Читаем Дабрасельцы полностью

— Пішы так! — загадаў ён, пастукаўшы пальцам па лістку.— Галасую! Хто супраць пастановы бюро райкома партыі і райвыканкома? Хто ўстрымаўся? Няма. Аднагалосна.

Васіль запісаў усё гэта i тады пачаў чытаць далей.

Калі чытанне было скончана, Мокрут, ледзь толькі абвёўшы вачыма тэкст, падпісаў паперку i суха сказаў:

— Ты выпішаш позвы дэпутатам, а ў школу я зайду сам. Потым вось што: зрабі мне копію ўсяго гэтага твайго спектакля. Я пазваню ў райвыканком і ўзгадню.

— Чаму гэта майго? — пакрыўджана спытаў Васіль.

— А чыйго ж? — старшыня рушыў у кут ля дзвярэй, дзе віселі яго кожанка i каракулевая вушанка са скураным верхам.— Не я ж выдумаў усю гэтую пісаніну.

— Не вы i не я,— лагодна загаварыў сакратар.— Так заўсёды рабілі. Падрыхтоўка дакументаў — рэч важная.

— Ладна! — старшыня махнуў рукой і пачаў здымадь з крука сваю кожанку;

Пакуль Мокрут апранаўся, Васіль моўчкі наглядаў за яго рэзкімі, зласнаватымі рухамі, слухаў знаёмае палопванне кожанкі, і толькі ўжо калі начальства ўзялося за ручку дзвярэй, сакратар зноў загрымеў зэдлікам і спытаў:

—Вы яшчэ прыдзеце, таварыш старшыня?

— Прыду,— неахвотна адказаў Мокрут.— Перад самым вечарам.

— Тут гэтае самае... — Хлапец замяўся і стаў паспешліва завяз- ваць сваю папку.

— Што? — старшыня прыпыніўся перад расчыненымі дзвярамі.

— Сямён Казырок павінен неўзабаве прысці.

Мокрут зачыніу перад сабою дзверы, і на яго валлячку адбілася задаволеная ўсмешка.

— Запісваць прыдзе?

— Так, запісваць. Заўтра ў яго радзіны. Ішлі мы гэта паўз яго двор, дык з коміна сіні дымок цадзіўся, а смажаная цяляціна пахла аж на ўсю вуліцу. ,

— Зарэзаў, значыцца? Маладзец Сямён! — Старшыня пачаў гаварыць з сакратаром ужо зусім іншым тонам.— Тады вось што, Васіль. У Сямёна сёння, ты ж ведаеш, многа ўсялякай работы, рознай бегатні. А чалавек ён паважаны, герой Айчыннай вайны.

— Які ён герой? — нясмела заўважыў хлопец i першы раз за ўсю гутарку ўсміхнуўся.

— Як гэта які? Мае два ордэны, медаль. Мы, брат, з табою нічога не маем. Адным словам, так.— Старшыня ўзяў з акна вайсковую шапку і падаў яе сакратару.— Схадзі ты, Вася, да Сямёна i скажы, што не варта яму дастаўляцца ў сельсавет вунь з самага дальняга пасёлка. Прыдзем сёння мы да яго самі і запішам, зробім усё, што трэба. Чуласць трэба праяўляць, разумееш? Скажы, што да каго-небудзь іншага я, вядома, не пайшоў бы нізавошта. А да Сямёна прыду.

6

«Кульгавы начальнік» быў таксама з Дабрасельцаў, нават i прозвішча меў Дабрасельскі, але ў гэтую зіму пражываў больш у Чырвоных Маках, бліжэй да службы. Кватараваў ён тут у адной бабулькі, якая ўсё сваё жыццё пратупала вартаўнічкай каля царквы, а пасля таго, як прыхажане закрылі царкву, нібы на зло ўсім, не працавала нiдзе. Кватарант калоў ёй дровы на абагрэў печы, прыносіў з былога папоўскага калодзежа вядро вады. Гэтага вядра хапала бабцы амаль на двое сутак.

У сваёй вёсцы Іван Дабрасельскі меў свой сэдас: былі ў яго тут хата, хлеў, свіранчык, дрывотня. Усё гэта было ўжо не новае, аднак жыць дома можна было. Не жыў хлапец толькі таму, што вельмі баяўся зімовай адзіноты. У сельсавет ён прыходзіў рана, яшчэ толькі вучні пачыналі гурбачкамі сыпаць у школу. Калі ў яго бакоўцы было вельмі ўжо натоптана, браў у маленькім настылым калідорчыку дзяркач, падмятаў, як можна было падмясці такім дзеркачом, сціраў газецінай свой стол і садзіўся за работу. Печка прыходзіў на добрую гадзіну пазней, фінагент жа зранку зусім не паказваўся ў сельсавет, а з’яўляўся ўжо тады, калі ногі ледзь намацвалі ўсходцы, а рукі — клямку. Іван і Васіль звычайна ўспаміналі, чыя сёння чарга падмятаць асноўны сельсавецкі пакой. Мокрут забараняў трымаць прыбіральшчыцу, таму што законных гаспадарчых сродкаў ледзь хапала на ўтрыманне каня. Хлопцам падчас трэба было паламаць галаву, як гэта ўсё ўладзіць, каб старшыня не злаваўся. Любіў Мокрут добра, хораша праехаць, каб аж снег разлятаўся з-пад конскіх капытоў. Любіў, каб і ў яго службовым пакоі быў парадак: падлога падмецена, стол прыбраны, папоўскае крэсла працёрта, Амаль кожны дзень па справядлівасці выходзіла, што трэба было фінагенту брацца за дзяркач, але дзе ж там яго дачакаешся. Таму часцей за ўсё хлопцы закасвалі рукавы ўдвух i да прыходу Мокрута разганялі пыл i смецце па такіх кутках, дзе гэта менш было заўважна.

Сёння Іван выйшаў на работу яшчэ прыцемкам. Бабулька яго ўспорваецца вельмі рана, пачынае шкрэбаць па падлозе сваімі старасвецкімі гамашамі, падоранымі, мабыць, яшчэ самой пападдзёй. Шкрабаценне гэтае ўжо не дасць спаць, бо старая часта прасоўваецца паўз самую тую канапку, якую здае кватаранту. Адчыніў Іван сваю бакоўку i па густаце паветра адчуў, што ў ёй нехта начаваў. Стаў сціраць стол, а там сапраўды было што сціраць: ад заснежаных ботаў ці валёнкаў увесь край вялікага, мабыць, у мінулым сямейнага, стала быў мокры, пасярэдзіне валяліся чэрствыя крошкі хлеба, лушпайкі цыбуліны, было таксама рассыпана трохі солі і трохі махоркі.

«Гэта Павел Паўлавіч, — падумаў Дабрасельскі, — больш тут некаму. У цемнаце забыў прыбраць са стала».

Перейти на страницу:

Похожие книги