— Ага, ёсьцека, сам вiдзiў. Мужчыны, каторыя пазналi iх, паказвалi мне. Дык, гэта самае, тамака Немцы ваенныя для парадку стаяць, а народ усё чаргой iдзець глядзець туды. Адзiн салдат празь нейкую конаўку, каб усе чулi панашаму паясьняiць усё. Кажа хто нашых людзей катаваў i забiваў.
«Дзiравы шляхцiц» Паўлоўскi нiякавата азiраўся па бакох, мяркуючы дзе й як ды якое слова ўкiнуць. Пашанцавала яму. Цi прыйшло калi яму ў галаву, што мусiў-бы людзям за дабрату й стрыманасьць падзякаваць? А з другога боку загадка: чаму Косьцiк Сабакевiч i Лявон Шпунт яго ня выдалi? А можа выратавала тое, што адзiн зь першых у калгас запiсаўся?
Цяпер бянтэжыў яго новы парадак. Што ён прынясе? Каму за ўладу ў вёсцы брацца? I цi нi спатрэбiцца зноў той начальнiцкi капялюш i абшмуляная тэчка?
— Ну а пра Бурака з бабай ня чуў? — пытаўся Захарука Ўладзiмер Пятух.
— А дзе падзеўся Антось Дзяркач?
— Яно-ж пра iх самiх ня чуў, але слухi ходзяць, што нiкаторыя зь цюрмы бралi ды ў Расею гналi. Дык можа й яны туды папалi, гэта значыцца калi яны ў Бярэзьвiчах былi.
— А ягодка-ж мая, гэта-ж нi дай ты Божа, каб i iх пабiлi. Як-жа гэта можна так над людцамi зьдзеквацца?
— Ну й што будуць з гэтымi забiтымi рабiць?
— Цяперака там Немiц ужо зганяiць людзей з коньмi, вывозяць некуды.
— Ну а як хто свайго знайдзiць?
— Трупоў раднi аддаюць.
Дзяд Якуб маўклiва сядзеў на лаве побач Захарука, ссаў сваю неразлучную люльку. Цяпер загаварыў.
— Дык кажаш многа там яго, каб яго макарэц, гэтага Немца? А хто табе во гэтыя паперкi на сьцяну даў?
— Дык, гэта-ж самае, казалi на рынку людзi, што Немiц раздаваў. Але мяне тады там нi было, ня вiдзiў што за Немiц. От я задзержыўся на рынку, гляджу — куча людзей, нешта чытаюць i гаворуць, дык i я туды. Нейкi дзядзька й мне афiшкi ўруку тыцнуў. Вязi ў свае сяло, — кажыць, — нiхай людзi чытаюць. Дык я й прывёз. Але мне здаецца, што я яшчо адну цi болi iх меў, ды запхнуў недзiка…
Кiнуўшы даўно патухлы недакурак, Захарук шарыў па кiшэнях.
— А цi многа там таго Немца, каб яго макарэц спапялiў? — пытаўся дзед Якуб.
— Ды ёсьцека. Вунь i на станцыi, i гiмназiю занялi, усюды iх. Але, гэта, кажуць, праездам. Ага, во яна, гэта самая паперына.
Ён выняў зь кiшэнi й разгарнуў невялiкi, як на дзьве бачыны сшытка, шэры лiст друку.
— Хто тут найлепi прачытаiць? — зiрнуў навокал дзядзька. — От ты. Янук, чытай, нiхай усе слухаюць.
Янук падыйшо-ў да Захарука, узяў пакамечаную паперку, прыглядаўся ей.
— Да жыхароў вызваленых тэрыторыяў! — пачаў юнак. — Вялiкая й няпераможная Нямецкая Армiя вызвалiла вас ад жыда-бальшавiцкага гвалту. Дзякуйце за гэта Вялiкамуi Правадыру Нямецкага Народу Адольфу Гiтлеру.
— Крапчэй ты, ядрыт тваю палку, бо нi чуваць!
— Ну добра, добра, чытаю-ж… Для канчальнай перамогi над бальшавiзмам вы мусiце падпарадкоўвацца й памагаць Нямецкай Армii. Для ўстаўленьня парадку й бясьпекi на вызваленых землях загадваецца наступнае: здаваць нямецкiм уладам усю зброю. За ўкрываньне зброi — сьмерць.
За супрацiў нямецкiм уладам — сьмерць.
Выдаваць нямецкiм уладам дэзэртыраў i ўцёкшых палонных з Чырвонай Армii. За перахоўваньне iх — сьмерць.
Па захадзе сонца, ад гадзiны восьмай у гарадох i мястэчках, да шостай ранiцы нельга хадзiць па вулiцах бяз пропускаў.
Жыды ня маюць нiякiх правоў. Адносна iх будуць выданыя спэцыяльныя загады. За перахоўваньне Жыдоў i помач iм — сьмерць.
У пытаньнях гаспадарчага й грамадзкага парадку, да часу ўстанаўленьня цывiльнае ўлады, зьвяртацца да мясцовае нямецкае камандатуры.
Янук скончыў чытаць, яшчэ прыгледзiўся вялiкаму й прыгожаму шрыфту ды аддаваў загад Захаруку.
— Ды навошта яна мне? Павесь на сьцяну.
— Сьмерць, сьмерць ды сьмерць. Здорава! — сказаў Тодар Кмiт.
— Ну а што ты думаiш, Немiц з табой цацкацца будзiць, калi нi паслухаеш? — сказаў Уладзiмер Пятух. — Парадак трэба-ж…
— Ну парадак трэба. Дый глядзi, многа камунiстаў пахавалася.
— Ну а пра Жыдоў ня чуў болi? — пытаўся Захарука дзед Якуб. — Што зь iмi? Чаму iм права нiякага?
— Людзi кажуць, што Немiц iх здорава прыцiсьнiць. Нiбыта ў Польшчы пазганяў iх i дзержыць асобна ды на работу пад канвоем ганяiць. А так нiякiх правоў нi маюць. Хто-ж яго ведаiць, што ён тутака зь iмi рабiць будзiць. Ужо каму як каму, а Жыдом, вiдаць, ад Немцаў пападзецца.
Гутарка расплылася. Кажнаму рупiла свае думкi пра пачутае выказаць. Да гурту ля Ўладзiмеравай клецi тымчасам прывалюхаў Сымон Пятух. Аброслы твар, з роту тарчэла смуродная казiная ножка. Зашмуляная сьвiтка, неадлучная аладка-кепка на галаве. Згорблены, ён, быццам напалоханы заяц, асьцярожна кiваў на бакi, як-бы баяўся каб хто на яго сабаку ня спусьцiў.
— Эй, Сымон, як тамака калхоз твой? — жартаваў Алесь.
Лiтоўскi гультай ня прывiтаўся зь людзьмi, дый не хацеў, вiдаць, усiм на воку быць. Калiшняя пэўнасьць i нахабнасьць зьнiклi iз зношанага твару. Заклапочаны, ён ня мог людзям проста ў вочы глядзець.
— Дык-жа… Яно-ж, гэтага… — пачаў нязьвязна, пазiраючы на поўныя кпiнаў твары. — Ты-ж, Алесь, знаiш, што людзi ўжо свой статак i ўсё другое разабралi й таго каўхозу як i ня было… Ды, значыцца, чорт знаiць, што Немiц зробiць…