— Думаеш, што паправiцца?
— Трэба спадзявацца. Нiкаторыя цьвердзяць, што Немiц памякчэў, ужо нi разяваiць з крыкам ляпы, як раней. Бальшавiкi, вiдаць, яму ў азадак трошкi далi. А бандыты яму як пачнуць дапякаць, Немцу значыцца, дык зброю дасьць, ня дзе дзенiцца. Сам-жа на фронце i з бандытамi ня дасьць рады. Але калi тое што будзiць? Я ўсё казаў, - сам помнiш, — што трэба нашым было адразу ў палiцыю пхацца. Цяпер мы былi-б у сваiм доме гаспадарамi, а нi праклятыя Палякi.
— Ну а цi ёсьць самаахова ў Докшыцах цi ў Глыбокiм?
— Такая во лапцёжная, як я табе казаў. Што зь яе… Вып'еш яшчэ?
— Давай.
Падгайскi налiў Антосю й сабе. Выпiлi.
— Я то трывожуся, — працягваў аграном, — каб ня было для нас запозна нi таму, што заўтра цi пазаўтра бальшавiкi гэтых у Бэрлiн загоняць, а таму, каб нашых бальшавiцкiя й польскiя банды й гэтая басота з палiцыi нi перадушылi. Ты знаеш, што тутака ў Гацях гэта нечысьць рабiла. Але цi знаеш ты тое, што падобна адбываецца па ўсей Бiларусi? Я чуў, што ў Мiры паляч'ё, каторае гэта было на пасадах у дварох i маёнтках, дык цяперака абсадзiла нямецкую камандатуру. У даносах Немцу падалi сьпiскi нашых, каторых некалi судзiлi, знаеш, — людзi-ж судзiлiся й за зямлю й за што другое, — дык падалi Немцам сьпiскi, што судзiлi за камунiзм. Ну а Немiц, кумекаеш, пакуль там разабрацца, бабах i людзей нiма! Вось так Палякi масу нашых найлепшых людзей нямецкiмi рукамi вымардавалi. Пад арышт у Стоўбцах папаўся лейтэнант Чабатарэвiч, добры наш чалавек i надта цэнны, што вайсковы. Ён-жа пасьля не адны лапцi стаптаў, дамагаючыся ў Немцаў, каб дазволiлi самаахову нам арганiзаваць. I Кушалю ён пасьля многа памог. Значыцца, апроч гэтага Вiктара Чабатарэвiча, арыштаваны быў i Сабалеўскi, ранейшы пасол у польскi сойм. Многа iншых было пад арыштам, але гэтых нашым удалося выратаваць. А цi чуў ты, што польская банда напала на Жодзiшкi, гэта месца, што за Вялейкай? Выбiлi ня толькi Немцаў, але й цэлы беларускi актыў. А напад падрыхтавалi Палякi, каторыя служылi ў бiларускай палiцыi. Яны навет паказалi бандытам дзе ў якiх хатах жывуць нашыя актыўныя людзi. Мы тамака многа цэнных людзей страцiлi. Вось, братка, як паляч'ё робiць. Арганiзацыя ў iх, разьведка, акцыя!
— Калi тое было?
— Улетку. Ды чакай, раскажу табе яшчо, — гарачыўся аграном. — Ты чуеш што робiцца ў нашай ваколiцы, а я чую што вытвараецца многа па цэлай Бiларусi. Найболi зьверскiя банды ў Шчучынскiм, яны над нашымi сьвятарамi зьдзекуюцца. У вёсцы Туры за беларускую дзейнасьць польская банда замардавала сьвятара Iгнатовiча й ягоную матушку. Паабразалi iм вушы, насы, вочы павыколвалi, а матушцы адрэзалi грудзi. Нараны лiлi бiнзiн, падпальвалi й п'яныя рагаталi зь людзкiх мукаў.
— Госпадзе мой, Матка Боская! — жахнуўся Антось.
— Тамака яшчо недзе, — забыўся мясцовасьць, — дык нашага сьвятара, каторы ладзiў праваслаўную царкву, што Палякi адабралi й замянiлi на касьцёл дваццаць гадоў назад, дык яго жыўцом закапалi ў зямлю, толькi галава тарчэла. Разлажылi вогнiшча й калi чалавек у страшных муках памiраў, вакол таго агня, як дзiкуны, танцавалi… Мог-бы доўга расказаць усё тое, што да мяне даходзiць. Па цэлай Заходняй Бiларусi Палякi стараюцца гаспадарыць, палiць i рэзаць. А рэжуць нашых у корань. Дык цi думаеш, што сам адзiн па начах ня сьпiш i рупiшся, каб сваiх пад зброю на абарону паставiць?
Падгайскi змоўк. Зiрнуў на ручны гадзiньнiк. Вiдаць, што быў змучаны.
— Можа спаць хочаш, а я замiнаю?
— Ды не, сядзi. Я рад, што забегся, хочацца са сваiм чалавекам душу адвесьцi. Знаеш, тутака на месцы я асьцярожненька мушу.
— А што чуваць?
— Я й хацеў расказаць пра гэта, але яшчо раней пра бальшавiцкiя банды. ты сам чуеш, што яны ад Палякаў анiчуць ззаду не астаюцца. Цяперака, вiдзiш, ужо пачынаюць школы палiць. Нашым удалося на курсах маладых настаўнiкаў на скорую руку падрыхтаваць, каб дзiркi пазатыкаць, а гэтыя ўжо разганяюць. За Докшыцамi нiдаўна ў Малiнаўцы школу спалiлi. Чуў? Ды i другiх мясцох паляць, асаблiва дзе блiжэй да лясоў. Настаўнiкаў калi не забiваюць дык напалохаюць, што самi паўцякаюць. Чакай-жа, здаецца зь Лiтоўцаў там недзiка настаўнiчае Янука Бахмача дзяўчына?
— Ага, Дуня Макатунiшка, у Бярозаўцы.
— Гэта блiжэй гораду. Можа туды нi дабяруцца. А хто ў вас у Лiтоўцах вучыць?
— Ды гэта старая дырда Плясьневiчыха. Якая там зь яе вучыцелька… Бэ i мэ можа навучыць, а так яна слаба пабiларуску…
— Што за яна?
— Старая ўдава з гэтых нашых пшэкаў-шляхты. Як помню, лiпела там на хутары пры Лiтоўцах. Мы некалi, малеча, калi ўскапышымся й бяжым Плясьневiчых дражнiць. Яны дзьве з катамi жылi. Мы пад вакно падыйдзем ды як зачнём на розныя галасы! Старэйшая, як ведзьма, зь мятлой празь дзьверы да нас: — Я вам, лайдакi, ногi паперабiваю! Тая старэйшая даўно памерла, а маладзейшая цяперака дзяцей нашых вучыць. Гадоў, мусiць, шэсьцьдзесят ей.
— Гэта зьдзек над нашымi дзеткамi, каб такую вучыць паставiлi.
— Мусiць няма каму.
— Дык калi-б тэй Януковай дзяўчыне горача там стала, чаму яе ў родную вёску нi вярнуць?