Антось нiчога на гэта не адказаў. Дуню ён паважаў, але ня ведаў як там у Бярозаўцы ўложыцца й цi Дуня дома вучыць згодзiцца.
— Ну дык што там у цябе з палiцыяй i Немцамi? — спытаў.
— Левандоўскi да цябе ня чэпiцца? — пытаньнем на пытаньне адказаў Падгайскi.
— Нi заглядаў.
— А як дзiравы шляхцiц?
— Нiчога. Ён сьлядзiць за Шпунтамi. Хочыць Лявона прыпiльнаваць i падсьцерагаiць як Шпунтоў сабака ўночы брэшыць.
— Кпiны строiш?
— Ды не. Сам мне расказваў.
Падгайскi запрапанаваў яшчэ выпiць.
— Я гэттака, ведаеш, — працягваў аграном, узяўшы малы кавалачак гурка, — ролю абжытага й багатага прыяцеля Немцаў i Палякаў iграю. Гаспадарка мая да гэтага рыхтык падходзiць. I адны й другiя, значыцца Немцы й палiцыя да мяне заглядаюць. Ёсьць варыва, садовiна, ёсьць яшчо тое-сёе. Курэй, сьвiней, карову трымаю. Прыходзiцца да працы наймаць, знаеш. Яшчо трымаю добры запас гарэлкi…
Пра характар гаспадаркi сваей аграном не патрабаваў Антосю гаварыць. Падгайскi практыкаваў так неабходны вайною тавараабмен. I гарэлку, значыцца шнапс, пэўне-ж, ня сам гнаў, а даставаў з ЦТО цi дзе там. Калi-ж мясцовым уладам чаго патрэбна было, а Падгайскi ня меў, дык ведаў дзе i ў каго дастаць можна. Нямецкая ваенная гандлёвая кантроля мела шмат дзiрак, празь якiя можна было лёгка пралезьцi, асаблiва калi з уладамi руку трымаеш. Бязумоўна, — ды пра тое навет не гаварылася, — Падгайскi, як мага, мусiў ладзiць з падобнымi, як ён, гаспадарамi ў мястэчку, якiя супольна маглi рабiць «гяшэфт» для свайго дабра й нажывы дый для частага ратаваньня iншых, што зубы палажылi-б на полкi, калi-б трымалiся правоў акупацыйных уладаў. Антосю ведама было, што Падгайскi не рабiў гандлю на вялiкi маштаб, а адно даволi, каб самому ўтрымацца, наймiтаў аплацiць ды, — самае галоўнае, утрымаць сваю стратэгiчную пазыцыю, зусiм неабходную для помачы загрожаным Беларусам.
— Ты можа й чуў, - усьмiхнуўся аграном, — нiкаторыя сьмяюцца, што ў мяне забягалаўка, толькi от што баб нiма, ато чыста бардачок быў-бы… Ха-ха-ха! Гэтам браток, злыя языкi, перцу на iх. Прыходзяць гэтыя самыя, як я iх называю, свае, значыцца й пазаўчорака нямецкi камандант i гэты фрыц, каторы во па гаспадарскай часьцi ад зондэрфюрэра з Докшыц, пару гадзiнаў тутака прабарабанiлi. Знаеш, выпiць, адыйсьцiся ад сваiх хочацца. Куды-ж iм? Выпiць то, пэўна-ж, яны маглi-б i ў сябе ўдома, шнапсу ў iх даволi, але ўсяроўна iм рупiць далей ад непаклiканага вока. От як… Яны такое месца на водшыбе, як маё, любяць. А мне, сам знаеш, калi катораму з нашых на хвост наступяць, дык iхныя дзьверы тады адчыненыя.
— А цi заплацiлi яны табе за ўсё тое дабро, што войска брала ды квiткi давала?
Падгайскi падумаў, пачухаў рудыя валасы, скрывiў твар.
— Як там заплацiлi… Па нейкай сваей дзяржаўнай цане, акупацыйнымi маркамi. Ну але-ж, заплацiлi. Ёсьць тутака ў мястэчку каторыя на чыгунках працуюць, значыцца цягнiкамi маюць праезд у Вiльню цi Менск. Гэтыя людзi вечна назаляюць, каб iм сала цi яек прадаў. Яны там маюць свае кантакты й сам ведаеш, што ў вялiкiх гарадох людзям вайной пражыць куды цяжэй. Я iм часам чаго адчэпнага, але найболi адмаўляю, бо нажыва мяне ня цiкавiцць а, баранi Божа, каго ўквелiш, дык тады адно глядзi…
— Ну а як Левандоўскi? — цiкавiўся далей Антось.
— Спачатку ён, гэтае самае, дзiкавата крыху да мяне ставiўся. Ды пасьля ўвiдзiў, што нямчура сюды заглядаiць дык i ён асвоiўся. Адным словам, злажылася добра. Левандоўскаму, знаеш, давялося часамi чым-небудзь руку пагрэць. Кумекаеш? Нiвядома як далей будзiць, але цяперака лепi мне, значыцца нам, мець iх прыяцелямi чым ворагамi. Гэтак i таньней абыйдзецца, калi часамi сваiх ратаваць трэба. Знаеш, тымчасам улада ў iхных руках. Гэта праблема старая, як сьвет: калi ты слабы, ня рыпайся, мацуйся, чакай свайго моманту, а тымчасам глядзi, каб зь цябе пер'я ня выскублi. Я Левандоўскаму цi раз сказаў, што ўжо час перастаць з нашых людзей камунiстаў фабрыкаваць. Ён зразумеў. Цяперака ўжо з нашых тутака камунiстаў ня робяць хоць, як я табе ўжо казаў, у iншых месцах гэта яшчэ прадаўжаецца. А ты во паглядзi як дырэктар Сабалеўскi сьвята бiларускiх угодкаў нiзалежнасьцi дваццаць пятага сакавiка ў чыгуначным клюбе арганiзаваў, зь якiм шыкам i патрыятызмам. Цымус, браце! I што-ж ты думаеш, цi гэта не калола нашым ворагам у вочы? Ого, як калола! Але-ж нiкога з нашых нi зачапiлi.
— Можа зьмянiлiся? Я iм ня веру, — адказаў Антось.
— Ведаеш, Антось, ня ўсе Палякi сволачы дый ня ўсе нашы — ангелы.
— Ды не, але бальшыня Палякаў якраз i ёсьцiка сволачы й бандзiты. А нашыя? Сам ведаеш, свая кашуля блiжэй цела.