Читаем Дабрасельцы полностью

— Ды яно сапраўды, — згадзіўся Павел Паўлавіч, — калі б лупянуў добры дождж, то цяжкавата было б, хоць i брызент у нас. Заўважаю, што быццам бы перажываеш ты; відаць, саромеешся перада мною сваёй сённяшняй ролi. Так? А я табе скажу на гэта, што калі ты не саромеўся быць Мокрутавым фурманам, то не саромейся быць і вартаўніком. I наогул няма чаго саромецца. Трэба адчуваць заўсёды, што ты сам па сабе з’яўляешся чалавекам, i трымаць спакой на душы. Я ўжо даўно так жыву. От начую я сёння ў Мокрутавых драбінках, лічы, што пад мастом, хамут у мяне пад галавою, а спакойны. Чаму я спакойны? Таму што ведаю: нічога ад гэтага мне ні прыбавіцца, ні ўбавіцца. Якім быў я чалавекам, такім і буду. I вакол мяне ад гэтага нічога не зменіцца. Спаў бы я сёння на мяккай пярыне, на кватэры, скажам, у самога старшыні райвыканкома, — было б тое самае.

Павел Паўлавіч паправіў брызентавую накідку на сабе i на Івану, падклаў руку пад нябрытую шчаку і, адчуўшы, што хлопец хоча яго слухаць, пачаў гаварыць далей.

— Я разумею, што табе цяжка быць такім, хоць спакойнасці ў цябе, быццам бы, таксама мнагавата. У маладосці i я быў іншым. Ды дзе там, у маладосці! Яшчэ пяток год таму назад у мяне была зусім другая натура. Вось як у гэтай вашай дэпутаткі. Як яе?..

— У Дашы, — падказаў Іван.

— Але, у Дашы. Угледжу, бывала, дзе які непарадак, жыць не магу, пакуль не ўмяшаюся. Быў жа я некалі i старшынёй райвыканкома, і ў вобласці працаваў. I цяпер я толькі вось запісную кніжку пры сабе нашу. Калі ўжо вельмі што прыпячэ, дык выму, запішу. — Інструктар заварушыўся, памацаў вольнай рукой бакавую кішэню. — Ці тут яна ў мяне, гэтая кніжка? — занепакоіўся ён. — Ці не згубіў часам?

Пасля гэтага зноў пачаў гаварыць, нібы разважаць сам з сабою:

— Ты думаеш, я не ведаю, не бачу навылёт вашага Мокрута? Ведаю, бачу, але, прызнацца табе, адварочваюся ад усяго гэтага. I вас абодвух я ведаю, — чамусьці засмяяўшыся, прадаўжаў Павел Паўлавіч. — I цябе, i Печку. Памятаеце, як з месяц таму назад вы чакалі старшыню аблвыканкома? Печка ўсю ноч драіў падлогу ў сельсавеце, ты насіў ваду. Знайшлі недзе каўровую дарожку, паслалі у Мокрутавым кабінеце, i Печка суткамі наглядаў, каб яе не ўкралі. Мокрут выдаў старому конюху боты, каб не брыдка было выехаць з ім, калі раптам начальства захоча пракаціцца ў павозцы. Не мог жа ён тады цябе браць за фурмана, начальства магло за гэта не пахваліць. Надзеў конюх новы абутак, два дні панасіў, а потым, калі высветлілася, што старшыня аблвыканкома не прыедзе, Мокрут адабраў у старога боты.

Я тады неўпрыкметку наглядаў за ўсімі вамі і пасміхваўся. Печ­ка аж штаны падраў, выскрэбваючы падлогу. А старшыня аблвыкан­кома i не збіраўся ехаць сюды, гэта я пусціў такую пагалоску.

Павел Паўлавіч яшчэ доўга гаманіў пад брызентам, а потым зусім нечакана заснуў. Іван стараўся ўсяму верыць, пра што чуў ад гэтага пажылога чалавека, але падчас закрадвалася i сумненне наконт таго, што было сказана пра Мокрута. Аб гісторыі з конюхавымі ботамі Іван чамусьці не ведаў.

Сумненне і блытаніна ў думках з’яўляліся і потым, жылі яны, бадай, да сягонняшняга дня, вось да нядаўняй размовы з Андрэіхай. Мабыць, таму і ўспомнілася цяпер доўгая начная гамонка з Паўлам Паўлавічам. Лявон Мокрут уяўляўся чалавекам незразумелым, хутчэй за ўсё нікчэмным, хоць i з такім аўтарытэтным валлячком і ўнушальным голасам. Страшна было падумаць, як гэта заўтра зайсці ў сельсавет ды сустрэцца з ім, ды яшчэ выконваць яго загады.

Івану цяжка было за сябе, а яшчэ больш за Васіля Печку, у якога нават ніколі i не варухнулася ў галаве, каб не паслухаць Мокрута. Ен то сам, начальнік вайсковаўліковага стала, усё ж часамі не выконваў суровыя загады, — не хадзіў пілаваць дровы старшынёвай жонцы. Гэта трошкі падбадзёрвала, аднак не збаўляла душэўнай крыўды i болю. Хлопец блукаў па сваім садку, мераў глыбокі снег, і сам добра не ведаў, для чаго. Адсюль добра быў відзён новы дом Шулава, жоўты, нібы з воску. Каля ганка ўзвышаўся стос цынкавых начовак. Гэта старшыня калгаса будзе перакрываць сваю будыніну: здыме звычайную бляху і пакладзе цынкавую. Колькі каштавалі калгасу гэтыя начоўкі?

Раптам Івана пацягнула выйсці на вуліцу, знайсці ў Дабрасельцах Шулава і ў вочы задаць яму гэтае пытанне. Але каля варот зноў паказалася заечая шапка Затклы, i хлопец спыніўся. Не хацелася яму сустракацца з гэтым чалавекам. Угледзіць, прывяжацца, i не адчэпішся ад яго да вечара. Калі няма ніякіх навін, то будзе расказваць сваю, на яго погляд, вельмі незвычайную біяграфію: колькі разоў дзе быў i колькі разоў яго адтуль выганялі, колькі разоў жаніўся і чаму цяпер няма ні жонкі, ні дзяцей, а толькі старая цёшча стогне на печы.

«Няхай шукае Мокрута, — падумаў Іван. — Той можа паслухаць яго біяграфію».

Іван вярнуўся ў садок, успомніў, што трэба агледзець прышчэпкі, можа, абвязаць іх лепш, каб не пагрызлі зайцы. Агледзець, ды хутчэй да Ільі Савіча, а то Даша, пэўна, не дачакаецца, пабяжыць адна. Можа так выйсці, што і Андрэіха пойдзе з ёй.

Перейти на страницу:

Похожие книги