А пятай я разам з грамадою работнiц выйшаў праз браму, каб зрабiць запланаваную вячэрнюю праходку па горадзе; я бачыў схаваныя пад вэлюмам пякноты, што ехалi ў каламажках на спатканнi; лейтэнантаў, якiя ў кавярнi Фуля пiлi моцныя трункi пад слабую музыку; штодня я рабiў чатырохкiламетровы шпацыр - заўсёды адной дарогай i ў адзiн час; усе павiнны былi бачыць мяне, бачыць у адзiн i той самы час, у адных i тых самых месцах - гаспадынi крамаў, банкiры i ювелiры; вулiчныя жанчыны i кандуктары, экспедытары крамаў, кельнеры i хатнiя гаспадынi; яны павiнны былi бачыць i бачылi мяне памiж пятаю i шостаю, з цыгараю ў руцэ; гэта не было прынята - я ведаю, але ж я мастак: вызнаваць нон-канфармiзм - мой абавязак; мне можна таксама спыняцца каля катрыншчыкаў, якiя разменьваюць на грошы меланхолiю канца рабочага дня; вулiца летуценняў-сноў, што вяла праз кабiнет летуценняў-сноў: мае статысты мелi добра нашмараваныя суставы, невiдочныя нiткi рухалi iмi; яны адкрывалi раты, каб вымавiць прадугледжаныя мною дзеля iх штатмпы; халодная мелодыя бiльярдавых шароў у гатэлi "Прынц Генрых" -белае на зялёным, чырвонае на зялёным; манекены згiналi рукi, каб ударыць па шары, каб паднесцi да рота куфаль з пiвам; яны набiралi ачкi, гулялi серыi, па-каляжанску ляпалi мне па плячы; ax, гэтак! ax, не! о, блiскуча! вам не пашэнцiла; а я чуў, як камякi зямлi падаюць на маю труну, перадсмяротны крык Эдыт i апошнi позiрк светлавалосага вучня столяра - позiрк, якiм ён павiнен быў акiнуць каменныя муры вязнiцы, былi ўжо напагатове.
Я паехаў з жонкаю i дзецьмi ў далiну Кiса, паказаў iм з гордасцю вынiк працы маёй маладосцi, наведаў пастарэлага ўжо абата i прачытаў на яго твары гады, якiх не мог убачыць на сваiм; кава ў гасцёўнi, пiрог, выпечаны са сваёй мукi, са слiвамi, што выраслi ў сваiм садзе, i са смятанкаю, знятаю з малака ад сваiх кароў; маiм сынам было дазволена зайсцi ў клаўзуру, жонка з дочкамi, што ўвесь час хiхiкалi, павiнны былi чакаць на вулiцы: чацвёра сыноў, трое дачок - сямёра дзяцей, якiя падораць мне сем разоў па сем унукаў; абат жа сказаў мне з усмешкаю: "Мы ўжо цяпер нават суседзямi зрабiлiся". Сапраўды, я купiў абедзве вёсачкi: Штэлiнгер-Гротэ i Гёрлiнгерс-Штуль.
- Ах, Леанора, зноў - з Кронэравай кавярнi? Hе, я ж сказаў выразна: шампанскага не трэба. Цярпець не магу шампанскага. А зараз - працы канец, маё дзiця. Калi ласка. I цi не маглi б Вы замовiць мне таксi, на чатырнаццатую? Няхай чакае мяне каля брамы; можа, падвязу i Вас трохi. Hе, праз Блесэнфэльд я не еду. Добра, калi жадаеце, можам гэта яшчэ ўдакладнiць.
Ён адвярнуўся ад сваёй рамы са зменнымi малюнкамi, разгледзеў сцены кабiнета, дзе на сцяне вiсеў вялiкi праект абацтва, а ў паветры было поўна пылу, якi, нягледзячы на ўсю асцярожнасць, падымаўся з-пад рук Леаноры; яна з ахвотаю прыбрала ў сталёвай шафе, падала яму вялiкi пачак банкнотаў, якiя страцiлi сваю вартасць яшчэ трыццаць пяць год таму; потым, патросшы галавою, выцягнула на свет божы iншы пачак грошай, якiя не мелi вартасцi ўжо дзесяць год; яна дбайна пералiчыла на рысавальным стале ўсе чужыя купюры: дзесяць, дваццаць, восемдзесят, сто - тысяча дзвесце марак.