Першы іхні год у Лангедоку Пранціш успамінаў, як пільнавальнікі сармацкіх нораваў на Літве — пракаветнае залатое стагоддзе. Маўляў, тады ўсе дзеўкі былі прыгожымі ды цнатлівымі, і на адным сцябле расло па пяць каласоў. Калі прыехалі ў Францыю, Лёднік у шпіталі Жана Жылібера ледзь не начаваў, лекцыі ў медычнай школе слухаў, тады і сам пачаў іх чытаць. А ў батанічным садзе ў квартале Брота, які Жылібер за свой кошт заснаваў, на пару з апантаным батанікам кожную травінку абнюхаў...
Пакуль не з’явіліся «прагрэсіўныя дактары», і, даведаўшыся пра заезджае, хаця й барбарскае, свяціла, не далучылі яго да сваіх таямніцаў, раз ужо не ўдалося завабіць да сябе Жылібера.
А ў апошняга тут жа пачаліся непрыемнасці, нібыта хтосьці крыкнуў «ату». Некаторыя даследаванні давялося згарнуць. У батанічны сад прызначылі адміністратараў настолькі недасведчаных, што як знарок пачалі губіць каштоўныя раслінныя зборы.
Парывісты і патрабавальны — возьмуцца з Лёднікам спрачацца, ледзь шыбы не лопаюцца, але сумленны Жан Жылібер, з грубаватым абліччам і высокім ілбом, Пранцішу падабаўся. Ненашмат старэйшы за Пранціша, нарадзіўся ў вёсцы, не з багацеяў — а столькі паспеў дасягнуць! Выкладаў батаніку, анатомію, хірургію, збіраў народныя песенькі, вырошчваў рэдкія расліны... Праўда, Пранціш аніяк не мог падзяліць рэспубліканскіх перакананняў Жылібера. Той сябраваў з Вальтэрам, Русо і Дзідро, у салоны блюзнерскія матаўся і любіў вярзці пра роўнасць саслоўяў і разбэшчанасць «прывілеяваных класаў», патрапляючы ў лад Лёдніку, гэткаму ж прадсталюдцу. А ў гэтым inter dominum et servum nulla amicitia est. Абодва прафесары, дарэчы, плату з хворых бралі толькі пасля ацалення, а беднякоў прымалі бясплатна. Чым выклікалі шчырае абурэнне калегаў.
І пані Саламеі батанік прыйшоўся да душы. Пан Жылібер быў у іх разам са сваім студэнтам Давыдам Ляйбовічам, пляменнікам полацкага аптэкара Лейбы, якога Лёднік прыхапіў з сабою з Беларусі. Аптэкар у свой час дапамог малому сыну гарбара выйсці ў людзі, і Бутрым на гэта не забыўся.
Тады за сталом Чорнага Доктара паспрачаліся добра... Але пра патрэбнае. Напрыклад, Жылібер быў супраць залішняга ўмяшальніцтва ў прыроду. Лічыў — замест пігулак ды ўсялякай хіміі лепей дыета ды зёлкі, не падабалася яму і ўжыванне опіуму. А вось Лёднік, былы алхімік, вельмі дык любіў з атрутнымі рэчывамі паэксперыментаваць.
Спрачаліся і як адукоўваць шматлікіх самадзейных павітух.
Пытанне было вельмі вострым. Кабеты, што дапамагалі парадзіхам, часцяком абвінавачваліся ў вядзьмарстве. Ды й самі спрыялі таму, ужываючы дзікунскія метады, самы бясшкодны — выманьваць немаўля, якое доўга не можа нарадзіцца, цукрам. У Вялікім Княстве Літоўскім дасюль памяталі страшную гісторыю, што здарылася з Раінай Грамычынай, пападдзёй, якую паклікалі палячыць сына Яна Сапегі. Хлопчык памёр, не паспела лекарка ў дом зайсці. Вядома, у няшчасці абвінавацілі Грамычыну. А следства засяродзілася на тым, як падчас дапамогі парадзіхам кабета чаравала. Паўтара года кабету катавалі. Дарэмна абаронца прамаўляў: «Што дзяцей малых абкурваць умее, хіба гэта чараўніцтва? Абкурваць жанчын падчас родаў бабровым струменем, пер’ямі жывых курапатак, перастрэлам, мірай ды іншымі зёлкамі свянцонымі, рог адзінарога піць даюць, а таксама арліны камень — хіба гэта чараўніцтва?»
Ад часоў спаленай на вогнішчы Грамычынай метады павітух не надта змяніліся. У век Асветніцтва абкурваць парадзіх пер’ем курапатак? Зладзіць курсы акушэрства пры будучай медычнай школе ў Гародні было неабходна. Пані Саламея, сама добрая лекарка і акушэрка, згаджалася дапамагчы. Давыд па сканчэнні курса фармацэўтыкі меўся працаваць у аптэцы пры будучай медычнай школе.
Шмат высокіх слоў прамаўлялі і кіраўнікі Таварыства прагрэсіўнай медыцыны.
— Колькі ёсць людзей — забойцаў, гвалтаўнікоў, якіх падвяргаюць смяротнаму пакаранню, хаця вінаватая ў іх злачынствах хвароба — паталогіі ў мазгу, — тлумачыў вучоны барон. — Магчыма, пухліны памерам з макавінку, таўшчынёй з валасіну! Гэта, умеючы, можна лёгка выправіць, і in summa чалавек стане бяспечным і нават карысным для грамадства! Вось вам прыклад...
Дэ Вард азірнуўся і крыкнуў у бок дзвярэй:
— Гарганцюа, хадзі сюды, сябар мой!
Лёкай за крэслам барона, здавалася, хацеў прыгнуцца.
У пакой, крочачы, як мог бы крочыць пражскі Галем, увайшоў слуга дэ Варда ў чорнай аксамітнай куртцы з нашытымі на яе залатымі змеямі з галовамі пеўняў — эмблемай Таварыства прагрэсіўнай медыцыны. Пранціш у чарговы раз адвёў вочы: яму заўсёды было вусцішна глядзець на гэтага вялізнага барадатага дзецюка з павязкай на лбе — не дарэмна яму далі мянушку «Гарганцюа». Нібыта шкляныя цёмныя вочы, рысы твару калісьці, напэўна, нават прыгожыя, уладныя, але зараз нерухомыя, азызлыя.
— Ці задаволены ты сваім жыццём, сябар мой? — мякка спытаў дэ Вард слугу. Той прамарудзіў з адказам трохі больш, чым належала здароваму чалавеку, але адказаў роўна і хрыплавата, гледзячы ў адну кропку, якая знаходзілася дзесьці над левым плечуком дэ Варда, якраз там, дзе гіпатэтычна мусіў сядзець апанент анёла-ахоўніка: