Бжэнка.
Дзякуй, ваша вялікасць... Хай вас Бог прылашчыць у вашым адчаі і горы... Дазвольце руку пацалаваць... свайму каралю... Толькі як каралю...Цалуе руку Жыгімонта.
Жыгімонт.
Праспявай мне на развітанне і... бывай.Бжэнка (спявае і адначасова адыходзіць).
На моры вутачка купалася,
Пакупалася, у бор паляцела,
У барочку шчыранька грагаць стала:
— Дзе ж мае дзетачкі падзяваліся?
Ад свайго гняздзечка адчураліся.
Дзе ж мае дзетачкі падзяваліся?
Ад свайго гняздзечка адчураліся.
З'яўляецца Чорная Панна.
Чорная Панна.
Хадзі сюды, хадзі сюды, каханы...
Жыгімонт.
Памерла ты, і я з табой забраны,
Журба — мая дзяржава, мой прастол,
Змрок на душы, як у асеннім лесе.
Чорная Панна.
Баль адшумеў, і ціша навакол.
Жыгімонт.
Каханая...
Чорная Панна.
У чорным небе дрэмле ясны месяц.
Жыгімонт.
Барба-а-а...
Чорная Панна.
Абліты цьмяным срэбрам лес і дол.
Жыгімонт.
Любая...
Чорная Панна.
I болей не чутно птушыных песень.
Жыгімонт.
Родная...
Чорная Панна.
Усімі зоркамі мяне цалуе ноч.
Жыгімонт.
Адзіная...
Чорная Панна.
Ласкавы ветрык лашчыць, лашчыць грудзі...
Жыгімонт.
Не пакідай мяне...
Чорная Панна.
I гладзіць цемра мне павейкі воч.
Жыгімонт.
Не пакідай...
Чорная Панна.
Я зведаю... чаго не зведаць людзям.
Жыгімонт.
Не пакідай...
Знікаюць у цемры.
Ад аўтара. Літоўская прыгажуня Барбара Радзівіл была каранавана як каралева Польшчы ў снежні 1550 года. Роўна праз паўгода, 8 мая 1551 года, яна памерла. Пахавана ў Віленскім саборы. З яе партрэта быў намаляваны абраз Маткі Боскай Вастрабрамскай — вечны помнік вялікаму Каханню...