Грэх страшны быць з жанчынай без кахання.
Бона.
Ды ад цябе адвернецца ўся Польшча!
Жыгімонт.
Я адвярнуся ад яе і сам!
Мне Польшча без Барбары не патрэбна!
Хай ведае і канцлер, і сенат,
Усе, хто пасылае ёй праклёны,
Я лепей адракуся ад кароны,
Чым ад яе. I з'еду у Літву.
А Польшча караля хай выбірае
З тых, у каго душы няма, хто не кахае...
Хто мне не вораг, той яе прызнае.
А не прызнаюць нелюдзі і злыдні!
Каранаванне будзе праз два тыдні.
Бывайце, каралева.
Выходзіць.
Бона.
Ён за яе да смерці будзе біцца,
Выйсця няма. Даводзіцца... скарыцца.
О жорсткі лёс! Няслава ўсёй Кароне.
О страшны сон! Ліцвінка ўжо на троне.
Пан Мнішак!
Уваходзіць Мнішак.
Мнішак.
Слухаю, мая каралева...Бона.
Вам належыць неадкладна выехаць у Літву і выправіць сваю памылку.Мнішак.
Якую памылку, каралева?Бона.
Мне сасніўся нядобры сон... Як быццам пушчанскае зелле, якое вы незнарок пакінулі ў Нясвіжы, выпіла маленькая дзяўчынка...Мнішак.
Калі каралева сніла сон?Бона.
Сёння ноччу.Мнішак.
Сны ў ноч на нядзелю ніколі не спраўджваюцца.Бона.
Тым не менш у мяне неспакойна на душы... Выязджайде зараз жа.Мнішак.
Я паеду зараз жа, забяру гэтую бутэлечку і дзе-небудзь закапаю яе ў лесе.Бона.
Грэх закопваць смяротнае зелле ў зямлю. Прывязіце яе сюды...Мнішак.
Слухаю, каралева...Нясвіж. Палац Радзівілаў.
Жыгімонт і Радзівілы.
Жыгімонт.
Я толькі з Вільні. Мне сказалі ў замку...
Барбара пераехала да вас?
Радзівіл Чорны.
Так, тут яна, ды бачыць вас не хоча.
Радзівіл Руды.
Я не хачу, каб бачыліся вы.
Радзівіл Чорны.
Даруйце нам, даруйце нашу дзёрзкасць.
Жыгімонт.
Я вам ужо аднойчы дараваў,
Хай будзе так. I гэты раз дарую.
Дзе мая жонка?
Радзівіл Руды.
Я вас не пушчу!
Жыгімонт.
Я ваш кароль.
Радзівіл Руды.
Яна — мая сястра,
Якая з вашай ласкі захварэла.
Жыгімонт.
Што з ёю?
Радзівіл Руды.
Ды цяжэй няма хваробы,
Калі душу параніць.
Жыгімонт.
Дзе яна?
Радзівіл Чорны.
Ваша вялікасць, я прашу...
Жыгімонт.
Мне што,
Паклікаць стражнікаў, каб вас яны звязалі?
Барбара дзе?!
Уваходзіць Барбара.
Барбара.
Пакіньце нас, прашу...
Радзівілы выходзяць.
Жыгімонт.
Барбара, любая!
Барбара.
Скажыце мне, кароль...
Як ваша найкаштоўнае здароўе?
Жыгімонт.
Ужо цудоўна!
Барбара.
Я надзвычай рада.
Калі ваш шлюб?
Жыгімонт.
Ды роўна праз два тыдні.
Барбара.
Мне загадаеце да Вавеля прыбыць?
Жыгімонт.
Малю! Прашу! Прашу і загадаю,
Бо я на гэта трошкі права маю.
Барбара.
Вядома, мой кароль...
Жыгімонт.
Вы нездаровы?
Барбара.
Так... Глупства... Пройдзе...
Жыгімонт.
Лекараў прыслаць?
Барбара.
Не трэба, мой кароль, я... я прыеду
На цырымонію...
Жыгімонт.
Я гэта добра ведаў.
Бо як жа можна нарадзіць дзіцяці,
Калі няма ці бацькі, ці то маці.
I не бывае ў свеце шлюбных фэстаў,
Калі жаніх памёр альбо няма нявесты...
Барбара.
Якой нявесты?
Жыгімонт.
Вам напраўду дрэнна...
У ложак хуценька! Мне жонка не патрэбна
Нядужая. А ў Польшчы каралева
Павінна быць прыгожай і здаровай.
У хуткім часе будуць нас каранаваць,
А гэты здзек не проста так стрымаць.
Барбара.
Мяне? Каранаваць?
Жыгімонт.
Каго ж яшчэ?
Вы — мая жонка. Значыць, каралева.
Барбара.
Дык вы не жэніцеся?
Жыгімонт.
З кім жа мне жаніцца?
Калі вы здольная яшчэ раз нарадзіцца,
Тады яшчэ раз ажанюся я.
Барбара.
Ці не казалі вы, што любіце прынцэсу?
Жыгімонт.
Казаў. Люблю, як родную сястру.
Барбара.
Лепш за яе нідзе на белым свеце...
Жыгімонт.
I прыгажэй не будзе і няма,
Ды гэтага ніколі я не ўбачу,
Бо ў сэрцы вы.
Барбара.
Яе вы цалавалі?
Жыгімонт.
Яна сама мяне пацалавала
I пажадала шчасця мне і вам:
«Жывіце доўга, смерць сустрэньце разам.
Каханне Бог вам даў, дык не згубіце часам».
Барбара.
Я — грэшніца!
Жыгімонт.
Што з вамі, каралева?
Я вас пакрыўдзіў, можа, незнарок?
Барбара.
Я — грэшніца, я — грэшніца, о Божа!
За самую пачварную хлусню
Страшней недагавораная праўда.
Жыгімонт.
Я ўсё вам расказаў! Ды не, яшчэ не ўсё!
Яна падаравала вам пярсцёнак.
Ён цудадзейны! Гоіць добра раны!
Барбара.
Я — грэшніца... Даруй мне, мой каханы.
Падае на рукі Жыгімонту.
Жыгімонт.
Сюды, сюды! Ёй дрэнна! Памажыце.
Выносіць Барбару на руках. З'яўляецца Мнішак.