— Вы проста не разумееце, у якім жаху мы тут жывем. Паглядзіце на слупы з мерцвякамі… Гісторыя з Лаўрэнсіяй — гэта дробязь, князь усяго толькі хацеў пакараць яе мужа, які не выканаў ягоныя распараджэнні па спектаклю. Гэты вар’ят проста не ў стане ўявіць, што чужое жыццё чагосьці вартае… Думаеце, каб мы маглі з’ехаць, тут заставаліся б? — Джавані горка засмяяўся. — О, мадона, колькі разоў мы думалі збегчы! І не толькі мы. Некалькі год таму два курляндскія афіцэры самавольна пакінулі службу ў князя. Дык той не паленаваўся войска падняць. Небарак схапілі, інсцэнавалі смяротнае пакаранне, у апошнюю хвілю памілавалі, і больш пра іх ніхто не чуў… Да ўчарашняга дня. Знаёмы мушкецёр расказаў, што начальнік турмы атрымаў прашэнне: тыя два афіцэры прасілі замяніць ім вопратку і абутак, бо старое ўсё пагніло. Уяўляеце, дзе яны сядзяць, калі нават абутак гніе? — Джавані сплюнуў уніз. — Не хачу сказаць, што я такі смелы, што не баюся патрапіць у такія сутарэнні… Але адзіная надзея для нас — знайсці іншага апекуна. Сапегі абяцалі брату, што абароняць, дадуць працу, узнагародзяць. А калі давядзецца загінуць… Я — мужчына і неапалітанец. Галоўнае, каб хутка.
Лёднік моўчкі кіўнуў галавой і агледзеўся вакол. Слуцкі замак быў падзелены на дзве часткі: Верхні замак і Ніжні, з’яднаныя мастом. Ад Верхняга засталася адна толькі вежа, ператвораная ў турму. Яна злавесна ўзвышалася над горадам, як увасобленая постаць смерці, альбо хутчэй яе адзіны гнілы, але ўсё яшчэ моцны зуб… Абарончыя пабудовы былі, як пры прадзедах, з зямлі і дрэва. За земляным валам у восем метраў вышынёй злучаліся рэкі Случ і Бычок, стаяла лазня. Галоўны выхад з замку быў праз чатырохярусную браму з гадзіннікам і звонам. На яе вежы красаваўся флюгер з двума арламі — чорным і чырвоным. Па абодва бакі ад брамы месціліся памяшканні для варты. Яшчэ адна брама была паўночней, між двума палацамі Ніжняга замку, ля лазні. Вакол самога Слуцку таксама былі валы і равы, праз якія вялі пяць брам. Пры гэтым Радзівіле горад ператварыўся ў моцную крэпасць. Жаўнераў гарнізону муштравалі ў цытадэлі, якая знаходзілася за межамі замка, і ключ ад якой начальнік гарнізону Карлінг прыносіў асабіста князю кожны вечар. Пранцысь шчыра не разумеў, як можна спадзявацца адсюль уцячы, калі нават просты слуцкі мяшчук, пакуль дойдзе да свайго дому, некалькі разоў адкажа варце, хто такі, дзе быў і куды ідзе.
Джавані ціха заспяваў арыю пра Царыцу Ночы… Сапраўды, імкліва цямнела, паказалася першая зорка, падобная на здзіўленае вока: што робяць трое дзівакоў на даху?
— Ну, усё… Трэба пачынаць, а то хтосьці з назіральнікаў дакладзе князю, што мы тут проста вочы лупілі, як праўдзівыя шпегі.
Алхімік у святле ліхтара з дрогкім сэрцам свечкі расставіў на пацямнелай ад часу гонце сасуды з рознымі вадкасцямі, прыклаўся да трубы, якую скіраваў у нейкую вядомую толькі яму кропку, змрочна прабурчэў:
— Галоўнае, каб усе звыклі, што нямецкі доктар, апантаны сваёй навукай, кожную ноч падымаецца на дах, каб з дапамогай сілы зорак і эманацый эфіру рыхтаваць незвычайна моцныя лекі.
— Не хвалюйцеся. Заўтра ўвесь замак будзе ведаць з маіх слоў, якія складаныя і страшныя рытуалы вы тут праводзіце, — пасміхнуўся Джавані. — Людзі вочы падымаць на дах у гэты час збаяцца!
— Толькі ні пра якую чорную магію не гавары! — трывожна папярэдзіў Пранцысь. — Не хапала яшчэ, каб князь запісаў нас у ведзьмакі.
І пачаў акуратна даставаць са дна доктарава сакваяжа невялікае прыстасаванне з колцамі… Блок, праз які ў першую ж слотную ноч пройдзе выратавальны сталёвы шнур.
Калі верыць прагнозам Лёдніка, такая ноч надарыцца ў наступную пятніцу.
Дні цягнуліся, як смаўжы па магільнай пліце, пакідаючы агідны след на душы. Лёднік вяртаўся з лекарскіх візітаў да Сільфіды з такой фізіяноміяй, што хацелася чыста ад шкадобы яго прыстрэліць. А ён жа ўмеў хаваць пачуцці… Пранцысь толькі раз насмеліўся папытацца, як там панна Рэніч. Лёднік кінуў:
— Кепска.
І зноў паглыбіўся ў нейкія вылічэнні ды крэмзанні.
Калі князь Геранім пакідаў у спакоі свайго новага доктара, гера Лотмана часам клікалі да сур’ёзна хворых. Тады ён змяняўся — зусім забываўся на свае клопаты і думаў толькі, як найлепш скласці патрушчаную галёнку альбо ачысціць пратокі жоўцевага пухіра… Нагадваў ён у такія моманты гетмана на полі бітвы, ягоныя каманды выконваліся бегма, нават Пранцысь не насмеліўся б аслухацца свайго слугу… А калі ўдавалася выратаваць чыёсьці жыццё, Лёднік ззяў, паблажліва пазіраючы на не такі ўжо паганы свет. А пасля пахмурнеў і браўся чытаць пакаяльныя малітвы: бо ўспамінаў, колькі змарнаваў часу, які мог прысвяціць выратаванню бліжніх. Дзівак!