаліма: вось, Цар твой ідзе да цябе, праведны і ратавальны, лагодны, седзячы на асліцы і на маладым асьле, сыне пад'ярэмнай — і ці ж ня было так, калі наш Гасподзь Ісус перад сьвятам праснакоў уязджаў у браму Ерусаліма на асьліцы седзячы, тым часам як увесь народ весяліўся і крычаў: Слава таму, хто там ідзе, цару?
Лёгка яму запярэчыць, думае Пэрэйра, у тыя часы ў Ізраілі аслоў было такая навала, як сёньня коней ў герцагстве Шлезьвіг, і што ж тады кожнага, хто конна ўязджае ў Гамбург альбо Альтону, адразу ўжо й лічыць за мэсію? Але ці варта клопату, думае ён, указваць на самавольства, зь якім аплікуецца на пазьнейшы час кожнае слова ў выслоўях прарокаў, якое той прыцягвае ў сьведкі? Пакуль ён так разважае, гер супэрінтэндэнт ужо зноў рвецца навыперадкі й гаворыць, як Бог дапусьціў, каб яго сына прыбілі да крыжа як ахвяру пакаяньня за грахі ўсіх нас і як пацярпеў Гасподзь Ісус дзеля грэшнага народу жыдоў, зацятага й разбэшчанага, як нават гэта было прадказана наперад прарокам Ісаем, які сказаў: Усе мы хадзілі ў ілжы; але Гасподзь пераклаў нашыя грахі на яго, як на ягня, якое вядуць на закол; сапраўды, ён панёс нашыя немачы й паклаў на сябе нашыя цярпеньні. За нашыя беззаконьні ён забіты; кара накладзена на яго, каб мы жылі ў міры й ягонымі ранамі ацаліліся.
Але тут Пэрэйра далей ня вытрымлівае, ён узводзіць вочы ўгору ў неба, дзе зьбіраецца чад ад мігатлівых сьвечак у самым паддашшы, і ўсклікае:
— Няпраўда! Няпраўда! Бог, які адмаўляецца глядзець, як Абрагам падняў ахвяравальны нож да горла Ісаака, сына свайго, і таму стрымаў яго руку, гэты Бог паслаў уласнага сына на крыж? Хай у гэта верыць хто другі! А ці ведае хто, што сапраўды адбылося ў тыя дні й кім быў гэты Ісус, пра якога гаворыцца, што ён і быў той чаканы, і эвангеліст ці ж не ў прарокаў узяў тое, што найбольш прыдалося, як азнаку вялікай славы, якая німбам зазьзяла вакол галавы ўкрыжаванага рабі?
Айцэн радуецца, якая бура разыгрецца цяпер, калі хітрамудры Пэрэйра страціць самавалоданьне, сьпяшаючыся на дапамогу свайму жыдоўскаму Богу. — Жудасна! Агідна! — А тыя з начальстваў гукаюць паліцыянта тым часам, як confratres малітоўна складваюць далонькі й просяць у Бога дараваньня за грахоўніцкія словы, якія яны мусяць выслухоўваць; а жыды дрыжаць і ціснуцца адзін да аднаго, як куры ў катуху, калі вакол яго шастае ліс. Айцэн спакойна чакае, калі ўляжацца шум, толькі падае знак паліцыянту, каб той наблізіўся да Пэрэйры забраць яго; пасьля прамаўляе:
— Вы спыталіся, Эзэхіель Пэрэйра, ці ведае хто, што сапраўды адбывалася ў тыя дні й хто быў той Ісус; што ж, я хачу паказаць вам аднаго такога, хто гэта ведае й хто сам быў там прысутны, і гэты Хто ёсьць жыд, як і вы самі, як жыды гэтай абшчыны, але трошачкі старэйшы, бо ён можа засьведчыць, як цярпеў наш Гасподзь Ісус і як ён нёс на сабе крыж.
З гэтымі словамі ён падымае рукі ўгору й кліча Агасфэра, які адразу ж уваходзіць у дзьверы сынагогі, белая шапачка на галаве, на целе доўгі, заношаны лапсярдак, а на нагах ні чаравікаў, ні панчох, так што кожны можа бачыць, як за сотні гадоў закарэла скура на ягоных падэшвах. І калі ўсе раптам жахаюцца ў гэтай зале, жыд падобны на Хрыста, Айцэн пытаецца:
— Скажыце, хто Вы?
— Я той, каго Вы клікалі, — адказвае Агасфэр.
— І вы прагналі нашага Госпада Ісуса ад дзьвярэй вашага дома, — пытецца Айцэн далей, — калі ён падышоў да вас па дарозе на Галгофу з крыжам на плячах і хацеў адпачыць у цяні дома ад вялікай стомы?
— Я адштурхнуў рэбэ Ёшуа ад дзьвярэй, — кажа Агасфэр, — і з таго часу вандрую, вандрую кожны дзень, створаны Богам.
— Ён пракляў вас? — пытаецца Айцэн.
— Рабі сказаў, — адказвае Агасфэр, — сын чалавечы йдзе, як напісана ў прарокаў, а ты застанешся чакаць, пакуль я вярнуся.