Але не дайшлі яны яшчэ нават да Чырвоных макаў, як убачылі на дарозе грузавую машыну, якая рухалася вельмі памалу: чутно было, як нязвыклы да малых абаротаў матор раз-по-разу страляў і пыхкаў. На бартах машыны сядзела некалькі жанчын, а за машынай ішло многа чырвонамакаўцаў і сёй-той з дабрасельцаў. Якраз блізка ўжо былі гэтыя самыя бяскрылыя млыны. Даша з Андрэіхай узышлі на сцежку, пратаптаную да млыноў, і сталі чакаць. Машына, як на тое, заглухла каля млыноў. Шафёр вылез з кабіны з завадной ручкай, вінавата глянуў на тых заплаканых жанчын, што сядзелі на бартах, і пачаў раскручваць матор. У гэты момант Даша зусім-зусім нечакана для сябе ўгледзела Валодзю. Яна ўхапілася за Андрэішын рукаў i ледзь не павісла ў цёткі на плячы. Твар яе раптам збялеў, рукі пачалі нервова калаціцца. Яна не ведала, што Валодзя прыехаў на пахаванне.
— Супакойся, Дашачка, — зразумеўшы ўсё, зашаптала Андрэіха і сціснула локцем яе рукі. — Супакойся, усё будзе добра. Я сама з ім пагавару.
Валодзя стаяў каля апушчанага ўніз задняга барта, без шапкі, у шынялю з курсанцкімі пагонамі, туга падцягнуты, стройны. 3 твару ён быў вельмі падобны на брата, гэтакі ж святлявы, гладкашчокі, толькі ўсе рысы твару былі больш выразнымі і выяўлялі большую сталасць і ўдумлівасць. Стаяў ён зусім нерухома, не перамінаўся з нагі на нагу, як іншыя, не туліў у каўнер вушы, а лётчыцкую шапку трымаў на левай руцэ ля пояса. Даша і ўбачыла перш за ўсё яго вуха, маленькае, чырвонае ад марозу, прыкрытае пасмай светлых валасоў. Некалі яно было зусім блізка каля яе твару, каля яе вачэй... А цянер яму, напэўна, холадна, бо вецер якраз з гэтага боку, ды i мароз узяўся не малы...
Валодзя трошкі павярнуў галаву да млыноў. Даша заўважыла слёзы ў яго на вачах і нейкі неразгаданы смутак у паглядзе. Каб яшчэ трошкі, то ён убачыў бы яе. Сэрца страпятнулася ад гэтага, чамусьці страшна было сустрэцца цяпер вачамі. Хто ведае, які цяпер быў бы Валодзяў позірк, што засвяцілася б у яго вачах?..
Машына запырхала, затрашчала, i шафёр бягом пусціўся ў кабіну. Дашы вельмі доўга цягнулася гэтая хвіліна стаянкі. Няёмка было тырчаць убаку, няёмка было і падыходзіць, бо сцежка выводзіла да пярэдніх людзей. Калі машына кранулася і людзі пайшлі, Даша ўслед за Андрэіхай выйшла на дарогу, і потым яны ішлі ўдваіх самымі заднімі.Хада была вельмі няроўнай, таму што шафёр ніяк не мог прынаравіцца вясці машыну на аднолькавай хуткасці. Відаць, яму ўпершыню давялося вязці чалавека ў апошні шлях.
Перад Дашай ішоў i час-ад-часу ледзь не натыкаўся на людскія спіны, калі машына прыпынялася, Іван Дабрасельскі. Па яго тонкай пачырванелай шыі Даша заўважыла, што ён, мабыць, плача.
— Іван! — ціха пазвала яна.
Хлопец азірнуўся, паспешна выцер пачырванелыя вочы і пачакаў, каб ісці далей поруч. Кроках у двух спераду ішлі без шапак некаторыя з тых хлопцаў, што не так даўно ганяліся за Васілём. Сярод іх крочыў, апусціўшы галаву, і Цімоша.
Калі працэсія ўжо набліжалася да могілак, насустрач ёй праехала такая ж паўтаратонка, толькі з вялікай дашчатай скрыняй са шчылінамі па баках. У адной такой шчыліне тырчаў верхні абадок свінога лыча. У кабіне машыны сядзеў Шулаў. Ен зняў шапку, параўняўшыся з труной, і прыняў набажна-жаллівы выгляд.
«Павёз угорад кормніка, — падумала Даша і коратка пераглянулася з цёткай Настуляю. — Нябось і двух тыдняў не пратрымаў на сваіх харчах пасля таго, як выгналі вепрука з фермы».
Мокрут, які хмура крочыў спераду ўсіх, высунуў з настаўленага каўняра падбародак і з нянавісцю і відавочнай зайздрасцю паглядзеў Шулаву ўслед. Азірнуўся ў гэты момант і Ілья Савіч. Яго, мабыць, здзівіў незвычайны кантраст двух стрэчных машын. Аглянуўся і ўбачыў Дашу з Андрэіхай. Хоць Андрэіху ён і мала ведаў, але ветліва пакланіўся абаім. Сівая галава яго вылучалася потым сярод усіх аж да таго часу, пакуль не пахавалі Васіля i дырэктар не надзеў сваю рыжую стаўбунаватую кубанку.
Разыходзіліся з могілак хто ў які бок: хто ў Чырвоныя макі, хто ў Дабрасельцы. Ужо каля самай дарогі Ілья Савіч параўняўся з Дашай. Андрэіхі блізка не было, яна засталася каля магілы і ўсё яшчэ наглядала, як Валодзя маўкліва, але з вялікай горыччу ў апошні раз развітваўся са сваім братам.
У гэты час, калі Андрэіха стаяла адна, грознаю хмараю пасунуўся проста на яе Лявон Мокрут. Ен наставіў на жанчыну такі страшны i знішчальны погляд, што ёй трэба было не іначай як на калені ўпасці перад ім. Аднак цётка Настуля сустрэла яго вочы спакойна, цвёрда i нават не паварушылася, каб уступіць старшыні дарогу. Мокрут спыніўся каля Андрэіхі, змерыў яе з ног да галавы і, узяўшы крок улева, пайшоў далей.
— Заўтра ў нас партыйны сход,— сказаў Дашы Ілья Савіч, непрыязна глянуушы на Мокрута. — Будзем разбірацца ў некаторых справах. Вось i наконт гэтага таварыша пагаворым. Прыходзьце.
— Прыду, Ілья Савіч, — задаволена адказала Даша. — Я нават учора збіралася зайсці да вас, ды не паспела, бо тэрмінова пазвалі ў раён.
— Чаго? — здзівіўся Ілья Савіч, і твар стаў да жалю заклапочэным.
— Мокрут падаў, што праз мяне загінуў Печка.