Читаем Бiльярд а палове дзесятай полностью

— Божа мой! Дазвольце старому чалавеку ў гэтую цiхую часiну сказаць колькi слоў не па службе, пане Шрэла! Я ж добра ведаў Вашага бацьку, добра, бо ён адзiн год нават працаваў у нас — гэта было ў той год, калi праводзiлася агульнанямецкае фiзкультурна-спартыўнае свята. Вы нават памятаеце? Ну, вядома; Вам было тады ўжо, мусiць, дзесяць цi адзiнаццаць; вось мая далонь, мне будзе дужа прыемна, калi Вы пацiснеце яе; божа мой, даруйце мне за гэтыя мае пачуццi, што, так бы мовiць, не ўваходзяць у мае службовыя абавязкi; я досыць стары, каб дазволiць сабе рабiць гэта; Ваш бацька быў сур'ёзны чалавек — i поўны годнасцi! Божа мой, ён не цярпеў нахабства, але з тымi, хто не быў нахабны, ён паводзiў сябе як божае ягнятка; я не адзiн раз прыгадваў сабе Вашага бацьку… даруйце, калi я развярэдзiў Вашыя старыя раны, крый божа… я зусiм забыўся; дзякуй богу, што гэтыя свiннi больш не маюць слова; але будзьце асцярожныя, пане Шрэла; раз-пораз мне здаецца, што яны ўсё-такi перамаглi. Будзьце асцярожныя. Надта не верце гэтаму мiру — i даруйце старому чалавеку за пару неслужбовых пачуццяў i заўваг. Гуга, самы лепшы столiк з усходняга боку для гэтых паноў, самы лепшы. Hе, пане Шрэла, па нядзелях пан доктар Фамель гуляць у бiльярд не прыходзiць; не, па нядзелях не прыходзiць; ён будзе рады; вы ж былi ў маладосцi сябрамi i аднадумцамi, праўда? Hе думайце, што ва ўсiх людзей кароткая памяць. Калi пан Фэмель выпадкова зазiрне сюды, я адпраўлю Вам чалавека, каб паведамiў, тэлеграму… пазваню, калi хочаце. Мы ж гатовыя зрабiць любую паслугу нашым клiентам.

Выраз Гугавага твару застаўся нязменны. Гасцей пазнаюць толькi, калi яны самi таго жадаюць; гэты во тып роў у бiльярднай зале? Захаванне тайнаў; пуга з калючага дроту? Недарэчнай фамiльярнасцi i непатрэбных высноў трэба пазбягаць; захаванне тайнаў — гэта штандар прафесii. Меню? Калi ласка, панове. Цi даспадобы шаноўным панам гэты столiк? Усходнi бок, каля акна, не задужа сонечна… Акно выходзiць на ўсходнi неф Святога Севярына; даўнi раманскi стыль, адзiнаццатае альбо дванаццатае стагоддзе; дойлiд — герцаг Святы Генрых, празваны Шалёным. Вядома, шаноўны пане, гарачыя стравы ў нас цэлы дзень; усе стравы, што пазначаны ў меню, Вы зможаце замовiць ад дванаццатай да дваццаць чацвёртай гадзiны. Што Вам параiць найлепш? Вы хочаце адзначыць сустрэчу… Трохi iнтымная ўсмешка, што пасуе да пачутага iнтымнага паведамлення; толькi не думаць: Шрэла, Нэтлiнгер, Фэмель; нiякiх высноў; шнар на спiне?.. Але, кельнер зараз прыйдзе i возьме Ваш заказ.

— Цi вып'еш кiлiшак "марцiнi"? — спытаў Нэтлiнгер.

— Добра, калi ласка, — адказаў Шрэла.

Ён падаў служку сваё палiто, капялюш, паправiў рукою валасы i сеў да стала; у зале было няшмат гасцей; толькi ў далёкiм куце чулася прыцiшанае мармытанне; лёгкi смех дапаўняўся слабым пазвоньваннем кiлiшкаў; шампанскае.

Шрэла ўзяў з падноса, якi перад iм трымаў кельнер, кiлiшак «марцiнi», вычакаў, пакуль Нэтлiнгер возьме свой; падняў кiлiшак, кiўнуў Нэтлiнгеру i выпiў; Нэтлiнгер, здалося яму, неяк гвалтоўна састарэў; у Шрэлавай памяцi ён быў па-ранейшаму поўным бляску бялявым хлопцам, грубаватая лiнiя рота якога выглядала нават неяк дабрадушна; ён лёгка скакаў на метр шэсцьдзесят сем увышыню, прабягаў сто метраў за 11,5; пераможны, грубаваты, дабрадушны, але, думаў Шрэла, вiдавочна, гэтыя людзi нават не навучылiся цешыцца са сваiх перамог; дрэннае выхаванне, дрэннае харчаванне i адсутнасць стылю; ён пэўна зашмат жарэ, ужо напалову аблысеў, у вiльготных вачах старэчая сентыментальнасць. Па-фахоўску падцяўшы губы, Нэтлiнгер схiлiўся над меню, белы манжэт ссунуўся ўверх, на руцэ можна было ўбачыць залаты гадзiннiк, на пальцы — заручальны пярсцёнак; Божа мой, думаў Шрэла, нават калi б ён нiчога таго не рабiў, Роберт усё адно наўрад цi захацеў бы пiць з iм пiва альбо вазiць сваiх дзяцей на Нэтлiнгераву прыгарадную вiлу, каб пагуляць у бадмiнтон i ўмацаваць сувязi памiж абедзвюма сем'ямi.

— Дазволь, я табе сёе-тое прапаную, — сказаў Нэтлiнгер.

— Калi ласка, — адказаў Шрэла, — прапануй мне што-небудзь.

— Значыць, — пачаў Нэтлiнгер, — на закуску можна было б узяць цудоўнага вэнджанага ласася, потым кураняты з бульбай фры i салатай; мяркую, што дэсерт мы выберам пасля; ведаеш, тут я давяраюся свайму iнстынкту, якi мне падкажа, пакуль мы будзем есцi закуску i другую страву, што ўзяць — сыр, пiрожнае, марожанае цi амлет, але наконт аднаго я загадзя ўпэўнены — пiць буду каву.

Голас Нэтлiнгера гучаў так, нiбы ён браў удзел у курсах: "Як зрабiцца гурманам?"; ён яшчэ не хацеў перапыняць сваёй завучанай малiтвы, веданнем якой ён вельмi ганарыўся, i мармытаў, звяртаючыся да Шрэлы:

— Entrecote a deux,[11] адвараная стронга, цялячыя медальёны.

Шрэла сачыў за Нэтлiнгеравым пальцам, якi пачцiва-ўрачыста сунуўся па радках меню i затрымлiваўся на некаторых стравах; Нэтлiнгер пры гэтым то прыцмокваў языком, то трос галавой, то сцiхаў у нерашучасцi.

— Калi я чытаю слова «пулярка», далiбог, не магу ўтрымацца.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Антон Райзер
Антон Райзер

Карл Филипп Мориц (1756–1793) – один из ключевых авторов немецкого Просвещения, зачинатель психологии как точной науки. «Он словно младший брат мой,» – с любовью писал о нем Гёте, взгляды которого на природу творчества подверглись существенному влиянию со стороны его младшего современника. «Антон Райзер» (закончен в 1790 году) – первый психологический роман в европейской литературе, несомненно, принадлежит к ее золотому фонду. Вымышленный герой повествования по сути – лишь маска автора, с редкой проницательностью описавшего экзистенциальные муки собственного взросления и поиски своего места во враждебном и равнодушном мире.Изданием этой книги восполняется досадный пробел, существовавший в представлении русского читателя о классической немецкой литературе XVIII века.

Карл Филипп Мориц

Проза / Классическая проза / Классическая проза XVII-XVIII веков / Европейская старинная литература / Древние книги