Маладосьць i рызыка, — мiж iмi трэба было-б знак роўнасьцi паставiць. Паколькi ў нашых гэрояў хапала аднае i было ўволю другога, у канцы лiстапада, далёка ўбок ад свае радзiмы, яны ў Менск заехалiся. Прыехалi ранiцай, найперш зайшлiся да Нiны Рашкевiчыхi на Камароўцы, заглянулi ў рэдакцыю беларускiх газэтаў, дзе Янук атрымаў сьцiплы ганарар за свае вершы й карэспандэнцыю зь Вiльнi. Пасьля аблазiлi й авгледзiлi цэнтар гораду, зазiрнулi на Чэрвеньскi рынак, зайшлiся ў рэстаран, дзе наелiся смачнай капусты й бульбяных аладак з лоем.
Як на дзiва, вечар быў цёплы й цiхi, шамацела яшчэ пад нагамi лiсьце ля калiшняга ўнiвэрсытэцкага гарадка й не спраўляў хаўтураў мiж руiнаў вецер. Хлопцы былi ў добрым настроi, жартавалi воддаль ад вакзалу ля «таварняка» iз спэкулянтаў, якiя, абладаваўшыся рознымi валiзамi, мяхамi й iншымi кошыкамi, ужо сплывалiся сюды на падарожжа ў Вiльню. Да адходу цягнiка заставалася даволi часу. Руiны гораду расплывалiся ў змроку, нiхто сьвятла не палiў, адно гучным жыцьцём кiшэла войска ля сваiх «нур фюр дойчэ» кухняў i цягнiкоў. Анткi, збыськi й iншыя малгосi, быццам куры на курасадню, усаджвалiся ў таварныя вагоны, дзялiлiся апошнiмi навiнамi пераклiкалiся розныя знаёмыя. Сярод iх юнакi чулiся быццам дома. Як-нiяк, гэта была гамонка («гвара») так добра iм ведамага вiленскага рынку.
Янук, як пасьля шмат каму расказваў, улез аж дзесьцi ў сярэдзiну вагону й толька пачаў разглядацца, дзе падзеўся сябра, як сталася нешта нязвычайнае. Пачулiся крыкi i з двух бакоў вагонаў зьявiлiся зялёныя мундзiры. Янук намагаўся клiкнуць сябру, але той ужо недзе зьнiк. Неўзабаве вайскоўцы сiлай пачалi выкiдаць людзей з вагонаў i зусiм iхным багажом, ставiлi iх ў калёну, абкружылi канвоем i загадалi йсьцi. Янука быццам маланка сьцебанула. Арыштавалi!
Побач чыкiльгалi анткi й малгосi, праклiнаючы пад нос, валачылi цяжкi багаж, якога заўтра ранiцай чакалi на вiленскiм рынку людзi. Адно Янук трымаў рукi ў кiшэнях i прыглядаўся мурлатым людзям у зялёным. Усе яны шырокаплечыя, як-бы хто на адну мерку iх выбраў. На рукавох Бахмач спасьцярог чырвона-бела-чырвоныя шчыткi. «Латышы, каб вы пагарэлi. Поскудзь. Пэўне-ж зь мясцовага СД». Маладому юнаку давялося ўжо бачыць розных акупантаў i паразiтаў, а такiх вось сустрэў упяршыню. Што гэта за народ? Калi ён быў, адкуль узяўся? Казалi людзi ў Лiтоўцах, што гэта яны вымардавалi ўсiх Жыдоў у глыбоцкiм «гетто». I прыгадалася iншае. Зь iншага часу й тэрыторыi: латыскiя стралкi на стражы кастрычнiцкай рэвалюцыi. Калi зьняможаныя вязьнi з турмы народаў ськiнулi ярмо, пачалi на ногi станавiцца, свае нацыянальныя дэмакратычныя дзяржавы будаваць, бацькi во гэтых мурлачоў узялi зброю, каб стануць на старожы ленiнскае брыды-пачвары, што тады ледзь пры жыцьцi ў пялёнках лiпела. Гэтыя нелюдзi памаглi пачвары ўздужэць, клыкi выгадаваць, каб пасьля мiлiёны нявiнных спажываць магла.
Янук ня скончыў яшчэ сваiх разважаньняў на латыскую тэму, а ў галаве стаяў Лявон. Дзе-ж ён падзеўся? Можа дзе йдзе з боку, прыглядаецца куды вядуць iх. Калёна, чалавек больш сотнi, затрымалася перад высокiм зялёным плотам, адчынiлася недзе сьпераду брама й людзi ўвайшлi ў абшырны двор, якi з трох бакоў замыкаў грозны ў цемры, двухпавярховы будынак. Краты ў вокнах. Вязьнiца!
Час першай сустрэчы зь вязьнiцай заўсёды пасьля згадваўся Януку з дрыготкай жаху. Холадам праймала. Да гэнага часу пра вязьнiцы чыталася нешта ў лiтаратуры, iх бачылася ў кiно, пра iх чулася ў апавяданьнях старых людзей, пра iх сьпявалася ў тужлiвых, на тэму «дайце мне волю й сонца» песьнях. Ведалася, што людзi пры ўладзе трымалi за кратамi тых працiўнiкаў, якiя iхнай уладзе не хацелi падпарадкоўвацца з палiтычных цi грамадзкiх мяркаваньняў. I яшчэ здавалася, што за кратамi сядзелi людзi дрэнныя, пэўне-ж вiнаватыя, што кары нейкае заслужылi. Янук нiколi ня мог уявiць, што гэтая страшная будынiна стане ўпоперак ягонай, Бахмачовай, дарогi, што паглыне ў сваё цёмнае й сьмярдзючае нутро яго, наiўнага й нявiннага юнака.