Гэтыя чатыры з паловаю тыднi цягнулiся бясконца доўга; усё, што я рабiў, было адпрацавана мною загадзя ў кабiнеце сноў; заставалася толькi ранiшняя iмша, заставалiся гадзiны ад паловы адзiнаццатай да пятай; я прагнуў непрадбачанага, нечаканага, якое падарыла мне лёгкую ўсмешку i два разы словы: "Жадаю Вам шчасця, пан Фэмель". Калi я заплюшчваў вочы, час расшчапляўся, рабiўся нiбы спектрам: мiнуўшчына, цяпершчына, будучыня; праз пяцьдзесят год маiм старэйшым унукам будзе ўжо дваццаць пяць, мае сыны будуць ва ўзросце тых шаноўных паноў, якiм я ўручыў толькi што свой лёс, перадаўшы свой праект. Я абмацаў кiшэнь: распiска была на месцы, рэальна; заўтра ўраннi збярэцца журы i вызначыць, што становiшча змянiлася: з'явiўся чацвёрты праект; сярод членаў журы ўжо ўтварылiся партыi: двое - за Грумпэтэра, двое - за Брэмокеля i адзiн, самы галоўны, самы малады i меншы за ўсiх ростам, абат - за Волерзайна; абат любiў рамантыку; пачнецца гарачая дыскусiя, бо абодва прагныя да хабару члены журы будуць высоўваць самыя важкiя аргументы - з пункту гледжання мастацтва; прыняцце рашэння будзе адкладзена; "гэты маладзён, што ўзяўся немаведама адкуль, паблытаў нам усё"; занепакоеныя члены журы ўбачаць, што мой праект вiдавочна падабаецца абату; ён раз-пораз затрымлiваўся каля маiх эскiзаў, адпiваў з келiха вiно; усё арганiчна ўпiсвалася ў краявiд, а функцыянальнасць чатырохкутнiка гаспадарчай забудовы так выразна вылучалася на фоне строгага чатырохкутнiка галерэяў-скляпенняў i клаўзуры; студня, карчма для пiлiгрымаў - усё яму было даспадобы; абат усмiхнуўся: там ён будзе Primus inter pares*; ён ужо ўвайшоў у гэты праект, нiбы ў сваю ўласнасць, старшыняваў у рэфекторыi, сядзеў з хорам, наведваў хворых братоў-манахаў, завiтваў да аканома, каб пакаштаваць вiно, адчуць, як скрозь пальцы сыплюцца хлебныя зярняты - хлеб для яго манахаў i для бедных, зярняты, што выраслi на яго палетках; калi ласка, малады архiтэктар прадугледзеў невялiкае, з дахам, памяшканне для жабракоў, адразу каля брамы; на двары - лаўкi на лета, унутры - крэслы, стол, печка на зiму. "Шаноўныя панове, у мяне няма анiякiх сумненняў, я галасую, без усякага, за гэты - яе гэта яго прозвiшча? - ... за фэмелеўскi праект. I прашу звярнуць увагу на кошт будаўнiцтва: на трыста тысяч марак менш за самы танны з трох астатнiх праектаў"; крошкi сургучу з адкрытых ран засыпалi стол, па якiм грукалi кулакамi фахоўцы, распачынаючы спрэчкi: "Паверце нам, вялебны ойча, вельмi часта нехта занiжае суму ў каштарысе, а што Вы будзеце рабiць, калi гэты чалавек за чатыры тыднi перад iнаўгурацыяй прыйдзе да Вас i скажа, што ў яго не хапiла iмпэту? У гэткiх праектах перавышэнне кошту будаўнiцтва на паўмiльёна здараецца нярэдка; паверце дасведчаным людзям. Якi банк паверыць нiкому не вядомаму архiтэктару-пачаткоўцу, хто выкладзе за яго гарантыйную суму? Цi ёсць у яго хоць якая маёмасць?" На маладога абата набягае хваля гучнага смеху: "Маёмасць, згодна з уласным сведчаннем, - восем тысяч марак". Спрэчкi. Разыходзiлiся ўсе раздражнёныя. Прыняцце рашэння было адкладзена на месяц. Хто гэта даў, замацаваўшы ў статуце, гэтаму абстрыжанаму дагала, ледзьве трыццацiгадоваму сялянскаму сыну права рашаючага голасу - гэтак, што справа можа быць вырашана толькi не насуперак яго волi, а згодна з ёй.
* Першы сярод роўных (лац.).
Званiлi тэлефоны, успацелыя лiстаношы iмчалiся з экспрэс-поштаю ад старшынi зямельнага ўрада да архiбiскупа, ад архiбiскупа да духоўнай семiнарыi, дзе давераная асоба якраз усхваляла вартасцi неаготыкi; давераная асоба з пурпуровым тварам села ў дылiжанс, што чакаў побач; грукат капытоў па простым бруку пачаў аддаляцца; колы скрыгаталi на адважна крутых паваротах; спешна, спешна, паведамленне! Фэмель? Нiколi не чуў пра такога. Яго праект? З тэхнiчнага пункту гледжання выдатны, калi браць пад увагу калькуляцыю - трэба прызнаць, Ваша прывялебнасць, - наколькi можна меркаваць на першы погляд, пераконвае, аднак жа стыль? Жахлiвы; толькi цераз мой труп. Труп? Архiбiскуп усмiхаецца; прафесар, творчая натура, поўны агню, пачуццяў, зашмат сiвых, крыху кучаравых валасоў; цераз труп, ну-ну; курсуюць шыфраваныя запыты памiж Грумпэтэрам i Брэмокелем, памiж Брэмокелем i Волерзайнам: карыфеi, што былi ворагамi да смерцi, на некалькi дзён зрабiлi перамiр'е, пыталiся адзiн у аднаго ў шыфраваных лiстах i тэлефанаграмах: "Цi кветкавая капуста псуецца?" - гэта павiнна было значыць: "Цi можна адклiкаць абатаў з пасады?" I прыходзiлi адказы, што забiвалi ва ўпор: "Кветкавая капуста не псуецца".