I хлопчык верыў, што ён паправіцца, будзе сам стаяць, хадзіць, бегаць. У любы час года, у любое бездарожжа браў яго бацька на рукі i за некалькі кіламетраў ішоў у медыцынскі пункт. Стары фельчар аглядваў нагу, даваў мазі i таксама гаварыў, што хутка ўсё пройдзе, загоіцца, што праз які тыдзень-два малы пачне лётаць з кім хочаш навыперадкі. Бацька выціраў рукавом успацелы твар і адразу весялеў, а малы Іван глядзеў на чорныя вільготныя пасмы бацькавых валасоў, паціху варушыў балючай нагой, i здавалася яму, што вось зараз ён здзівіць не толькі бацьку i гэтага добрага дзядулю-фельчара, a і ўвесь свет: устане i пойдзе сам дадому. Бацька ледзь не подбегам будзе спяшацца за ім i аж да самай хаты не возьме на рукі, бо не будзе ў гэтым патрэбы.
Іван сапраўды неўзабаве паправіўся, але ўсё ж накульгваў, бо нагу падцягнула ў цяглях. Доўга ён яшчэ верыў бацьку i старому фельчару, што i гэта хутка мінецца, што абедзве нагі стануць роўнымі, доўга яшчэ марыў аб тым, што хутка пачне бегаць вельмі моцна i нават Ан- дрэевага Уладзіка апярэдзіць, хоць той бегае шпарчэй за ўсіх. Потым з часам надзея гэтая змяншалася, светлыя мары змрачнелі, хлопчык стаў ціхім i не па сваіх гадах задумлівым. У пачатковай школе ён вучыўся разам з Васілём і Уладзікам. Тыя кожны дзень прыляталі ў школу на двух жалезных каньках, грымелі імі нават і ў калідоры. А Іван ужо не зайздросціў. Ён ужо ведаў, адчуваў, што не ўсё тое можна яму, што можна Васілю або Уладзіку. У іх, няхай сабе, па два канькі, няхай сабе, жалезныя, а яму бацька зрабіў адзін, дзеравяны, абкуты тоўстьгм дротам. Іван прывязваў гэты канёк да правае, даўжэйшае нагі, а левай, каротшай, папіхаў. Так і ехаў па замерзлай канаўцы аж да самай школы.
Вучыўся Іван добра. Бацька цяпер браў у аснову гэта і заўсёды наказваў, прасіў:
— Вучыся, мой сынок, старайся. Помачы ад цябе дома не патрабую, спраўляйся хоць з урокамі. Станеш вучоным, тады будзе i помач.
Магчыма, што і быў бы Іван вучоным, каб не вайна...
... За перагародкай пачуўся раздразнёны, з сыканнем ад перасохласці ў роце голас фінагента. Ён за нешта крычаў на Васіля, нават злосна лаяўся. Васіль жа адмоўчваўся, а калі нешта і гаварыў, дык ціха, памяркоўна, нібы ва ўсім прызнаваў сябе вінаватым.
«Так вось ён і з Мокрутам,— падумаў Іван.— Што б той ні сказаў, рота не разявіць, каб запярэчыць ці выказаць сваю думку. Заўсёды з усім згодны, заўсёды пакорлівы, быццам бы ў яго i не бывае тае свае думкі. А некалі гэта быў вельмі бойкі, жвавы хлапец, лез у спрэчкі нават i тады, калі не трэба было лезці. Ці перамяніўся чалавек з гадамі, ці i раней у яго не было пэўнай цвёрдасці?»
Пад вечар так сумна стала сядзець аднаму, што Іван рады быў бы, каб хто-небудзь прышоў сюды хоць на хвіліну. Няхай бы ўзяўся на ўлік ці зняўся. Але паколькі ніхто ў бакоўку не заглядваў, а больш такой спадручнай работы не знаходзілася, то хлопец стау падумваць аб тым, каб пайсці сёння ў Дабрасельцы. Не шкодзіла б купіць там хлеба ў эмтээсаўскім ларку, пабываць на сваім двары, агледзець садок, вулейчык з пчоламі ды зайсці спытаць у Андрэіхі, можа патрэбна якая дапамога. Іван не быў ні суседам, ні сваяком Андрэіхі, але некалі ён шчыра сябраваў з Уладзікам, хоць той быў трохі старэйшы. Бацькі іх таксама сябравалі. Андрэй любіў прыходзіць да Іванавага бацькі на вячоркі, а Андрэіха не саромелася пазычаць у мацеры ўсё, што толькі ні даводзілася: соль, запалкі, буханку хлеба, катушку нітак. Калі прыходзіла пазычаць, то спынялася на паўхвілінкі на парозе і не заўважала, як праходзіла ў гаворцы некалькі хвілін. Потым, калі прыходзіла аддаваць пазычанае, то паўтаралася тое ж самае.
Калі выйшла так, што пасля вайны і Андрэіха і Іван засталіся адзінокімі, яны па адчуванню душэўнага абавязку сталі памагаць адно другому ладкавацца ў жыцці, перамагаць цяжкае гора страты родных і самых блізкіх людзей,
«Можа ў яе дроў колатых ужо няма»,— падумаў Іван.
7
Перад самым вечарам Мокрут заглянуў у сельсавет толькі дзеля таго, каб падаць знак сакратару. Той умомант сабраў сваю папку i ўслед за начальствам выйшаў на вуліцу. Тут зноў ішоў снег — у гэтую зіму рэдка выдаваўся той дзень, каб не было снегу: то ён сыпаў дробны i калючы, як пацёрты лёд, то кружыўся мяккі і лёгкі, як пух. Каўнер Мокрутавай кожанкі быў настаўлены, а Васіль Печка нацягнуў колькі можна было на вушы шапку і схаваў пад палою паліто свае паперы. Удвух яны рушылі так па вуліцы. Раптам Мокрут спыніўся, і Васіль, з зажмуранымі ад снегу вачыма, ледзь не стукнуўся ілбом яму ў спіну.
— Знаеш што? — звярнуўся старшыня да хлапца.— Памяць у мяне ўжо нешта слабець пачала: забыў зрабіць адно распараджэнне.
— Якое? — насцярожыўся Васіль.
— Забыў сказаць крывому, каб пайшоў туды да мяне ды напілаваў жонцы дроў.
— Дык я пайду скажу,— ахвотна падручыўся Печка.