— Агулам, яшчэ раз добра прачытайце й прадумайце мой артыкул пра «рунь», — гаварыў крытык з «Парнасу». — Там многа парадаў, зь якiх трэба было-б вам скарыстаць…
«Трэба будзе», — думаў Янук, пакiдаючы пасьля зруйнаваную сталiцу.
25
Янук сядзеў на абшырным бальконе ў выгадным, плеценым з лазы, крэсьле. Перад iм зграмазьдзiлiся малыя, з чырвонымi чарапiчнымi й шэрымi гонтавымi дахамi, хаты. Вакол iх — невялiкiя агародчыкi, дзе ля парканаў усьмiхалiся сланечнiкi, а на лехах — буйнае варыва. Дзесьцi на вiшнi тарарахала сарока. Далей лянiва плёскала ў берагi марудная Вяльля, а за ёй, пад прапаласканым небам, узвышалася Замкавая гара. Калiсьцi спад Януковага, нянадта спрактыкаванага, пяра нарадзiлiся радкi:
Муроў тых замала асталося, каб яны «грозна, думна» пазiралi, адно адзiн, зьлiзаны часам, лабаты кутавы сэктар. Адылi здалёку гэны кут натхняў Янука да палёту ў вунь якую буйную фантазiю. I чамусьцi ў сувязi з гэным вершам прыгадаўся яму iншы, напiсаны зараз-жа пасьля прыезду на навуку ў Вiльню:
Зь вершам на пяць зваротак, адно на гарачую руку змайстраваным, i нянадта адшлiфаваным, пасьпяшыў Янук у «Беларускi голас». Там сустрэў яго сiвы, кволы з выгляду рэдактар Аляхновiч, што некуды сьпяшыўся й таму не папрасiў студэнта навет у канцылярыю цi пакой а зараз-жа, тут на сходах, перайшоў да роспытаў:
— Студэнт? Адкуль?
Янук назваў мясцовасьць.
— Ага, знаю, знаю. Вельмi добра зрабiў, што прыехаў вучыцца. Трэба нам найбольш сваей iнтэлiгенцыi. Вельмi, вельмi добра зрабiў.
Янук нясьмела пазiраў на розавы твар i цяжка яму было паверыць, што перад iм стаяў аўтар даўгога й надзвычайна цiкавага нарысу «У кiпцюрах ГПУ», якiм некалi ўзахлёб цэлыя гадзiны зачытваўся. А былы гаротнiк пытаўся:
— Дык што скажаш мне, студэнт?
— Ня ведаю як пачаць… Маю тут верш на прывiтаньне Вiльнi…
— Ага, дык ты й паэт, аказваецца… Ну што-ж… Маладзец. Давай што маеш, калi добры дык зьмяшчу. Але, братка, я моцна сьпяшу. Зайдзiся калi… пагаворым…
З такiмi словамi Аляхновiч, не разьвiтаўшыся, рушыў сходамi ўнiз. Верш, бязь першае звароткi, зьявiўся ў газэце на наступны тыдзень. Цэнзар, як выглядала, не згаджаўся, што «Вiльня — слаўны горад Крывiчоў». Аўтар i сам ня быў пэўны цi Вiльня паўстала на засягу зямлi калiшняга асноўнага племя пазьнейшага беларускага народу. Адылi ясна, што горад пазьней быў лiтоўскi, а не жамойцкi.
Апроч адрэзанае галавы, у далейшых зваротках загнязьдзiлася колькi друкарскiх памылак. Не ўяўляў аўтар, што верш можна аж так сапсаваць у друку. Другой звароткай ён выказаў захапленьне старой лiтоўскай сталiцай:
Янук прыгадваў першы вiд гораду, дакладней — тае зеленi, што ўсьмiхнулася яму ў iмглiстую ранiцу. Такiм дэбютам у газэце, што друкавалася лацiнкай, якое Янук ня любiў ужываць у беларускай мове, скончылася ягонае супрацоўнiцтва зь «Беларускiм голасам». Пасьля пiсаў пра беларускае жыцьцё ў Вiльнi й вершы ды пасылаў у Менск.
Вершы, вершы-лятуценьнi…
Дзесь далекавата налева, на Антокалi бялелi вежы высокай сьвятынi i гэтта-ж амаль перад носам, з-над дахаў пазiралi вежы iншых касьцёлаў. Адсюль, як на далонi, красавалiся й калёны фасаду вiленскае катэдры. Янук яшчэ раз прыгадаў сабе, што трэба пацiкавiцца, цi запраўды ў склепе ейным ёсьць магiлы вялiкiх лiтоўскiх князёў.
Пляны, намеры… Колькi iх было.
Сябра Загорны намовiў гiмназiстку Рандуўну паехаць па абедзе ў Вэркi, куды, казаў, хадзiў рачны параплаў. А Янук, расьсеўшыся ў гэну нядзелю на бальконе, прыслухоўваўся як воддаль, на Кальварыйскай вулiцы цiкалi конскiя падковы. Прыграваны васеньнiм сонцам, зноў думкамi вярнуўся да пачаткаў свайго вiленскага жыцьця.