— Слухай, Антось, я цяперака ўжо сёе-тое думаў. Самааховы тутака нам нiяк ня ўдасца сарганiзаваць, сам знаiш. Нiма сваiх афiцэраў. А от цяперака палiцыю пераняць у свае рукi можна. Iх многа выбiлi. Кумекаiш?
— Ты, мусiць, тое думаеш, што i я думаю.
— Ага.
— А як Левандоўскi? Уцалеў?
— Нiякi чорт яго нi ўзяў.
— А калi яны будуць людзей набiраць?
— Ды хоць i зараз. Начальнiк быў сягоньнiка ранiцай у мяне й казаў, значыцца пытаўся, цi магу каго пасулiць яму…
— От як, — дзiвiўся Антось.
— Падумай, ды не марудзь. Найболi пару дней. Я яму параю сваiх людзей. Хачу, каб i ты там быў.
— Буду. Але яшчо зь Нiнай пагавару.
Аграном сьпяшыўся. Антосль i Янук хутка разьвiталiся зь iм. Назад iшлi ўжо вулiцай i дакладней прыглядалiся сьлядом учарашняга бою.
На трэцi дзень вярнуўся дамоў Мiкола. Без каня. У хату прынёс вялiкую радасьць. Змораны, галодны, ён сьпярша пад'еў, а тады цэлы вечар апавядаў пра свае прыгоды, як «цыганскае войска» злучылася з бальшавiкамi, ды як падчас наступленьня апынуўся ён у хвасьце «баявой» армii. Як Немцы пачалi нацiскаць, а «цыгане» й «тая брыда» завярнулi ў лес, удалося яму зноў застацца ў хвасьце. Каня застрэлiлi. За дзень прыкульгаў дадому. Захарук вярнуўся дадому назаўтра, таксама без каня. Апавядаў, што зацягнулi яго далей у пушчу, але, ведаючы, што з возам уцячы ня ўдасца, пакiнуў каня й сам абхiтрыў «начныя ўлады».
Якi тыдзень цi два пасьля баёў у Докшыцах i Гацях, у Глыбокае наехалi спэцыяльна вышкаленыя для забiваньня безбаронных людзей латыскiя адзьдзелы. На працягу двух дзён яны лiквiдавалi ўсё насельнiцтва жыдоўскага «гетто». Жыды спрабавалi адбiвацца зброяй i тады латышы пачалi iх выпальваць. Гэткiм чынам выгарэў вялiкi кут гораду побач Вiленскай вулiцы на захад ад галўнага рынку. Жыдоўскае пытаньне ў Глыбокiм было «канчаткова разьвязана».
30
Песьня прылятала дзесьцi зь левага боку, з трэцяй цi чацьвертай камэры. У маладым мужчынскiм тэнары — зьнямога й разам сквапнасьць нязьведанага, бадзёрасьць i сумлевы. I песьнi гэнай, i тэнару таму цесна ў менскай вязьнiцы таксама, як цесна там i Януку. Усё ягонае цяперашняе навакольле чатыры, некалi зялёныя, а цяпер шэрыя, запэцканыя сьцены камэры й круглы «ваўчок» у дзьвярох. А з другога боку. пад самай стольлю, пядзя неба праз краты.
Зьняможаны, — так хацелася пiць! — сядзеў у камэры сам, на чужых нарах журыўся. Усе пайшлi на працу, пад канвоем, дзесьцi ў нейкiх менскiх развалiнах падбiраюць хлам. А ён, Янук, яшчэ да суду павiнен у камэры сядзець. Пасьля мо й яго на працу пусьцяць.
Дзесьцi на змроку, з бойкiм голасам, у лiку iншых, прыйдзе з працы пензенскi злодзей Мiшкiн, ён-жа камэры гаспадар. Яго ўлада. Спрабуй, не паслухай. Ля яго ацiраецца мянчанiн, пабiты воспай твар, чырвоны п'янiцы нос, Кабылкiн. Ён вечна ў той чырвоны нос нешта гугнявiць. I яшчэ прыйдзе некалькi людзей, а можа навет i хто з «новабранцаў» зьявiцца. На нарах даволi месца для чатырох, а рэшта на халоднай цэмантовай падлозе сьпiць. Найнавейшыя пачынаюць ад парогу, ад гадкай сьмярдзючай парашы, каторую ачышчаюць раз на дзень.
Праўда, нiхто не пачынае ад парашы два разы, а Янукова пачынаньне даўно мiнула. Першую ноч прачнуўся, як у камэры, перапоўненай да адказу, нехта ня трапiў у мэты й яго абмачыў. Цемра. Юнак вылаяўся, стукнуў чалавека ў балючае. У вадказ — праклёны Мiшкiна, адтуль, зь верхнiх нараў, дзе ён побач сваiх падачак спачываў. Трохпавярховы мат i пагроза: — Не перастанеш, сукiн сын, так я тебе сейчас носом!
Голас Паляка крыху ацiх. Цiкава, што за чалавек. Пэўне-ж за нейкую палiтыку, а можа за спэкуляцыю сядзiць. Скарэй за апошняе. Iх, гэтых спэкулянтаў-анткаў на шляху Вiльня-Менск маса. Зь iмi й Бахмач сюды трапiў. Мусiць i яго за спэкулянта палiчылi, хоць яны й ня пыталiся.
У канцы лiстапада Лявон i Янук, падарозе зь Вiльнi дамоў, каб прывезьцi харчоў, наважылi ў Менск заехацца. Нельга сказаць, каб Менск падарозе ляжаў, але юнаком, зь iх прыгоднiцкай натурай, як-жа яго абмiнуць. Да гэнага часу Загорны нiколi ў сталiцы ня быў i, наслухаўшыся пра яе ад Бахмача, загарэўся ахвотай.
Цягнiком ехалi «на зайца». У Вiльнi проста амаль немагчыма было дастаць дазвол на праезд чыгункай ад мясцовага нямецкага камiсара. Злажы заяву, пачакай два цi тры месяцы й пасьля таго яшчэ на двое бабка варажыла. Спэкулянты падкуплiвалi ўраднiкаў за грошы й прадукты, а бедныя студэнты мусiлi галадаць. Ехаць «зайцамi» небясьпечна. Нямецкiя кандуктары, часта пры помачы жандармаў, праводзiлi дакладную кантролю пасажыраў з таварных вагонаў, бо ўсе асабовыя вагоны займала войска.