Яны хутка iшлi па яшчэ няшумнай ранiшняй вулiцы, i Масейкiн усё гаварыў, гаварыў... "Ну й галава, - дзiвiўся сам сабе Гай Дубровiч. - Два Везувii плюс вулкан Ключаўская сопка. I заўсёды напаўкрыла, напаўкрока ляцiць наперадзе прагрэсу. Здаецца ж, нейкi месяц назад захапляўся разгадваннем "свяшчэннасцi" лiчбы 7. Выступiў па Iндаэўрапейскiм тэлебачаннi i, здзiвiўшы вучоных мужоў, заявiў, што даўмеўся, хоць сам i не гiсторык, чаму першалюдзi так шанавалi гэту самую лiчбу 7. Аказваецца, чалавечае цела мае сем "чыстых" адтулiн: вочы, вушы, ноздры, рот. Вялiкi перапалох быў памiж навукоўцаў. Нават сам Гай не ўтрымаўся тады i ў газеце "Хатнi фантаст" надрукаваў сваю версiю. Па ягоных меркаваннях, лiчбу 7 людзi зрабiлi свяшчэннай таму, што кожны чалавек (прынамсi, на золку зямных цывiлiзацый) мог назiраць, калi дачасна не памiраў ад варожага мяча або чумы, сем жывых прадстаўнiкоў свайго роду-племенi: прадзеда, дзеда, бацьку, сябе, сына, унука, праўнука. I вось сёння Навум Масейкiн з найвялiкшай страсцю гаворыць, амаль крычыць аб Чалавеку з бронзавым, а не з брыльянтавым сэрцам.
Яны падышлi да 7-й верталётнай пляцоўкi, дзе стаяў верталёт сям'i Дубровiчаў.
- Можа, паляцiш разам са мной? - прапанаваў Гай. - Хачу пабываць у Доме Пераўтварэнняў. Масейкiн адмоўна хiтнуў галавой.
- Тады - да пабачэння. Жывуць Сонца i Кiсларод. Толькi скажы мне, Навум, каго б ты, супервядомы тэлевiзiйны ас, аб'явiў Чалавекам з брыльянтавым, прабач, з бронзавым сэрцам за гэты год?
- Старшыню Лiгi барацьбы супроць мутактаў Грома Стралковiча, - не мiргнуўшы вокам адказаў Масейкiн. - Дарэчы, праз два днi лячу да яго, каб зрабiць тэлерэпартаж. Апошнiм часам зноў актывiзавалiся двухгаловыя воўкасабакi, i Гром разам з сябрамi дае iм прыкурыць.
Яны развiталiся. Гай, паказаўшы робатуахоўнiку кантрольны жэтон, лёгка ўскочыў у элегантны двухвiнтавы верталёт i праз колькi iмгненняў ужо ляцеў над зялёнай чыстай зямлёй. Настрой у яго пакрысе прыходзiў у звычную норму унутраны спакой, упэўненасць. Плылi ўнiзе роўныя цянiстыя вулiцы, люстэркi вадаёмаў, многавугольнiкi паркаў i садоў. З-за хмар, сiнявата-ружовых, па-ранiшняму лагодных, распальвалася сонца. Там, дзе хмар не было, бачыўся зыркi блакiт, яшчэ халаднаваты, але (Гай адчуваў гэта кожнай кропелькай душы) вельмi ўстойлiвы, надзейны, быццам быў адкаваны з лепшых гатункаў металу. Нездарма першыя хрысцiяне, глянуўшы на такi блакiт, казалi з вялiкай перакананасцю: "Усе мы, кожны ў свой час, будзем на нябеснай цвердзi". З невялiкага воблака, асветленага яркiмi промнямi, раптам зашалясцеў дождж. Здавалася, пасыпалася на зямлю сонечнае зерне.
Вось памiж аксамiтнага разлiву лесу паказаўся Дом Пераўтварэнняў. Круглы, трыццацiпавярховы, з высокай мачтай-маяком на самым версе. Каля гэтай мачты i пасадзiў свой верталёт Гай. Сонца люстравалася ў алюмiнiевых i медных пласцiнах, якiмi быў высцелены дах.
У Доме Пераўтварэнняў уладарылi робаты: лiфцёры, электрыкi, праграмiсты, санiтары, буфетчыкi, асенiзатары, цырульнiкi... Маўклiвая жалезнаскурая раць адразу акружала кожнага чалавека, якi завiтваў сюды. Робаты былi сама абаяльнасць i добразычлiвасць, прадбачвалi любое жаданне сваiх гасцей, але вочы ў iх свяцiлiся бясстраснасцю i механiчным спакоем, i недалёка ад iсцiны прайшоў той мудрэц, якi сказаў, што нiколi не паразумеецца жывое са штучным, ген з найдасканалейшай мiкрасхемай. Пасля вядомага паўстання ў Германii робатам, у адрозненне ад людзей, забаранiлi ствараць якiя-небудзь партыi або групоўкi, тых, хто не згадзiўся, кiнулi пад прэс i ў пераплаўку. Але хадзiлi ўпартыя чуткi, што тут, у Доме Пераўтварэнняў, якi аж кiшэў робатамi, у глыбокiм падполлi дзейнiчае iхняя тэрарыстычная арганiзацыя "Металiчная Рука". Нападаў на людзей, праўда, пакуль што не было, i размовы аб нейкiм падполлi можна было б назваць недарэчным мiфам, каб не паведамленне тэлежурналiстаў (у тым лiку i Навума Масейкiна), што ў раёне Тоўстага Лесу зафiксавана на кiнаплёнку сустрэча двух робатаў з мутантамi. Што прывяло робатаў у Тоўсты Лес, калi там дазволена бываць толькi навукоўцам i членам Лiгi барацьбы супраць мутантаў?
У ярка асветленым, прасторным i, што асаблiва ўражвала, нетаропкiм лiфце Гай Дубровiч апусцiўся на пятнаццаты паверх. Тут быў Духоўны цэнтр Дома Пераўтварэнняў, тут з кожным, хто захацеў пераўтварыцца, цэлых пяць хвiлiн гутарыў сам доктар Метэор, заснавальнiк Дома, праўда, гутарыў з экрана. Ён быў адзiным чалавекам памiж соцень робатаў.
Гая ўвялi ў маленькi круглы пакой, пасадзiлi ў крэсла-вяртушку. Адразу ж успыхнуў экран i лысая галава доктара Метэора, добра вядомая ўсiм зямлянам, з'явiлася на экране, суха ўсмiхнулася.
- Прырода толькi часцiнка таго, што можна ўявiць, - загаварыў доктар Метэор. Гэтую першую фразу Гай Дубровiч вывучыў назубок яшчэ ў малодшых класах лiцэя. Яна, гэтая фраза, назаўсёды адцiснулася, нiбы клiшэ, у памяцi зямлян розных пакаленняў. З ёй можна было не згаджацца, спрачацца, але тут, у Доме Пераўтварэнняў, дзе вярхоўным жрацом i ледзь не богам быў доктар Метэор, ёй пачыналася кожная яго тэлеразмова.