Вышаўшы з сельсавета, Даша пачала спяшацца, бо яна ўжо цвёрда намерылася сёння ісці ў раённую бальніцу. Трэба было яшчэ толькі зайсці дадому ды ўладзіць сёе-тое на ферме. У галаве толькі і думкі, што пра Васіля; як яна з ім сустрэнецца, як пагаворыць, магчыма, нават папросіць, каб сам ён напісаў Валодзю. Калі не цяпер, то як паправіцца. Ішла так сярэдзінаю чырвонамакаўскай вуліцы і не глядзела надта па баках. Раптам пачула нібыта знаёмы голас:
— Дзень добры вам, дачухна!
Даша павярнула галаву і ўбачыла на сцежцы каля плоту бабульку, якая, успёршыся на кій, ветліва глядзела на яе i злёгку кланялася.
— Добры дзень! — адказала дзяўчына, пазнаўшы, што гэта тая самая бабулька, якая некалі была ў сельсавеце. Даша адразу ж падышла да старой.
— Куды ж вы гэта з самага ранку? — прыветна спытала яна.
— Ды ў сельсавет, мілая, — адказала бабка. I голас яе, i выраз старэчага, трохі падсвежанага марозцам твару былі такімі добрымі і лагоднымі, нібы яна сустрэлася з родным ёй чалавекам.— Наказалi, каб зайшла. Дзякуй вам, дачухна, што заступіліся тады за мяне, ды от жа, што наведаліся на наш пасёлак. Знялі з мяне той падатак, што былі напісалі, ды вось i лесу, дзякуй ім, далі, хату падладзіць. А то хата ў нас, вы ж самі бачылі, як заходзілі: падрубы падгнілі, а пад вокнамі дык толькі ткні пальцам.. А столь i падлога дык... А страха...
— Бачыла я, усё бачыла, — спагадліва ўсміхнуўшыся, запэўніла Даша. — Я таму і напісала ў райвыканком, каб вам адпусцілі лесу. Вось яшчэ вывезці гэты лес трэба было б вам дапамагчы. Я пагавару з вашым старшынёй калгаса.
— Дзякуй вам, дзякуй, — пачала паўтараць бабулька і ківаць над кіем галавою.—Дай божа вам...
— Няма за што дзякаваць, — з ноткай расчуленасці ў голасе загаварыла Даша. — Я рада, што хоць трошкі дапамагла вам. На тое ж мяне людзі і выбіралі.
— Дзякуй вам, — зноў паўтарыла бабулька. — А вы ж гэта куды так спяшалі, дадому?
— Ага, дадому, — адказала Даша. — А потым яшчэ ў раён сёння пайду.
- То не буду вас больш займаць, — адступіўшы бліжэй к плоту, сказала бабулька. — Ідзеце здаровенькі. Перадайце паклон вашаму бацьку, Мітрафану. Ен павінен памятаць мяне, бо некалі, як былі маладыя... А можа Настулю ўгледзіце, жонку нябожчыка Андрэя, то i ёй перадайце паклон. Гэта ж яе нябожчык i мой нябожчык былі некалі сватамі. I сыны нашы разам служылі. А можа Платона часам стрэнеце, то гэта ж хрышчоны бацька майго нябожчыка Міколы, большага сына. А можа...
— Добра, добра, — ахвотна абяцала Даша i не спяшалася адыходзіць, каб не пакрыўдзіць старую. — Шчыра дзякую, усіх убачу і ўсім перадам ваш паклон.
Бабулька ўжо была і ступіла некалькі крокаў, але раптам зноў спынілася, удзёўбнула свой кій у снег каля сцежкі і павярнулася ў той бок, куды пайшла Даша.
— Чуеце, дачухна! — ужо мацней загаманіла яна, бо Даша была далекавата. — Прыдзёце як-небудзь у нядзельку ў госці да нас. Дальбог, праўда. Вось хоць у гэтую нядзельку, што прыдзе. Рады вам будзем. У мяне, вы ж ведаеце, дачка такая, як вы. Эх, каб жывымі былі мае сыны!..
— Дзякуй вам, дзякуй!..
Даша не ведала, што яшчэ сказаць, як паказаць бабульцы, што яна вельмі рада гэтай сустрэчы i гатова расцалаваць яе за такую шчырую цеплату, за такую сардэчную ласку. Яна ішла i адчувала, што ўжо малавата ў яе часу, што вельмі цяжка будзе паспець у раён, аднак не каялася, што пастаяла, пагаманіла з бабулькай. Неяк святлей стала на душы ад гэтай выпадковай сустрэчы, i хоць можа не надоўга, але адхлынула ад сэрца тая млявая дакука, якая грызла нутро.
Хутчэй, хутчэй трэба ісці.
13
Невялічкі ранішні марозік зусім адлёг, месцамі нават са стрэх капала, калі Даша выходзіла з сваёй вёскі. На шляху, укоўзаным санямі і машынамі, было да таго слізка, што ісці даводзілася з асцярогай і не надта паспешна. Пакуль дзяўчына адмерала большую палавіну дарогі, было ўжо каля паўдня, а ў пачатку местачковых прысадаў яе сустрэў Мокрут, які ўжо вяртаўся з райцэнтра. Убачыўшы Дашу, ён крануў рукою фінагента, які сядзеў трохі пад перад і паганяў каня, спусціў з вазка адну нагу. Фінагент нацягнуў лейцы, і Мокрут злез зусім.
— Куды ты ідзеш? — спытаў ён, ступіўшы некалькі крокаў да дзяўчыны. — У раён?
— Вядома, у раён, — адказала Даша. — Куды ж мне?
— Ну, там далей яшчэ вінзавод ёсць, — лагодна ўсміхнуўся старшыня, відаць, задаволены сваім жартам.
— А ты, мабыць, адтуль? — стрымана кінула Даша.
Мокрут зарагатаў і падаў знак фінагенту, каб паварочваў назад.
— Давай i я крыху прайдуся з табою, — прапанаваў ён дзяўчыне, — а то падвязу, калі хочаш, туды i назад разам паедзем.
— Дзякую, — суха сказала Даша, — я адна пайду.
Яна паскорыла крокі, але Мокрут усё ж грукаў ботамі побач, а воддаль за ім ехаў фінагент.
— Я не разумею цябе, Даша, — напусціўшы на твар быццам бы i шчырую крыўду, пачаў старшыня. — Чаго ты так разгневалася на мяне, зненавідзела, пусціла ўсялякія шэпты пра мяне па ўсяму сельсавету.
— Якія шэпты?
— Ну вось, хаця б пра гэтага Печку. Хіба гэта праўда, што я прымусіў яго ісці забраць у Андрэіхі бычка? Хіба гэта...