- Праўда, - паўтарыла светлавалосая дзяўчына, - я зычу вам шчасця, як найбольш.
Мажлiва, мне трэба было вярнуць ёй распiску, забраць назад запячатаны скрутак з эскiзамi, вярнуцца дамоў; потым ажанiцца з дачкою бургамiстра альбо ўладальнiка будаўнiчага прадпрыемства, ставiць пажарныя вежы, школы, цэрквы, каплiцы; на святах па сканчэннi будаўнiцтва таньчыць з гаспадыняй дома, а тым часам мая жонка б таньчыла з гаспадаром новага дома; навошта гэта мне трэба было рабiць выклiк Брэмокелю, Грумпэтэру i Волерзайну, прызнаным фахоўцам царкоўнага будаўнiцтва, навошта? У мяне не было вялiкiх амбiцый, грошы мяне не вабiлi; мне нiколi не пагражала галоднае жыццё; я б гуляў сабе ў скат з пробашчам, аптэкарам, карчмаром ды бургамiстрам, ездзiў бы на ловы, будаваў бы разбагацелым сялянам "што-небудзь сучаснае" - але ўжо хлопец-вучань, што сядзеў каля акна, кiнуўся да дзвярэй, адчынiў iх мне i прытрымаў; я сказаў "дзякуй", выйшаў з канторы праз пярэднi пакой, перайшоў вулiцу, падняўся па сходах у свой кабiнет, абапёрся локцямi аб падаконне, што дрыжала ад грукату друкарскiх машын; гэта было 30 верасня 1907 года каля 11 гадзiн 45 хвiлiн.
- Ага, Леанора. Гэтыя друкарскiя машыны даюцца ў знакi; колькi фiлiжанак пабiлася тут у мяне, калi я быў не надта ўважлiвы. Hе спяшайцеся гэтак, маё дзiця. Калi Вы i надалей будзеце так працаваць, дык праз тыдзень запануе найлепшы парадак у тым, што я не мог упарадкаваць за пяцьдзесят адзiн год. Hе, дзякую за пiрожнае. Вы дазваляеце мне называць вас "дзiця"? Hе трэба чырванець, калi гэткi стары чалавек кажа вам камплiменты. Я, Леанора, - толькi помнiк, а помнiкi не могуць нiкому чым-небудзь пашкодзiць; я, стары дурань, i цяпер хаджу снедаць у Кронэраву кавярню, з'ядаю там свой сыр з папрыкаю, хоць ён мне даўно ўжо нясмачны; але ў гэтым я вiнаваты сваiм сучаснiкам: не павiнен разбураць сваёй легенды; я зраблюся фундатарам сiрочага прытулку - школы; буду прызначаць стыпендыi, i калi-небудзь i дзе-небудзь мяне, напэўна, адлiюць у бронзе i адкрыюць мне помнiк; я б хацеў, каб вы ўзялi ў тым удзел i смяялiся там, Леанора. Вы ўмееце гэтак прыгожа смяяцца, цi Вы ведаеце пра гэта? Я ўжо не ўмею, развучыўся, а заўсёды ж лiчыў смех добрай зброяй; а ён не быў зброяй: тут я крыху памыляўся. Калi ў Вас ёсць ахвота, я запрашу Вас на баль вучняў, прадстаўлю Вас як сваю пляменнiцу; там Вы павiнны будзеце пiць шампанскае, таньчыць i пазнаёмiцеся з маладым хлопцам, якi паставiцца да Вас добра i пакахае Вас; я набуду Вам добры пасаг... ага, паглядзiце на гэта як след: тры метры на два, агульны выгляд абацтва Святога Антонiя; гэта вiсiць пяцьдзесят адзiн год у маiм кабiнеце - вiсела ўжо тады, калi абвалiлася столь; з тае пары - гэтыя плямы цвiлi, што Вы тут бачыце; то быў першы мой вялiкi праект, велiчэзны праект, i тады, маючы няпоўныя трыццаць год, я зрабiў кар'еру.
Але ў 1917 годзе я не наважыўся зрабiць таго, што за мяне зрабiла Ёганна: там, на тэрасе, каля альтанкi, яна вырвала з Генрыхавых рук верш, якi ён павiнен быў вывучыць на памяць; ён паўтараў гэты верш сур'ёзным дзiцячым галаском:
Сказаў святы Пётр, ключнiк Брамы Нябёс:
"Ва ўлад найвышэйшых твой высветлю лёс".
Вярнуўся - нядоўга яго не было:
"Ягомасць Блюхер, вам шчасце прыйшло:
Вам водпуск далi на вечныя днi".
(Сказаўшы так, браму Пётр адчынiў.)
"Выходзь, о ваяр, супраць злыдняў на бой
Хай Госпад будзе заўсёды з табой..."
Роберту яшчэ не споўнiлася двух гадоў, а Оты яшчэ не было на свеце; я меў якраз адпачынак, i мне даўно ўжо зрабiлася вiдавочным тое, што я раней няясна прадчуваў: адной iронii замала, i яе заўсёды будзе замала; яна ўсяго толькi наркотык для тых, хто мае прывiлеi; i мне трэба было зрабiць, што зрабiла за мяне Ёганна: я павiнен быў у мундзiры гаўптмана пагаварыць з сынам; але толькi прыслухоўваўся да Робертавай далейшай дэкламацыi:
I Блюхер тады на зямлю сышоў,
Да новых вiкторыяў нас павёў.
Збавiцель Прусii Ўсходняй наш
Заве Гiндэнбург нас: "Наперад! Марш!"
Пакуль нямецкiм лясам стаяць,
Пакуль нямецкiм сцягам лунаць...
Пакуль нямецкая мова гучыць
Датуль яго iменi ў сэрцах жыць.
У бронзе, у каменi - вобраз твой:
Мы верым табе, наш нязломны герой
Гiндэнбург! Наперад! На бой!
Ёганна выхапiла з хлопчыкавых рук паперку, парвала яе, а шматкi выкiнула на вулiцу: нiбы сняжынкi, падалi яны каля дзвярэй Грэцавай крамы, дзе ў той час не вывешвалi дзiкоў, бо панавала найвышэйшая сiла.