Перад вучнямi цяпер стаяў ласкавы, дбайлiвы бацька. Ён усьмiхаўся, быццам па галоўках iх гладзiў.
— Гэта зусiм натуральна. Некалькi хвiлiн таму назад, — настаўнiк выцягнуў зь кiшэнi сярэбраны гадзiньнiк «цыбулiну», адкрыў яго, уважна паглядзеў на стрэлкi, некаторыя з вас рагаталi з таго, што ёсьць гiсторыя Беларусi, гiсторыя не як прадмет, так сказаць, а запраўдная. Я наўмысна ўзяў вас за руку й паказаў некаторыя мамэнты з машай слаўнай тысячагадовай прошласьцi. Самi бачыце, што нiва гэта прасторная й па ёй мы пастараемся прайсьцiся як дбайлiвы й руплiвы гаспадар. Але вы ўжо, здаецца, уявiлi, што Беларусь была вялiкая, змагарная i слаўная. Змагарная, непакорная й нязломная яна й асталася.
— Да прадмету гiсторыi раю вам адносiцца з найбольшай сур'ёзнасьцю. Вывучаючы факты ў iх праўдзiвым, нашым, беларускiм асьвятленьнi, паволi адчыняцца вашыя вочы. Ня толькi пазнаеце адкуль мы прыйшлi, хто мы ёсьць i куды, мусiць, iсьцi,але настолькi пабагацееце духова, што стане ў вас сiлаў для тэй далейшай i нялёгкай дарогi. Пазнаньне сваей прошласьцi ўзбагачае ўсiх нас разам i кажнага паасобку. Параўнальна гаворачы, наш рост у няволi пад чужым ярмом можна ўявiць як вэгэтацыю кволае расьлiны дзесь у глухой засенi або змроку. Тая-ж самая расьлiна, няхай i кволая, узбуйнее й налiецца сокамi, набрыняе, успышнее, умацуецца ўсiмi сваймi клеткамi калi толькi даць ёй даволi сонца й добры корм. У даным выпадку сонцам для нас ёсьць воля й праўдзiвае асьвятленьне нашае прошласьцi дый прошласьцi нашых суседзяў, што нас сiлаю, глумам i маною ў ярме й галечы трымалi.
— Я спадзяюся, што вы будзеце сур'ёзна адносiцца да прадмету гiсрорыi яшчэ й таму, бо патрабуе гэтага цяперашнi час, так сказаць гiсторыя, што на нашых вачох творыцца. Я-б устрымаўся ад спасьцярогаў адносна цяперашняе сытуацыi беларускага народу, у тым лiку й кажнага з нас, калi-б ня лiчыў гэта абсалютна неабходным. Бачыце ня зьбiраюся прадказаць будучынi, адно можна з пэўнасьцю ўжо цяпер сьцьвердзiць, а гэта тое, што завiруха, даруйце, магчыма ўжываю занадта клагоднае слова, — значыцца, што завiруха будзе патрабаваць шмат ахвяраў, пралiецца многа крывi, у тым лiку й нашай. Мейце на ўвазе, памятайце адно, што чужнiкi, якiя цяпер ёсьць на нашай зямлi, якiя валодаюць зброяй, ня будуць нас пытацца, што рабiць маюць, ня будуць нас па галоўках гладзiць, а пэўне зусiм наадварот…
Апошнi сказ Сабалеўскi вымавiў наўмысна павольна, нiзкiм, сур'ёзным, здавалася, што прарочым голасам. Спынiўся й доўга прыглядаўся юнацкiм тварам перазь верх акуляраў. Цi хацеў перадаць нясказанае?
— З гэтага выснаў, - зноў пачаў, ходзячы паволi, настаўнiк, — што нам трэба за сваiх, значыцца адзiн за аднаго пастаяць, падтрымаць адзiн другога, самiм сабе памагаць. Параўнайце сытуацыю да пажару вялiкае вёскi, дый не абавязкова ў ветраны дзень. Калi адна хата загарыцца, усё, што жывое, сьпяшыць тушыць яе. Тут дзеiць можа ня так звычайная людзкая даброць, як патрэба самазахаваньня. Практычна й проста справа зводзiцца да таго, што калi вяскоўцы не патушаць агня, што жарэ тую першую хату, дык ён зь ветрам цi безь яго можа перакiнуцца на далейшыя гасподы цi будынкi й зглумiць усю вёску. Зразумела? Гарыць маё, а ты будзеш разiнькай цi зь iншых прычынаў не паможаш тушыць, дык можа й тваё згарэць. Выбару тут няма.
— Гэтаксама i зь цяперашнiм вялiкiм сусьветным пажарам. Ужо ясна, што гарыць наша бацькаўшчына, наша адвечнае дабро й багацтва й калi нам нiчiога не рабiць, стаяць рукi апусьцiўшы, дык агонь можа выкацiць вялiкiя полацi нашых нiваў, загубiць людзей нашых. Вось чаму трэба вам як мага шпарчэй самiх сябе пазнаць, значыцца добра гiсторыю народу свайго вывучыць, а там ключ знойдзеце, як дзьверы ў свой, у новы сьвет адчынiць… Тады, каб жыць i выжыць, змагацца й перамагчы, супольна й дружна за свае iнтарэсы, за волю дарагое бацькаўшчыны Беларусi станеце!
Януку здавалася, што гэтага чалавека можна было-б слухаць без канца. Прыгожая, багатая, лёгкая мова роўным патокам, без найменшых намаганьняў бурлiла. Гэтак гаварыў пястун, руплiвы гаспадар, што кажнае слова цанiў-узважаў i ашчадна, як грошы выдаваў. А якiя важныя, заўсёды абаснаваныя, закругленыя й падсумаваныя думкi! Так мог гаварыць чалавек, што палка, усiм сэрцам, бязь нiякiх засьцярогаў свой народ любiў.
Пра гэта ўсё, што зь вялiкай мастацкай сiлай у ягонае ўяўленьне ўляглося, думаў цяпер, па дарозе са школы, Янук. Побач крочыў маўклiвы й журботны Ўладзiмер.
— Цi табе падабалася лекцыя гiсторыi? — спытаў Янук.
Уладзiмер маўчаў.
— Чуеш, што кажу?
— Чую.
— Ну дык?
— Пусьцяк, — буркнуў двуродны брацiшка.
— Гэта значыць што такое пусьцяк?
— Да нiчаво…