I Дуню ня трэба было доўга спанукаць. Сама ведала, што з маткай, сёстрамi ды дзяцьмi ўдома ёй ня месца. А пры школе жыць ня было дзе. Дык гэтта Нiна, — няхай Бог ёй здароўя прыспорыць, — як на выручку выбегла. Ужылiся скора. Дуня абяцала Нiне за харчы плацiць, але тая замахала рукамi.
— Знаеш, даражэнькая, жывi во й нi бядуй. Есьцi ў нас уволю, дзякуй Богу, назапасiлi й гароднiны й садовiны, дый мяса не зьвялося, а ад каровы малака хапаiць. Дык во жывi, а там неяк палiчымся. Што там гаварыць пра тыя твае маркi, што за iх купiш цяперака…
Дуня накш на свой заробак глядзела. Праўда, за яго надта не разгуляешся, але-ж на бяду магло хапiць. Ясна, Дуня крыху й ганарылася, што вось яна першы раз у жыцьцi магла нейкiм сталым i навет наводля мясцовых мерак салiдным заробкам пахвалiцца. I таму Нiнiна заўвага, што «за тыя твае маркi» нiчога амаль ня купiш, крыху ўквялiла яе.
Спалi на падвойным ложку. А ў той вечар, калi Дуня супакоiлася ў першым салодкiм сьне роўным дыханьнем, Нiна, быццам прадчуваючы нешта, не магла заснуць i прыслухоўвалася як гаманiў нешта ля вокнаў вецер; мяркавала, цi не ўскапышыцца ён, цi не распрастае свае шырокiя крыльлi ды цi не пачне iзь сьнегам у коньнiкаў забаўляцца. I думала, ужо ў паўдрымоце, яшчэ пра Антося, гадаючы цi дзе ноччу на варце стаiць, цi можа зь ягоным удзелам якi выезд на бандытаў плянуецца. Апошнiмi часамi гэтыя пасьмялелi, цi не таму, што свае з усходу блiжэй падбiраюцца. На чыгунцы было ўжо колькi мiнных узрываў, хоць безь вялiкiх стратаў для едучага войска.
I ў гэткай дрымоце, дзе рэальнасьць трацiць свае выразныя рысы, каб замянiцца першым, моцным i надта-ж салодкiм сном, раптоўнае й наглае браханьне Ромкi вярнула яе да поўнае прытомнасьцi. Сабака, залямантаваўшы на ўсю шырыню горла, кiдаўся на прывязi, шалёна зьвiнеў ланцуг. Хто-ж гэта там, такой познай ноччу ганяе?
Сталася нешта надзвычайнае. Пачуўся выразны сьвiст, якраз на той лад, якiм некалi адно Косьцiк Сабакевiч мог свайго гадунца клiкаць. Сабакаў голас перамянiўся. Ромка ўсё яшчэ брахаў, але голасам няпэўным, быццам ня мог пастанавiць, цi той, што сьвiшча, прыяцель цi вораг… Нiна села ў пасьцелi, заклапочаная, затрывожаная. Хто гэта такi той, што мог так высьвiстываць да Ромкi як калiсьцi Косьцiк i якi чорт яго тут познай ноччу ганяе?
Няўцямнасьць i зьбянтэжаньне. А за iмi перапалох. А калi гэта вораг, то як баранiцца? Пакуль Нiна змагла сабрацца з думкамi, з двара пачуўся моцны, прыдушаны сабакаў енк i голас яго пачаў слабець, быццам яго хто раптоўна ножам пад сэрца саджануў. Нiна з усей сiлы зварухнула Дуню:
— Дунiчка, чуеш?
— А што? — адказала, ужо зусiм прачнуўшыся, дзяўчына.
— Ромка… Нехта Ромку забiў. Скарэй хаваемся!
Паўтараць ня трэба было. У Нiнiным устрывожаным голасе ўвесь зьмест. Раней Дзеркачыха навучыла Дуню што рабiць у выпадку небясьпекi. А той цi тыя, што забiлi сабаку, ужо грукалi ў дзьверы ў сянёх. Быццам узгарэўшыся, жанчыны накiнулi на сябе вопратку, надзелi абутак, адсунулi пасьцелю й адкрылi дзьверцы ў нару пад падлогай. Нiна ведала, што дфзьверы ў сянёх ня толькi на моцнай засаўцы, але яшчэ й замку. Калi хто запраўды пачне сiлай у хату ламацца, то павiнен разьбiваць дзьверы. Усё-ж улезьцi ў нару ня было так проста. А галоўнае, улезшы, трэба было пасунуць ложак, каб закрыць у падлозе квадратовае вечка, дзьверы ў тайнае сховiшча.
— Адкрывайце, блядзi фашысцкiя!
Голас з-за дзьвярэй хоць глухi, але загадны. Моцны грукат страсануў хатай. Выглядала, што бiлi ботамi, аж завесы скрыгаталi. Нiна памагла Дунi ўсунуцца ў адтулiну а сама, гарачкава, улезшы за дзяўчынай, намагалася насамперш, — i гэта патрабавала немалой сiлы, падсунуць ложак, каб закрыў тайны ход ды пасьля, ужо больш асьцярожна закрыла дзiрку квадратовай покрыўкай.
Неўзабаве пасьля гэтага пасыпалiся зь нейкага вакна бiтае шкло й трэск рамаў. Вiдаць, што бандыты, сьцямiўшы як цяжка выламаць дзьверы, наважылi ўлезьцi ў хату праз вакно. I цяпер, вiдаць, стаялi пры цёплай пасьцелi ды разважалi пра тое, куды iм спад носу ўцяклi «фашысцкiя блядзi». Зноў пачалi рыпець масьнiцы.
— Давай пашукаем, яны-ж недзiка тут ёсьць.
— Чуеш, Дуня? Гэта-ж голас Павалiцкага Хвёдара, — шапнула Нiна. — А мы-ж i ня ведалi дзе басяк падзеўся. Дык от, знаеш цяперака што за госьцi тамака да нас праз вакно ўлезьлi. Божачка мой, прышлi Антоську сюды, ратуй нас…
— Нiна, цiха ты, ато пачуюць.