Янук падняў стрэльбу. Выдалася яна цяжэйшай, чымся думаў. Нiколi раней ня трымаў у руках зброi. Антось падыйшоў да стала, падцягнуў крэсла, сеў побач Антося ды запытальна пазiраў то на яго, то на Лявона. Дзяцюк дрыжэў у каленях, намагаўся закасаць правае рукаво, што зачырванелася нiжэй пляча.
— От, цяпер, Янучок, братка мой, — адсапнуўся Дзяркач, — вiдзiш каго гэта мы злавiлi. Гэта ня ёсьць нейкi просты сабе, цяглавiты, працавiты, пабожны, добры вясковы дзяцюк. Так, цi не? Гэта ня ёсьць такi, што слухае бацькоў, ходзiць у царкву, верыць у Бога, любiць на нiве сваей за плугам цi бараной папацець, цi касой добра памахаць. Не, гэта ня той рупны, працавiты, паслухмяны бацькаў сын, як у нас многа ёсьцiка. Праўду кажу, цi не?
Трымаючы перад сабой накiраваны проста на Лявона наган, зь вельмi сур'ёзнай мiнай, Антось зiрнуў на Янука, мiргнуў левым вокам. Голас паважны, ледзь-ледзь жартаўлiвы, мо такi, якiм-бы дасьцiпны бацька вучыў сына пагаспадарску жыць.
— Ну чаму-ж нi адказваеш? Праўду кажу, цi не? Ты-ж яго знаеш.
— Праўда, такi ён ёсьць, — згадзiўся Янук.
— Значыцца згода. А цяперака давай паразважаем. Прыпомнi сабе, што ён ужо пры тэй засмарканай Польшчы, гультай гэты, пачаў, як кажуць, у людзi лезьцi. Помнiш?
— Ага, чаму-ж не, — буркнуў Янук.
— Задумаў ён, значыцца, у людзi пайсьцi. З бядой напалавiну прабэкаў-прамэкаў тыя чатыры клясы, а тады што? Белага хлеба яму захацелася, от што. Так, так, Янучок браток, наш чорны хлеб пану Лявону Шпунту прыеўся, трыбух ягоны наравiць пачаў, яму беленькага захацелася. Простая кужэльная кашуля яму плечы муляла, зрэбныя штаны кастрой сьцёгны церлi. Крамнiны яму захацелася. А як-жа! I от гэты мужыцкi вывадака, нашай зямлi вырадак, каб яго зiмля нi насiла, пайшоў паном чужнiком служыць. I тут як тут, — нi пасьпелi добрыя людзi агледзiцца, — iзь сермяжнага мужыка Шпунта саўсiм нi благi драгомiшч зрабiўся. Справiў, значыцца, пан драгомiшч Леон «першожэнднэ буцiкi», штаны галiфэ, сурдут, пане тэго, i ходзiць ды нашых бедных мужыкоў па розных панскiх шарварках, каб ён скрозь зямлю правалiўся, ганяiць. Эгэ, каб ты адно, браток Янучок, тады гэтаму вялiкаму пану прыгледзiўся. Фу, як ён фанабэрыўся, як пры каждай аказii над нашым братам зьдзекваўся.
Антось, здавалася, зусiм не глядзеў на Лявона, быццам той быў гэтта няпрысутны. А Шпунт стаяў i дрыжэў перад iм, трымаўся за правую, акрываўленую руку. Як бацька, iз кпiнкай у голасе, Антось спакойна, рэчова, зраўнаважана да юнака гаманiў. Янук ня ведаў як на ўсё гэта рэагаваць. За сьцяной у лесе сымфонiю птушкi вялi, лiлося праз адчыненыя дзьверы й вакно сонца й нейкай тупасьцю пазiрала шклянае вока ў ласёвай галаве.
Лявонавы ногi зрабiлi крок. Гулкi, прарэзьлiвы стрэла глушыў пакой. Шпунт замёр на месцы i з жахам на Антося пазiраў.
— Табе сказаў, сукiн сын, стаi й ня рыпайся! — пагрозьлiва паясьнiў Антосеў голас дзяцюку, што цяпер усiм целам тросься.
Едкi смурод пораху стаяў у паветры. Дзяркач стрэлiў у падлогу ля Шпунтовае нагi.
— Кажу, ня рыпайся, бо другi раз проста ў нагу дастанеш. Не сьпяшы на той сьвет, пакуль я скончу расказваць якая ты мошка гадкая!
Антось борзда ўстаў з крэсла, умiг апынуўся ля Шпунта i ўзяўшы кашулю за прарэх каўняра, рвануў. Лявон пахiснуўся, але ўтрымаўся на нагах. Усё трымаючы рэвальвэр з прыцэлам у жывот, рвануў яшчэ раз кашулю й сьцягнуў рукаво з правае рукi. Уважна прыгледзiўся.
— Эх ты, гнiда паршывая! Руку я табе прастрэлiў? Драпiнка малая а ты тут прытвараешся! — крыкнуў Антось i левай рукой наводмаш з усяе сiлы ўдарыў дзяцюка па твары. Той моцна пахiснуўся. Вiдаць, Дзяркач стукнуў у нос, бо адтуль пацякла кроў. Ён адскочыў назад i сеў на крэсла.
Янук зьбянтэжыўся. Здавалася яму, што некалi гэты фанабэрысты, нахабны, грубы ў адносiнах зь людзьмi драгомiшч-актывiст кiнецца на Антося. Дарма. Той стаяў, чмыхаў носам, то бялеў, то чырванеў. А ў вачох яго, — гэта выразна вiдаць было, — зьзялi маланкi. Што ён у гэны час думаў?
— Ну значыцца, ты, Янучок, помнiш пэўня якi з гэтага нiкчэмнiка драгомiшч быў. А цi ведаеш ты, якi зь яго дзяцюк нiпаседлiвы быў, як са сваёй загагулiнай за кажнай спаднiцай, што на вока пападзецца, ганяўся? Ён табе гэта ня тое, каб каторую добрую дзеўку ўважыў. О не! Яму нiякай нормы, абы бабе пад спаднiцу залезьцi. Колька гэты басяк добрым дзяўчатам нэрваў i жыцьця напсаваў…
Янук прыгадаў летнi дзень, Лазоўскага каровы й Дуню з разарванай сьпераду блюзкай. Гэта тады атрымаў ад любай дзяўчыны такую ёмкую аплявуху. I за што?
— Ён i Дуню раз хацеў у лесе ўзяць, — паскардзiўся Янук дрыжачым голасам.
— I на Дуню тваю напаў? Ха-ха-ха! Дзiва што! Дуня-ж твая надта пекная дзяўчына. Дзiва што Дуню хацеў! Усю сям'ю Макатунiшыну байструкамi абдзялiў. От гэта дык нягоднiк. Цьфу!
Трымаючы вока на Лявона, Антось паднёс свой наган, уважна яго абгледзiў, а пасьля нацэлiўся ў Лявонаву калматую галаву.
— Антось, пажджы…, - адазваўся дрыжачым голасам Лявон.
— Чаго маю ждаць? — трымаючы прыцэл, спытаў Дзяркач.