Вырвіч глядзеў услед вершніку, хударляваму, але дужаму ды жылістаму, небяспечнаму, як загартаваная шабля, усё яшчэ чарнавалосаму, толькі з нітамі сівізны, і не мог даць веры, што калі яны першы раз сустрэліся, Лёднік меў гадоў амаль столькі ж, колькі Пранцішу зараз... А было гэта на скрыжаванні за Менскам, па дарозе на Валожын, калі бегламу шкаляру праезджы пан прадаў за шэлег свайго непакорлівага раба-зоркаведа, выкінуўшы таго з карэты проста ў гразь... Тады выпадкова набыты полацкі алхімік, які страціў волю, бо нарабіў даўгоў, здабываючы філасофскі камень, здаваўся Пранцішу зусім сталым, можна сказаць, старым... Вырвіч слугу паблажліва шкадаваў: жыццё спляжыў. А колькі пасля шчэ адмерылася таго жыцця абодвум, ды з такімі выкрутасамі Фартуны — то цябе да прыступак трону падкіне, то ў сутарэнне вязніцы шпурне...
...Подзвігі, здрады, каханні і страты... Меле каменне млынар каля хаты... Стогнуць магутныя жорны, як душы. Пылам каменным твой шлях зацярушаць. Вочы сляпыя млынар не падыме... Пылам — імёны, і справы за імі, пылам — твой гонар, і слава, і цноты... Дзеці твой чэрап качаюць за плотам...
Так, ён усё яшчэ пісаў вершы, пан Вырвіч, былы шкаляр, студыёзус, драгун, канфедэрат, суддзя, ліцвін, беларус.
І мусіў выпраўляцца ў Менск, бо шляхціц не павінен пагарджаць сваім доўгам перад Айчынай. І калі можна дадаць у гэты жорсткі свет хоць каліўца справядлівасці, трэба гэта зрабіць.
У Менску чамусьці ля кожнага старога пажарышча, абгарэлага, сляпога дома трэслі залатым лісцем маладыя бярозкі, як цыганачкі маністамі. Гэта й урэзалася ў памяць: аблічча горада — вугаль і золата.
Пана Вырвіча завялі ў судовую залу ледзь не пад рукі: а радасць якая, быццам каранаваць збіраліся. Пане-дабрадзею, сонейка наша яснае пан суддзя... Хутка з’ясавалася прычына паспешлівасці і некаторай таямнічасці. У Менск нечакана заявіўся сам вялікі канюшы і падскарбій літоўскі пан Міхал Брастоўскі. Вось ён, у зале судовай. Першую лаўку заняў, наперад падаўся, на шаблю-карабэлу абапершыся, гатовы ўвобмірг сарвацца з месца ды судовых на капусту пасячы. Твар гожы. Але нервовы і трохі азызлы, бледны, як цеста. Вочы, абкружаныя ценямі ці ад гаравання, ці ад балявання, змрочна блішчаць з-пад сабалінай шапкі з дыямантавым гузам велічынёй ледзь не з кулак... Людзі магнацкія паўсюль, гайдукі, венгрыкі. Злосна шчэрацца. І таксама зброю не пакінулі за дзвярыма судовай залы, як належала, і рукі ад дзяржальнаў не адліпаюць...
Пранціш адчуў, як шыла пад рабром: змова! Патрапіў абцас у смалу... І світа з трох гайдукоў капаніцкіх не выратуе. Ніводнага добрага знаёмца, а хто ёсць са знаёмых, альбо вочы хаваюць, альбо глядзяць нахабна, чакаючы, калі з суддзі звараць булён.
Пачалося агучванне справы. І Вырвіч вушам не верыў. Малодшую дачку канюшага, паненку Праксэду Брастоўскую, знайшлі забітай на Плябанскіх Млынах у Менску. Ахвяра была страшэнна здратаваная і кінутая ў Свіслач.
Вырвіч пачаў прыпамінаць усё, што ведаў пра падскарбія літоўскага: здаецца, жанаты з Багінскай, ваевадзянкай Трокскай, і дачка ёсць, Барбара... Адкуль узялася яшчэ адна дачка?
Далей яшчэ дзіўней.
Аказваецца, паненка з дому ўцякла два гады таму, і сляды зацярушыліся. Паколькі вызначалася дзяўчына сціпласцю і пабожнасцю (на гэтым дакладчык асабліва настойваў, лісліва паглядаючы на насупленага пана), падазравалі чарадзейства альбо прымус.
І не памыліліся.
Падскарбічанку падманам звезлі і зрабілі прыслугай. Ганьба якая! Змусілі даглядаць хворых у шпіталі, шалупонь усялякую, ды рыхтаваць лекі, да такога рамяства іначай як пад ачмурэннем высакародная паненка не сышла б... А калі дзяўчына паспрабавала ўцячы, чарнакніжнік, на якога няшчасная працавала, яе дагнаў і акрутна забіў.
А вось і злачынец...
Цяжкія дубовыя дзверы расчыніліся з несамавітым грукатам. Пранцішу здалося, што ён патрапіў ці ў начны блёкат, ці ў кепскі тэатр. Да месца падсуднага валаклі Лёдніка.
Калі б Вырвіч не ведаў таго так добра, дык убачыў бы змрочнага фанабэрыстага тыпуса, з якога нат штуршкі вартавых не могуць гонар збіць. Але Пранціш ясна заўважаў, што доктар разгублены.
Страшэнна, як ніколі, разгублены, хоць і захоўвае ганарыстую міну.
Здаецца, Бутрыма пакуль не збівалі. Толькі на бялюткім манжэце, што выглядаў з-пад рукава чорнага сурдута, нейкі цёмны пісяг.
Застаецца спадзявацца, што не кроў.
Кепска, што Бутрым у нямецкім строі. Цяпер гэта расцэняць як пагарду да шляхецкіх звычаяў. Сёння нат тыя, хто нядаўна заказваў з Парыжа пудраныя парыкі, паўздзявалі бацькавы кунтушы ды жупаны. І чым больш паношаны жупан, тым зараз ганаровей: памяць продкаў беражэцца! Патрыёты праз дзедавы боты...
Праўда, Брастоўскі — прыхільнік Фаміліі, барскіх канфедэратаў знішчаў з усёй жорсткасцю... Юнацтва правёў у каралеўскім нямецкім палку, і сармацкія традыцыі парушаў лёгка, бо, відаць, уважаў за дзікунства. Тое, што ён сёння ў сармацкім строі, таксама дэманстрацыя: нобіль прыехаў спаганяць з бязроднага крыўдзіцеля!
Лёднік сустрэўся поглядам з суддзёй і нават не вельмі здзівіўся, што судзіць яго пакліканы былы вучань. Толькі губу прыкусіў.
Лучших из лучших призывает Ладожский РљРЅСЏР·ь в свою дружину. Р
Владимира Алексеевна Кириллова , Дмитрий Сергеевич Ермаков , Игорь Михайлович Распопов , Ольга Григорьева , Эстрильда Михайловна Горелова , Юрий Павлович Плашевский
Фантастика / Проза / Историческая проза / Славянское фэнтези / Социально-психологическая фантастика / Фэнтези / Геология и география