Читаем Дабрасельцы полностью

Калі прышоў Васіль Печка, Іван сказаў яму, што на тэрыторыі сельсавета — інструктар райвыканкома, аднак сакратар не звярнуў на гэта амаль ніякай увагі.

— Там, дзе гэты чалавек начуе,— сказаў ён, усміхнуўшыся,— там не днюе, а дзе днюе, там не начуе. Пры такім інструктары можна жыць спакойна.

Управіўшыся з Мокрутавым пакоем. хлопцы разышліся, каб заняцца службовымі справамі. У Дабрасельскага сёння, на жаль, ніякіх службовых спраў не было. Такія дні выпадаліся частавата. Іван не надта радаваўся ім, бо па сваёй натуры ён быў чалавек працавіты, не любіў сядзець, склаўшы рукі, i не хіліўся таксама да гульні ў шашкі, шахматы ці ў што іншае, моднае цяпер у сельсаветах і ў калгасных канцылярыях. Паколькі чытаць пад рукамі нічога не было, хлапец, як ужо каторы раз, паставіў перад сабою скрынку з уліковымі карткамі і пачаў пераглядваць іх, перачытваць. Яму падабаўся такі занятак. Карткі знаёмых людзей цікавілі тым, як яны былі запоўнены: можа хто прыбавіў сабе год ці трохі працоўнага стажу, можа хто жанаты, а напісаў, што халасты. Карткі ж незнаёмых мелі асаблівую цікавасць. Любіў Іван чытаць людскія біяграфіі; ён і ў кніжках спачатку падрабязна вывучаў, хто такі аўтар, а тады ўжо браўся за тэкст.

Хлопец перакладаў карткі аж да таго часу, пакуль не данёсся да яго голас Мокрута. Затым, вярнуўшыся з грознага выкліку, слухаў, як старшыня распякаў сакратара і фінагента, чутно было, як яшчэ разоў два Мокрут павышаў голас, а потым надышло тое звычайнае, што бывае тут даволі часта. Старшыня знік, Печка з фінагентам селі гуляць у шахматы, а ўсе, хто прыходзіў у сельсавет, акрамя, вядома, дзядоў i бабулек, прыліпалі да сакратарскага стала, углядаліся ў канёў і каралёў і забывалі пра свае справы. Некаторыя для гэтага і прыходзілі сюды.

Выйшаў быў на хвіліну і Іван са свае бакоўкі, спыніўся каля шахматыстаў, хацеў нешта сказаць Печку, але ў гэты момант фінагент здзекліва глянуў на яго і спытаў:

— Што табе, начальнік?

Ён не сказаў «кульгавы», аднак усе зразумелі, што ні які іншы.

Іван змоўчаў і, стараючыся як можна менш прыкульгваць, пайшоў у Мокрутаў пакой. Там ён узяў раённую газету з пошты гэтага дня i вярнуўся ў сваю бакоўку. Газетка ў гэтым раёне выходзіла маленькая, як лістоўка, зводак і рапартаў у ёй пакуль што не было, дык i прачытаць не вельмі што знаходзілася. Тыя заможныя інфармацыі, што былі змешчаны ў канцы другой старонкі, ужо даўно перадаваліся па радыё, і Дабрасельскі іх чуў. Прагляд райгазеты заняў усяго некалькі хвілін, а потым хлапец зноў узяўся за сваю скрынку. Трапілася на вочы картка Васіля Печкі.

За перагародкай чуцён голас Печкі, а тут яго картка. Хорашанька запоўнены кожны пункт. Почырк роўны, чысты, толькі сям-там выкрунтасікі не зусім патрэбныя. Год нараджэння... Нацыянальнасць... Далей Іван чытае пра тое, што яму добра вядома, аднак доўга спыняецца на гэтых радках... «Бацька загінуў у час Вялікай Айчыннай вайны, старэйшы брат служыць у арміі»...

Прывыклі чытаць: загінуў. А што гэта значыць, не заўсёды і ўяўляецца. У Івана таксама загінуў бацька, у дзесятку дабрасельскіх сямей — таксама. Можа гэтыя людзі суткамі сцякалі крывёю, пакуль з’явілася магчымасць перавязаць іх, аказаць запозненую дапамогу. Магчыма, ляжалі яны дзе-небудзь у балоце, у голым бязлюдным месцы, нікога не чакалі, акрамя звера, драпежнай птушкі, аднак не трацілі надзеі на выратаванне... Можа, выконваючы баявыя заданні ў тыле ворага, ахвяравалі жыццём, каб перадаць весткі, патрэбныя каардынаты. Магчыма, што некаторыя з іх жывуць дзе-небудзь i цяпер, ды не могуць падаць голасу на радзіму, папрасіць, каб іх вызвалілі.

Калі Іван глыбока задумваўся, перад яго вачыма ўзнікала безліч уяўленняў пра невядомую пагібель яго бацькі. Усе ўяўленні былі толькі гераічнымі, бо Іван вельмі любіў свайго бацьку. Колькі, бывала, гэты маўклівы, працавіты чалавек папанасіў свайго ўжо не зусім маленькага сына на руках, пакуль у таго балела нага i нельга было нават і кроку ступіць самому. Здаралася, выйдуць вясною ў садок, ходзяць каля прышчэпак цэлымі гадзінамі.

— Трымайся добра за маю шыю,— просіць бацька - Іван дзвюма рукамі абшчапервае бацькаву шыю, таму што бацька часта нагінаецца, каб паглядзець, як дрэўца перазімавала ў корані, ці не папсавала што кару на камлі.

— Хутка ты паправішся,— з добрай надзеяй гаворыць бацька,— тады будзеш памагаць мне. Маці ў нас, сам бачыш, нездараўчаная, усё кволіцца ды скардзіцца на болі, а работы каля дому многа.

Перейти на страницу:

Похожие книги