Іван нібы ў спалоху глянуў на дзяўчыну, і яго вялікія, прыкметна адтапыраныя вушы пачырванелі.
— Я не толькі пра цябе гавару,— заўважыўшы гэта, працягвала Даша. — Я і пра свайго бацьку гэта скажу, i пра Андрэіху. Адны з вас вельмі ўжо баяліся глянуць праўдзе ў вочы, а другія не хацелі псаваць сабе спакойны сон, чакалі, што нехта іншы прыдзе і ўсё зробіць. А ліха, калі не перасекчы яму дарогу, не чакае. Яно падбярэцца да ўсіх i не дасць соладка спаць кожнаму. Гэта i мой стары пачынае ўжо разумець, толькі ўсё яшчэ Міхася з горада чакае, мне не заўсёды верыць.
— Я то нічога не чакаў, — з сяброўскай шчырасцю ў голасе пачаў Іван, — і боязні асаблівай у мяне не было. Я проста многа чаго не разумеў. Мне здавалася раней, што мае думкі не могуць быць для каго іншага цікавымі, што ўсе ўжо даўно тое ведаюць, што я ведаю. Хоць, калі сказаць ад душы, то я не адзін раз гаварыў, напрыклад, Васілю, што нельга так выслужвацца перад Мокрутам, што кожны чалавек павінен мець сваю самастойнасць. Аднак жа Васіль мяне не паслухаў, значыцца, я дрэнна гаварыў.
— Хто яго ведае, — уздыхнуўшы, прамовіла Даша. — Можа ты дрэнна гаварыў, можа Васіль дрэнна слухаў. Наконт гэтага хлопца і ў мяне вельмі неспакойна на душы. Не ведала я яго, не разумела. Жыў сабе сакратар Чырвонамакаўскага сельсавета, бегаў з кардоннай папкаю па вёсках, i думалася, што ўсё тут ідзе, як трэба. А мне яшчэ Валодзя неяк скардзіўся на яго: мацеры не слухае, выпівае часта.
Даша спахімурнела пры гэтых словах, апусціла галаву, а Іван, нібы адчуўшы, што на яе могуць найсці цяжкія ўспаміны, паспрабаваў надаць размове крыху весялейшы характар.
— На гэтыі днях быў у мяне Самён Сазырок,— стрымана ўсміхнуўшыся, пачаў ён.— Рагатаў тут, успамiнаючы, як Мокрут з Васілём у яго дзіця запісвалі. Праведалі, што гаспадар зарэзаў цяля на радзіны, прышлі адзін раз з папкаю, з бланкамі. Выпілі, канешне, у ахвоту, закусілі, а праз дзень «агледзеліся», што быццам бы не тыя бланкі запоўнілі. Зноў прышлі, зноў выпiлі, закусілі.
— I Ціхоня з імі хадзіў?— крыху ажывіўшыся, спытала Даша.
— Не,— заківаў галавою Іван.— Ціхоня толькі адзін раз быў, а больш не пайшоў. Наш фінагент яго замяніў. У гэтага нюх добры.
— А дзе ж сёння Мокрут? — раптам агліянуўшыся на ўваходныя дзверы, пацікавілася Даша.— Ці ён па раніцах у сельсавеце не бывае?
— Бывае,— сказаў Іван,— але сёння, мабыць, паехаў нечага ў раён. Збіраўся ўчора, ганяў тут фінагента.
— Слухай, Іван! — Даша ўстала, паімкнулася прайсціся па бакоўцы, але тут і двух крокаў ступіць не было дзе — вялізны стол ды два зэдлікі займалі ледзь не ўсю прастору.— Мне ўжо ісці пара, а я яшчэ галоўнага ў цябе не спытала. Скажы, ты заходзіў пасля гэтага здарэння к Печкам, бачыўся з Васілём?
— Кожны дзень заходзіў,— паопешна адказаў Іван.— От і ўчора быў, нават памагаў Аксінні сабраць яго ў бальніцу.
— А я не ведала, што Васіль у бальніцы. Толькі вось нядаўна даведалася.
— Ты заходзіла туды? — відаць цяпер здагадаўшыся, чаго Даша так рана ў Чырвоных маках, здзіўлена спытаў Іван. — Што табе сказал!?
— Мяне не пусцілі ў хату, — глуха прамовіла Даша. Потым яна зноў села на зэдлік i заплакала. Пачалі ўздрыгваць яе схіленыя над сталом плечы і рукі, крыжыкам складзеныя пад галавою, дрыжала расшытая блакітнымі пеўнікамі рукавічка, якую дзяўчына трымала ў руцэ. Іван глядзеў на Дашу i не ведаў, што сказаць, чым яе суцешыць. Ён разумеў яе перажыванні, разумеў тыя супярэчлівыя і вельмі складаныя абставіны, у якіх яна апынулася, але не мог у гэтую хвіліну знайсці патрэбнае слова, патрэбнае рашэнне. Васілёва маці падумала дрэнна, калі не пусціла яе ў хату. Пакрыўдзіла і балюча абразіла дзяўчыну, якая, напэўна, будзе яе нявесткай. Маці напіша Валодзю аб тым, што сама думае. I Валодзя, не ведаючы ўсяго, што было, можа паверыць сваёй матцы. А Даша любіць Валодзю. Вельмі любіць і чакае. Гэта, так сказаць, адзін паварот справы. А з другога боку, калі так усё застанецца, Васіль змоўчыць, другія змоўчаць, то Мокрут абвінаваціць Дашу ў знявечанні чалавека і такім чынам зноў возьме верх над усімі.
— Туды заходзіў Мокрут? — ціха спытаў Іван. — Не казала яна табе?
— Быў, — выціраючы рукавічкай слёзы, адказала Даша. — Ад яго ўсё і пайшло.
— Ведаеш што? — раптам узнятым гол асам прамовіў Дабрасельскі. — Давай пойдзем да Васілёвай мацеры з табой удваіх. Мяне яна не асмеліцца не пусціць. Я раскажу ёй, што мне гаварыў Васіль, яшчэ калі не быў у гарачцы, раскажу, што другія хлопцы гаварылі. Давай пойдзем!
— Не, я ўжо не пайду, — памяркоўна адказала Даша. — Мне няёмка, а ты, Іван, схадзі, я вельмі прашу цябе. I не толькі сёння, а кожны дзень заходзь — табе тут бліжэй. Трэба памагчы цётцы Аксінні, старая яна ўжо, слабая, ды асталася зусім адна. Вунь у яе нават калодзеж не прачышчаны, ходзіць, бедная, да суседзяў, носіць адтуль ваду.
— Абавязкова я ўсё гэта зраблю,— цвёрда сказаў Іван. У вачах яго засвяцілася радасць ад таго, што Дашы стала хоць трошачкі лягчэй.— Я раскажу Аксінні ўсю праўду і пераканаю яе. I дапамагаць ёй буду кожны дзень. Я раскажу праўду ўсім людзям, не толькі Аксінні!