— Судзіць паненку будуць за тое, што паюка князя Гераніма асляпіла. Але карані, карані ўчынкаў глыбей! Норавы заняпалі ў нашым княстве! — звягліва прамовіў Юдыцкі.—Белагаловыя не павінны заставацца без мужчын! Калі ўдава, ці сірата — апекуноў ёй давайце… А то атрымліваецца абы што. Паненка застаецца без бацькоў, і не хоча выходзіць замуж. Хаця лічыцца першай прыгажуняй места, specie formosa… Не хоча, і ўсё! І ніхто не прымусіць. Жаніхі шалеюць, сваты вяртаюцца з гарбузамі, ідуць чуткі пра таемнае каханне — але ніхто адсачыць не можа. Паводзіцца паненка бездакорна, ходзіць у царкву… Але ж у кляштар не ідзе, як княжна Еўфрасіння! Прадае кніжкі ў бацькавай краме і, прабач, святы Ёсафат, займаецца навукай! Казалі, што яна пераапраналася ў мужчынскае адзенне і слухала лекцыі ў калегіюме. Калі праўда — задраў бы спадніцу ды сам адхвастаў… — Юдыцкі нават прыцмокнуў бледнымі вуснамі, відаць, уявіўшы спакусную карціну хвастання паненкі, і ўздыхнуў: — Вось толькі з судом князь не спяшаецца. Каб толькі па дабраце сваёй не дараваў ведзьме, і яна яго, змяя беласкурая, не счаравала. Можа, ой, можа…
— Але навошта тая купчыха пану Гераніму? — папытаўся Вырвіч.
— Не вашага гэта розуму справа, — надзьмуўся Юдыцкі, але, відаць, цікава і незразумела было і яму — чаму столькі клопату з-за нейкай дзеўкі, таму што суддзя задумаўся і, памаўчаўшы, пачаў разважаць:
— З-за прыгожых вочак — наўрад… Ейнае ведзьміна майстэрства скарыстаць — дык ягамосць пан Геранім ведзьмаў блізка да сябе не падпускае. Ведама мне толькі, што пан Марцін да бацькі гэтай Саламеі прыязджаў і доўгую гаворку меў. А як Рэніч памёр, то да самой панны ліст прыслаў. Значыць, нешта такое бацька ёй у спадчыну пакінуў. І, відаць, важнае — бо чамусьці Трыбунал[8]
вырашыў умяшацца.— Гэта вы пра князя Аляксандра Сапегу? — здагадаўся Пранцысь. Юдыцкі скрывіўся, быццам раскусіў гнілы арэх.
— Так, пра ваяводу полацкага. Сапегі здабылі ад Трыбуналу грамату з патрабаваннем аддаць Рэніч пад іх апеку, — суддзя чмыхнуў вострым носам, як быццам учуў пах пажару. — Нібыта князь Геранім не мае права ў вотчынным судзе судзіць полацкую мяшчанку… Аляксандр Сапега ў Слуцак заявіўся, трыста жаўнераў прывёў… Быццам дзеля перагавораў. Занялі дом ля Віленскай брамы, жаруць, п’юць, мешчукоў задзіраюць. Жаўнеры пана Гераніма напагатове — чым перагаворы гаспадароў скончацца, невядома. Гэх… Ёсць такая дзева-птушка — Сірын, што зачароўвае людзей спевамі сваймі… І няхай птушка яна што ні на ёсць райская, а сны навявае зямныя ды грэшныя, і душа ў яе пакутлівая. Карацей, не схацела дзеўка мужчынскае рукі над сабою — спазнае руку следства.
— Але калі пан суддзя ведае, што панна Саламея невінаватая… — падаў голас Пранцысь. Юдыцкі зарагатаў так, што стукнуўся патыліцай у сцяну карэты, аж з парыка ягонага паднялося дымнае воблачка.
— Невінаватая? Дзева-птушка, хімера, мужабаба! Я ж табе, хлопча, толькі што сказаў, што такія, як яна — самая шкоднасць для дзяржавы! А што, калі на яе гледзячы, другія белагаловыя волі захочуць? Не, у пятлю дурную блудніцу — і ўсё!
— Мярзотнік! У Саламеі ў адным мезенцы розуму больш, чым хаваецца пад тваім вашывым парыком! — Лёднік кінуўся на краты, ажно з іх пасыпалася іржа, але так атрымаў похвамі судзейскай шаблі ў лоб, што, заліўшыся крывёй, абсунуўся назад на лаву. Пранцысь зараз жа наваліўся на свайго наравістага слугу, каб спыніць ягоныя далейшыя шалёныя ўчынкі. Але язык лекара ён падрэзаць не мог, і той пастараўся адказаць на ўдар:
— У вас, пан Юдыцкі, пячонка хворая, жоўць у крыві разлітая, а яшчэ мужчынскай сілы гады са два як няма. Вы кабету сапраўды толькі адхвастаць можаце!
Ой-ёй… Залілі агонь алеем. Пранцысь нават не наважыўся прамовіць: «Ды не слухайце вы гэтага дурня…».
— Адкажаш за ўсё, лайно! — сычэў Юдыцкі, аж трасучыся ад злосці, як кола на брукаванцы. — Падзякуй, што лязом не ткнуў — трэба цябе цэленькім здаць, каб каты больш задавальнення атрымалі. І ты, смаркач, расплоцішся… Мы яшчэ праверым, які ты шляхціц! Гэй! — суддзя пастукаў у вакно карэты, яна прыпынілася, і пан вылез, не жадаючы падзяляць адну прастору з дзёрзкімі зняволенымі.
Пранцысь асыпаў Лёдніка справядлівай лаянкай, але той больш не спрабаваў выломваць краты… Застыў, закрыўшы твар рукамі — зноў злавіў сусветную нуду.
— Моцна ж ты дапамог і нам, і той паненцы! — крыкнуў наастачу Пранціш, праклінаючы імгненне, калі знайшоў у сваёй кішэні апошні шэлег.
— Гэта я яе загубіў, — глуха прагаварыў Лёднік, адвярнуўшы твар з разбітым ілбом ад гаспадара.
— Ну, што панна Саламея — дачка таго друкара, у якога ты рос, я і сам здагадаўся, — сярдзіта прамовіў Пранцысь. — Відаць, амуры з дзеўкай круціў!
— Не мяркуй па сабе… — раздражнёна буркатнуў Лёднік, крыху робячыся падобным да сябе звычнага. — Яна ж малая была… Мне — дзесяць, ёй — пяць… Яе бацька дабрадзеем маім быў, настаўнікам. Як я мог на яго дачку пажадлівым вокам глядзець?
Уздыхнуў… Потым загаварыў, нібыта язык ад марознага жалеза адрываючы.