На вуліцы пачуліся далёкія галасы, i Даша ледзь не прыліпла да аконнай шыбы. Галасы паступова набліжаліся, і неўзабаве не толькі Дашы, a і гаспадыні стала чутно, што гэта Заткла з млынаром спяваюць. Яшчэ праз некалькі хвілін дзяўчына і ўбачыла ix. Мужчыны ў абдымку шнуравалі ўкосікі па вуліцы, час-ад-часу паварочвалі адзін да аднаго п’яныя, відаць, страшэнна задаволеныя твары і цягнулі голасам усё, што толькі прыходзіла на памяць і на язык. Адзін пачынаў, другі падцягваў. Заткла, раз-по-разу зрываючыся на пеўня, намагаўся нават узяць ноту, блізкую да нейкага псалма, але млынар пры гэтых яго спробах заліваўся дзікім смехам i падцягваць не браўся.
— Гэта яны з памінак ідуць, — цяжка ўстаючы з месца, сказала Андрэіха. — Ім усё роўна, дзе набрацца. На пахаванні не былі, а на памінкі дапялі.
Даша чула, што гаварыла цётка Настуля, падзяляла ў душы яе абурэнне, але не магла адагнаць ад сябе i тую думку, што калі гэтыя лайдакі ўжо тут, то, значыцца, памінкі скончыліся, i цяпер Валодзю зручней будзе вырвацца з дому.
— Калі б вось гэтых знайшоўся хто ды прыціснуў, — раздумліва сказала Андрэіха, ужо стаўшы ля акна, побач з Дашай. — Без такіх i іншым не было б вялікага разгону.
— Што гаварыць пра гэтых? — зразумеўшы цётчыну думку, заўва- жыла Даша,— калі яшчэ тых іншых ніхто не прыціснуў, калі яны яшчэ бяруць верх.
— Не возьмуць, — упэўнена сказала Андрэіха. — Тыя ўжо не возьмуць. Бачу я, што табе цяпер вельмі цяжка, што перажываеш ты, бо вялікая крыўда ў цябе на душы, аднак жа ведаю, што будзе твая праўда. Ты не перажывай ужо гэтак. Я казала табе І цяпер кажу: прыдзе Печка — сама з ім пагавару.
— Не прыдзе ён, — ціха прамовіла Даша, а сама ўсё ўглядалася ў акно.
— Прыдзе! — намагала Андрэіха. — Калі не цяпер, дык потым. Табе цяпер трэба вось гэты свой сардэчны вузялок развязаць, тады i астатняе лягчэй пойдзе.
— А як яго развязаць, цётка Настуля?
Даша гаварыла гэта ў шыбу, i ад яе. слоў, ад усхваляванага дыхання лёгкія стрэлачкі намаразі на шкле адтайвалі ўсё больш i больш. Ад гэтага лепш відна была вуліца.
— Я ж табе кажу, як,— гаварыла далей Андрэіха,— Калі Валодзя не дурань, то ён хутка сам убачыць, дзе тут праўда. А калі не ўбачыць — людзі пакажуць. Есць каму паказаць: ты не адна, дзякуй богу.
— У такім няшчасці кожны можа ўздурнець,— трошкі неўзлюбіўшы гэтыя Андрэішыны словы, заўважыла Даша. Хутка яна адышла ад акна і зноў пачала хадзіць па хаце.
— Ты заўтра нікуды не бяжыш зранку? — спытала Андрэіха, нібы толькі для таго, каб не маўчаць, каб хоць чым-небудзь перабіць Дашыны думкі.
— А куды ж мне? — у адказ спытала Даша.
— Ну, ты ж цяпер то ў раён, то на пасёлкі — амаль кожны дзень бяжыш.
— Заўтра толькі партыйны сход,— без асаблівай увагі да гэтай размовы паведаміла Даша.— Але гэта - пад вечар.
— Дык сходзім давай зранку к Печкам, — раптам прапанавала жанчына.— Управімся досвіткам з работай і сходзім, калі Валодзя не пакажацца.
Даша адразу спынілася, павярнула да Андрэіхі здзіўлены i бледны пры электрычным святле твар. Яе выразныя карыя вочы глядзелі на жанчыну сумна і ўстрывожана.
— Не, цётка Настуля,— рашуча сказала яна.— Больш я не пайду туды. Што б там ні было, а не пайду!
Праходзячы каля акна, дзяўчына зноў глянула на вуліцу, і ёй здалося, што нехта прайшоў каля Андрэішынага агародчыка. Прайшоў i каля іхняга двара, спыніўся. Не разабрала Даша, якая была адзежа на гэтым чалавеку, якога ён росту і адкуль ён ішоў: з супрапьлеглага канца ад Чырвоных макаў, ці, можа, якраз адтуль, з сельсавета, ды зрабіў паварот, мінуўшы двор Андрэіхі. Пад сэрцам раптам адчулася гарачая хваля, рукі паспешліва сталі прыладжваць на галаве шалік i задрыжалі. Амаль нічога не сказаўшы гаспадыні, дзяўчына выбегла з хаты. Бегла яна, гледзячы толькі сабе пад ногі, не памятала, як адчыніла цётчыну брамку, як дабегла да сваіх варот. Толькі ўжо з двара баязліва глянула на вуліцу. Глянула, і ў грудзях нешта апала: нікога нідзе не было. У хаце ярка гарэла святло, відаць, бацька сёння нічым не засланяў лямпачку, хоць яна, пэўна, i рэзала яму вочы. 3 акна, калі добра прыслухацца, даносіліся глухія гукі нечай размовы. «Можа ён там, зайшоў у хату?» — мільганула ў дзяўчыны думка, хоць i ненадзейная.
У хаце, акрамя сваіх, сядзеў каля стала Платон. Даша адразу заўважыла, што ў конюха быў сёння добры настрой, хоць гэта здаралася з ім не вельмі часта. Бацька таксама стрымліваў у сваіх вуснах задаволеную ўсмешку. Усё гэта не надта спадабалася Дашы, бо для яе сёння быў такі дзень, што хацелася не смяяцца, а плакаць.
Каля парога марудна, быццам не хочучы, распранаўся Цімоша, шчокі яго былі яшчэ чырвоныя ад надворку.
- Дзе ты быў? — ужо зразумеўшы, хто гэта мільгнуў каля агародчыка, змрочна спытала Даша.
— От, так сабе, прайшоўся па вуліцы, — нявесела адказаў хлапец.
— Нікога не бачыў?