— Чаму так позна, цётка Настуля? — адразу звярнулася яна да гаспадыні.— Я ўжо забягала да вас. Хіба там на ферме што?
— Я не з фермы,— здымаючы ззяблымі рукамі світку, сказала жанчына.— У ларку была.— Яна паказала вольнай рукой на засланку ў печы. — Выскачыла адтуль, як з лазні, бягу дадому, а тут Шулаў насустрач.
— Пра вепрука? — засмяяўшыся, спытала Даша.
— А то пра што ж? Я ўжо не ведаю, калі я набяруся смеласці плюнуць гэтаму чалавеку ў вочы.
Андрэіха пачала спрабаваць паддзець пальцамі пад вешалку ў сваёй світцы, ды не выходзіла гэта ў яе, бо не разгіналіся пальцы.
— Дайце я вам памагу,— падбегла да яе дзяўчына.— Ой, як вы змерзлі! Дайце патру рукі!
Лёгкім рухам галавы яна дапамагла свайму шаліку спаўзці з валасоў на шыю, і твар яе стаў яшчэ больш светлым і ажыўленым, галава пакруглела.
— Так доўга ў ларку?—здзівілася яна.
— Ды не. Тут яшчэ Шулаў на вуліцы спяваў мне свае вясёлыя песні.
— От заўтра ён у мяне заспявае! — раптам са злосцю i абурэннем прамовіла дзяўчына.— Так заспявае, што на ўсе Дабрасельцы стане чутно.
— Што ж ты яму зробіш? — Андрэіха крыху сумелася, заўважыўшы на твары дзяўчыны сапраўдную рашучасць.— Выганіш кормніка з фермы?
— I выганю, думаеце, не? У праўленне калгаса заганю! От пабачыце!
— Не чапай, няхай яго сарочка не чапае.
Андрэіха, трохі разагрэўшы рукі, стала хуценька падганяць-дамашнія справы. Даша глянула ў адзін кут, у другі, адразу зразумела, што тут дзе трэба, і таксама ўзялася за работу. У чужой хаце ў яе выходзіла ўсё гэтак жа спрытна i ладна, як і ў сваёй.
— А што ж вы будзеце вячэраць, цётка Настуля? — спытала яна ў гаспадыні, калі ўжо была падоена карова, напоены лысы бычок i прыведзена ўсё да ладу каля печы. У рабоце прайшла ў дзяўчыны злосць на Мокруціху, на Шулава, настрой палепшыўся і твар зноў зайграў маладой весялосцю.
— От малака свежанькага нальём, — сказала Андрэіха, — ды i павячэраем. Можа i ты разам?
— Не, я перакусвала, — па-сямейнаму сказала Даша. — А гарачага ў вас і няма нічога?
— Ды хіба выстаіць з самага ранку?
— Пачакайце!
Праз некалькі хвілін дзяўчына зноў убегла ў хату, на галаве ў яе быў той жа самы белы шалік, але пярэдні расшыраны канец яго прыкрываў нешта круглае, загорнутае ў ручнік. Прытрымліваючы гэтую рэч адной рукой, дзяўчына ўзяла на прыпечку драўляны кружор-падстаноўку, паклала на стол і прыгнулася над ёй са сваім незвычайным падарункам. Калі адступіла на крок, трымаючы над локцем ручнік, з падарунка клубком паваліла пара — гэта быў чыгунок толькі што зваранай бульбы.
— Усё роўна, як ведала,— радасна сказала Даша,— два чыгуны назбірала — паставіла: адзін мужчинам, а другі вось нам з вам!
Бульбу высыпалі ў міску, i смачны пах ад яе паплыў па хаце. Побач з міскай Андрэіха паставіла гладышык малака. Жанчыны пачалі вячэраць, і ўсе дзённыя клопаты і непрыемнасці неяк мімавольна адплылі, пакінулі хатні прытулак.
На вуліцы пачуліся галасы: спачатку дзявочыя, а потым нехта з хлопцаў загаварыў дробна і весела:
— У цябе ёсць канспект па «левізне»?
— Не, мы «левізны» не канспектавалі, — адказала дзяўчына.
— Студэнты прыехалі,— зірнуўшы на акно, заўважыла- Даша.— Канікулы.
Пасля гэтага яны вячэралі моўчкі, але ў кожнай былі свае думкі, свае ўспаміны. «Куды ж яны пойдуць, студэнты? — брала цікавасць Дашу.— Можа да нас? — Прыслухалася да галасоў.— Не, мінаюць двор, пайшлі далей. Няхай сабе ідуць».
У Дашы няма ніякай крыўды за тое, што хлопцы мінулі яе двор. Што ёй гэтыя студэнты? Ёсць яны ці няма. От каб прыляцеў той студэнт, з крыльцамі на пагонах! Каб гэта яго голас пачуўся на вуліцы! Давялося б, напэўна, цётцы Настулі адной даядаць бульбу, не ўсядзела б тады дзяўчына ў хаце.
Андрэіха таксама думала пра студэнтаў, толькі не пра чужых. Былі ў яе некалі свае студэнты. Адзін вучыўся на другім курсе педінстытута перад вайной, а другі канчаў дзесяцігодку. Хадзілі вось гэтак жа па сваёй вуліцы ў час канікулаў, спявалі песні, а прыходзілі ў хату, дык прыходзіла з імі ўсё радаснае і шчаслівае, што было ў жыцці. Завіруха на двару здавалася ласкавай.
— Дзякуй табе, Даша,— сказала нарэшце гаспадыня,— адагрэла ты мяне.
На дварэ, відаць, пачынаў мацнець вецер, бо сухі маліннік, хоць яшчэ і ціха, але пачынаў ужо шкрабаць па шыбе. Гэты шкрэбат заўсёды нагадваў Андрэісе пра холад, сцюжу і, чамусьці, пра людское гора, хоць пра яго i не хацелася думаць. Ужо колькі разоў збіралася залезці ў агародчык ды выламаць гэты надакучлівы куст. Але неяк шкада ламаць сваё, звычнае, хоць, можа, і не надта патрэбнае. Не падымаліся ў жанчыны рукі, каб што-небудзь зламаць, папсаваць і тым больш — хоць пальцам крануць што-небудзь жывое. Вунь у хляве — бычок. Перавяла ўчора з сянец. Каб усё на лад, то яго ўжо даўнавата трэба было б зарэзаць, але ж як тут i падумаць аб гэтым? Зойдзеш, а ён глядзіць на цябе такімі яснымі i даверлівымі вачамі.
Жанчына ведае, што калі б папрасіла яна Мітрафана асвежаваць бычка, то некалькі сутак не ела б не толькі гэтай свежаніны, a і нішто іншае не пайшло б у рот.