Лейба выцер слёзы і адступіў да весніцаў. Полацак лена прачынаўся, дзівячыся цішыні раніцы, якую ніхто не паспеў зганьбіць крыкамі, стрэламі і лаянкай. Малады фурман, які чакаў ля новенькай брычкі сваіх гаспадароў, у чарговы раз абыйшоў экіпаж, паправіў наладаваныя куфры, шматзначна зірнуў на неба: развіднела зусім, ці не час у дарогу?
— Ну што, рушым? — Пранціш, які ўжо сядзеў конна, нецярпліва азіраўся, ледзь стрымліваючы свайго — уласнага! — каня, белаплямістага дрыгканта, што так і рваўся паляцець у далёкія далі, дзе чакаюць новыя авантуры і подзьвігі.
І яны рушылі па дарозе з Полацку на Вільню.