Іван заўважыў, што на дзявочыя рукі, складзеныя адна на адну на падаконніку, упала слязіна. Заўважыў, як здрыганулася Даша, адчуўшы на пальцах гэтую слязу, і падаўся да дзвярэй. Ён падумаў, што яму лепш пайсці адсюль, а суседкі няхай душа у душу пагавораць між сабою, няхай нават выплачуцца, калі ад гэтага ім стане лягчэй. Аднак Даша адразу спыніла яго:
— Пачакай, Іван, пойдзем разам! Пойдзем да Ільі Савіча, раскажам яму ўсё, усё!
— Пойдзем, — згадзіўся Іван. — Толькі я загляну яшчэ ў свой двор, там трэба мне паглядзець сёе-тое.
Ідучы ў двор i нават ужо ходзячы па двары, Іван усё не мог адагнаць ад сябе цяжкія думкі пра Мокрута, пра чалавека, з якім некалькі год працаваў, якога быццам бы і ведаў, і нібыта зусім не ведаў. Успомніўся выпадак з мінулай восені. Ехаў аднаго разу Мокрут з раёна, Іван быў у яго за фурмана. Дарога размокла, конь ледзьве плёўся па гразі. Даехалі да мастка i тут уваліліся зусім: вядома, якія на тэрыторыі Чырвонамакаўскага сельсавета маеты. Мокрут загадаў выпрагчы каня, сеў верхам і паехаў у вёску збіраць на дапамогу людзей, а Іван застаўся сцерагчы драбінкі i вупраж. Час хіліўся ўжо к вечару. Вёска была не так блізка ад дарогі, аднак Іван разлічваў, што калі старшыня адразу знойдзе людзей, то да добрага змяркання можна будзе вылезці з канавы. Але ж праходзіла гадзіна, другая, а старшыні ўсё не было. Хлопца і прабіраць ужо стала: з нялеснага боку падуваў вільготны вецер і пранізваў асенняе палітцо, падстуджваў калені. Добра, што салома ў драбінках была. Іван залез у драбінкі, ўрыўся, як мог, у салому і стаў чакаць далей. Ужо зусім сцямнела, цішыня запанавала на дарозе, толькі зрэдку даносіўся тужлівы шум недалёкага лесу ды вада маркотна булькала пад калёсамі. Трохі ўгрэўшыся, хлапец пачау злёгку падрэмваць, а потым і добра задрамаў, бо калі пачуў голас чалавека, то здрыгануўся ад спалоху.
— Хто тут? — пытаў чалавек.
— Я, — паспешна адказаў Іван.
— Хто ж гэта «я»?
— А-а, гэта вы, Павел Паўлавіч?
— Ну, вось і пазнаў. А ты быццам бы Дабрасельскі, так?
— Так, Павел Паўлавіч, ён самы.
— Бачу, быццам бы, драбінкі Мокрутавы, але ж ў цемнаце чорт яго разбярэ. А дзе ж Мокрут?
— Паехаў верхам у вёску, — адказаў Іван, прыўзняўшыся на локцях, — абяцаў людзей прывясці, ды вось няма.
— Даўно паехаў?
— Яшчэ да захаду, гадзін з чатыры ўжо.
— То няма чаго і спадзявацца, — упэўнена сказаў Павел Паўлавіч, — не прыедзе ўжо да відна. У цябе там ёсць што-небудзь пад бокам?
— Салома, — адказаў Іван i, бачачы, што інструктар падбіраецца да драбінак, адсунуўся на самы край і выграб з-пад сябе большую частку падсцілкі.
— I мне ўжо ісці далей не надта пад сілу, — гаварыў Павел Паўлавіч, трымаючыся на хаду за аглоблю, якая тырчала з канавы, нібы зенітка. — Ногі ўжо не тыя. Бывала, хадзіў, і ездзіць, праўда, даводзілася, а цяпер — не тое. — Ён паслізнуўея ў гразі і ледзь не з’ехаў у канаву; цяжка засоп пасля гэтага і закрактаў. Іван устаў, каб дапамагчы яму.
Улезшы ў драбінкі, інструктар зняў з сябе шырокі брызентавы дажджавік, уладкаваўся ў саломе і задаволена ўздыхнуў.
— Хочаш, і цябе дажджавіком накрыю, — прапанаваў ён Івану, — ды аддыхнем да відна, а там прыдумаем што-небудзь. Не прыдзе Мокрут, дык і чорт яго бяры, самі дамо рады з павозкай, гэта ж не грузавік. Я ўжо цябе не пакіну тут аднаго. Што там у нагах цвёрдае?
— Хамут,— удзячна адказаў Іван.
— Давай яго сюды, — папрасіў Павел Паўлавіч.
Іван падаў інструктару хамут, а той падклаў яго сабе пад галаву i з поўнай асалодай выцягнуўся.
— От цяпер мудрэй, як у гасцініцы, — прамовіў ён. — Я люблю, калі трохі канём пахне. Некалі служыў у кавалерыі, дык вось засталося на ўсё жыццё. А Мокрута ты не чакай, — ужо не надта ахвотна працягваў Павел Паўлавіч, бо, відаць, стомленасць брала сваё. — Ты яшчэ не ведаеш, што такое Мокрут? Канешне, не ведаеш. I Печка, твой дружок, таксама не ведае.
Пасля гэтага інструктар сказаў яшчэ нешта пра салому, пра свой вельмі патрэбны ў дарозе дажджавік, парадаваўся, што Мокрут забраў каня, а то б прышлося выцягваць з-пад сябе салому, і заснуў. Спаў ён, аднак, не доўга, відаць, узрост ужо добра адчуваўся, ды i хамут усё-такі быў пад галавою, не падушка. Павярнуўся на бок, прыціх, пэўна, хочучы заснуць яшчэ, але сон ужо адляцеў некуды, не так то лёгка заснеш. Нейкі час Павел Паўлавіч маўчаў, потым заўважыў, што Іван таксама не спіць, i гэта яго здзівіла: «Малады хлопец i не спіць. Чаго ж гэта ён?»
— Можа табе холадна? — спагадліва запытаўся інструктар.
— Не, нічога, — адказаў Іван. — Добра, што хоць зверху не лье.