Пасля запісу Сямёнавага папаўнення і гамонкі ў цяпле яны выбіраліся з пасёлка не надта лёгка і бездакорна. Калі б хто паглядзеў потым на іхнія сляды на вуліцы, то напэўна падумаў бы, што нячыстая сіла хістала людзей то ў адзін бок, то ў другі. Уперамешку з гэтымі страшэнна бязладнымі слядамі відны былі месцамі і котлішчы на снягу. Гэта Мокрут з Ціхоням у абдымку адпачывалі на дарозе, пакуль Васіль Печка, трохі меньш п’яны і таму прутчэйшы ў нагах, выбіраў напрамак руху і пратоптваў сцежку. Ноч была цёмная, снегу за гэты час яшчэ больш прыбавілася, не відно было ні дарогі, ні такіх добра прыкметных арыентыраў, каб іх можна было заўважыць нецвярозаму воку. А тут яшчэ крыкі ззаду, розныя каманды.
— Печка-а! — галасіў Мокрут.— Глядзі ж ты там, будзь чалавекам! На Дабрасельцы трымай, проста на дамок млынара!
— Не слухай яго, Васіль, — настойліва прасіў Ціхоня. — Што там нам з табой рабіць у Дабрасельцах? На Чырвоныи макі давай. Там мяне жонка чакае, а цябе маці.
Пасля команды Мокрута Васіль стараўся грэбціся ўправа, каб узяцца прасцей на Дабрасельцы, калі ж пачынаў угаворваць Ціхоня, тады самі ногі ішлі ўлева. I аднаго нельга было не паслухаць, і другога. А што рабіць самому, хто ведае. Васіль да таго часу пакорліва слухаў каманды і паварочваў то ўправа, то ўлева, пакуль зусім не збіўся з дарогі і не пачаў кружыняцца па полі. Кружыняўся пэўна гадзін дзве і прыбіўся, нарэшце, у суседні пасёлак. Тут ужо нават сабакі спалі. Ледзь не ў кожны двор намагаўся хлопец зайсці, каб пастукацца, папрасіцца нанач, ды ўсё не да ладу: то брамка была зачынена так, што хоць зубамі яе грызі, то гура снегу каля варот палохала. Начальства магло б не пералезці цераз яе.
Толькі ў самым канцы пасёлка бліснуў агеньчык у акне i рантам зноў патух. Васіль прыбавіў кроку, але адразу ж пачуў воклік Мокрута:
— Куды ты вядзеш нас, Сусанін пракляты?!
Васіль спыніўоя і, паціраючы вушы, стаў чакаць, пакуль яго падапечныя прысунуцца бліжэй.
— Чаго стаіш, як слуп? — крыкнуў цяпер старшыня.
Гэтаму чалавеку і цвярозаму цяжка ўгадзіць, не то што п’янаму. Васіль добра ведаў гэта, але трымаўся, таму што i самому трэба было неяк ратавацца. Асенняе паношанае палітцо, ды шапка летняя, ды нават рукавіц няма. Доўга не вытрымаеш у такой адзежы, нават калі трохі i пад градусам!
Ідучы назаўтра дадому, Мокрут неўпрыкметку пасміхваўся сам сабе, а часам паварочваўся да Ціхоні і з хітрынкай пытаў:
— А добра пагулялі! Праўда?
8
Выйшаўшы з эмтээсаўскага ларка, Андрэіха адчула, што мароз быццам бы зусім адлёг. Біла ў нос толькі рэзка свежым паветрам, а холаду амаль не адчувалася. Аднак калі жанчына прайшла яшчэ некалькі крокаў, то нечакана для сябе пачала сціскацца і лепш захутвацца,— мароз злосна хватаў за потныя плечы, за ногі і за тую руку без рукавіцы, якой яна трымала паўбуханкі хлеба.
На вуліцы ёй сустрэўся Шулаў, i як ні старалася жанчына прабегчы не заўважанай, усё ж спыніў яе.
— Вы яшчэ толькі з фермы? — ласкава спытаў ён, хаваючы вялізныя чырвоныя рукі ў кішэні паліто, да траскатні ў швах раздутае цёплай паддзёўкай.
— Я ў ларку была,— паспешна адказала жанчына, хочучы на гэтым і скончыдь размову.— Там хлеб давалі.
— Хлеб? — Шулаў паглядзеў на пасінелую руку жанчыны.— А я падумаў; што гэта вы пазычылі ў каго. Што ж гэта мне ніхто не сказаў пра хлеб?
Андрэіха пералажыла паўбуханкі ў другую руку, падалася трошкі ўбок, каб даць зразумець, што ёй трэба бегчы дадому, а то кашуля к целу прымерзне, але Шулаў нават i не заўважыў гэтага. Час-ад-часу паглядваючы на свае цёплыя боты з адваротамі, ён усё зацягваў і зацягваў гаворку.
— Вяпрук ваш добра есць,— сказала нарэшце жанчына, заўважыўшы, што старшыня ўвесь час ходзіць каля гэтага, ды, нібыта, не адважваецца епытаць.
— Я зусім i не пра тое, — сказаў ён, скрыпнуўшы ботамі, — аднак калі вы ўспомнілі, то цікава ўсё ж такі... Сёння я не быў на ферме. Не паспеў. Што вы яму давалі сёння? Вобмешка была? Я магу трохі мукі вам выпісаць, калі трэба. То i сабе якога блінца спечаце. Выпісаць?
Андрэіха ўсё перакладвала хлеб з адной рукі ў другую, потым, адчуўшы, што ён пачынае камянець, паспрабавала захутаць яго палою світкі. Узялася пальцамі за гузік, каб расшпіліць світку, і ўжо адчуць не можа, гузік гэта, ці так якая лядзяшка. Пакуль адной рукой намагалася саўладаць з гузікам, з другой выпаў хлеб і паехаў уніз па слізкай каляіне. Шулаў дагнаў яго i, падносячы мёрзлы кавалак гаспадыні, няўпэўнена спытаў:
— Можа б заўтра хто замяніў вас на ферме, а вы прышлі б там трохі сцены падмазалі б у маёй хаціне. Га?
Андрэіха падула на хлеб, абедзвюма рукамі прыціснула яго да грудзей і моўчкі рушыла да хаты. Дома яна паставіла хлеб на талерцы ў печ, а сама пачала жвава хадзідь па хаце і расціраць рукі.
«Раз’еўся,— падумала яна пра старшыню,— яго і без адзежы мароз не пройме».
Ляснула клямка ў сенцах, і ў хату віхрам уляцела Даша. Яна была без верхний вопраткі, толькі белы роблены шалік, накінуты на валасы i перакручаны на шыі, вісеў адным канцом на грудзях, а другім на плячах.