Читаем Дабрасельцы полностью

— Як гэта не ведаеш? — абурана спытала Даша і, паспешліва ўстаўшы, падхапіла бабульку за локці, нібы тая вось-вось магла ўпасці. — Сядайце вось тут, — яна падставіла старой другі зэдлік. — Сядайце і раскажыце ўсё, а мы паслухаем.

Дзяўчына з дакорам паглядзела на старшыню, а той падняў руку, каб зноў застукаць пальцам аб стол, ды раптам перадумаў. Ён устаў, паправіў на сабе фрэнчык вайсковага колеру і квола, нібы толькі для таго, каб размяць ногі, падаўся да працілеглага ад Дашы акна. Там выняў з кішэні папяросу, дзьмухнуў у цыбук так, што аж уздрыганулася бабулька, і, закурыўшы, стаў паглядваць на Дашу, нібы на падлетка, які займаецца не сваімі справамі.

— Адкуль жа вы, бабка?— спытала Даша, сеўшы са старою побач. — Нешта я вас не ведаю.

— Ды з пасёлка я, дачухна, з Жоўтай гары.

— I што ў вас там, вялікі сад?

— Ды які ж ён вялікі? — павярнуўшыся ўсім згорбленым тулавам у бок старшыні, горычна здзівілася бабулька. — Няхай бы ж прышлі паглядзелі. Тры ігрушыны стаяць. Старыя, галлё напалавіну сухое. Яшчэ бацька майго нябожчыка, як маладым быў, то пасадзіў, прынёс сеянкі з лесу. Не родзяць ужо каторы год.

— Прыдзем да вас, бабка, паглядзім. Я сама прыду.

— Дзякуй вам, дачухначка. — Старая зноў паглядзела на старшыню і, калі заўважыла, што той, пускаючы дым, пасмейваецца, утуліла ў злямчаную хустку свой зморшчаны падбародак i закашлялася.

— Можаш, старая, ісці! — не чакаючы, пакуль бабулька адкашляецца, сказаў Мокрут. Выгляд у яго быў такі, нібы ён рабіў у гэты момант вельмі вялікую ласку. — А грошы ўсё-такі рыхтуй. Вось так!

— Прыдзем і разбярэмся, — паўтарыла Даша i дакранулася да халодных костачак бабулінай рукі.

Старая ўзялася аберуч за кіёк і зрабіла спробу ўстаць, але, відаць, нешта ўспомніла і зноў склала рукі на каленях. Хісткі зэдлік пад ёю скрыпнуў.'

— А вы, дачухна, хто будзеце? — спытала яна ў Дашы. — Секлятарша ці па падатках якая начальніца?

— Я дэпутатка сельсавета, — адказала дзяўчына.

Бабуля паківала галавою, нібыта ў знак таго, што ўсё ёй зразумела i яна задаволена, аднак пайшла з пакоя, змрочна падцяўшы сухія вусны.

— Як яе прозвішча?— звярнулася Даша да старшыні, калі старая зачыніла за сабою дзверы.

— А я адкуль ведаю? — засмяяўшыся, адказаў Мокрут. — Пойдзеш на іхні пасёлак, там i спытаеш.

— А ты ні разу не быў у гэтай сям’і?

— Печка быў і фінагент. А ў мяне ногі не сабачыя.

— Стукаеш на людзей, пагражаеш, — са шчырым абурэннем загаварыла Даша,— а не ведаеш, на каго стукаеш, каму пагражаеш. Хіба можна так размаўляць з людзьмі?

— 3 табой я яшчэ горш пагавару, — адказаў на гэта старшыня.

— Ну, паспрабуй!

— I спрабаваць няма чаго! — Мокрут размашыста ступіў некалькі крокаў і зноў апынуўся каля папоўскага крэсла. — Ты колькі грошай сабрала за гэты тыдзень? Што, я за дябе пайду па хатах?

— Я таксама не пайду! — цвёрда сказала Даша. — Вунь фінагент для гэтага ёсць.

— А для чаго ты пастаўлена? Для чаго? — Мокрут зноў пацягнуў на сабе фрэнчык i яшчэ бліжэй падышоў да дзяўчыны. — Мы цябе для таго і паставілі, каб ты дапамагала сельсавету.

— Хто гэта — мы?

— Я, напрыклад.

— Ты мяне паставіў дэпутаткай?

— А хто, ты думала?

— Я думала i думаю, што мяне выбралі людзі. Хопіць! — ледзь не крыкнула Даша і, устаўшы, падалася да дзвярэй. — Агідна мне слухаць тваё бязмозглае плявузганне.

— Дык хіба я... Слухай!—Мокрут мякка пакрочыў услед за дзяўчынай. — Хіба я што дрэннае гавару? Калі сказадь па чыстай совесці, дык я асабіста вельмі паважаю твайго бацьку. А цябе яшчэ больш. Давай на гэтым i скончым. Не для таго я дябе выклікаў, калі гаварыць па чыстай совесці.

— А для чаго?— Даша ўзялася за ручку дзвярэй, аднак пакуль што не адчыняла.

— Пастой крыху, — пачаў прасіць Мокрут, — ну, чаго ты ўзлавалася? Прыходзь сёння ўвечары ў школу, спектакль мы тут будзем паказваць. I мяне ўцягнулі, успомнілі талент юнацтва: п’яніцу аднаго буду прадстаўляць.

— Самога сябе? — спытала дзяўчына i крыху адступіла ад дзвярэй.

Мокрут зноў засмяяўся, але Даша заўважыла, што павекі яго залыпалi і пад калючымі шэрымі вачамі з’явілася чырвань.

— Чаму ты думает, што сябе? — відаць, даруючы дзяўчыне ўсё, загаварыў старшыня. — Хіба я адзін выпіваю? Нажаль, многія цяпер п’юць. Вунь жаўтагораўцы глядзі што ўсё збожжа перагоняць на самагонку.

— Жаўтагораўцам не вельмі ёсць з чаго гнаць,— не згадзілася Даша,— а ў другіх вёсках то гоняць, праўда.

— Жаўтагораўцы бульбу пераганяюць,— удакладніў старшыня,— але ж цяпер у нас не пра гэта гамонка. Я запрашаю цябе на спектакль i буду чакаць каля школы. А ты паабяцай, што прыдзеш.

— Не прыду! —цвёрда сказала Даша. — Часу мне цяпер няма, ды адна дадому баюся ісці.

— Разам пойдзем! От якая ты!—Мокрут паспрабаваў узяць дзяўчыну за локаць, але яна рыўком адвяла сваю руку і зноў падалася да дзвярэй.

— Даша! — пачаў прасіць старшыня. На яго круглым твары расплылася ўся тая ласкавасць, на якую ён толькі быў здольны. — Ну, сядзь пасядзі, давай яшчэ пагамонім. Чаму ты такая неласкавая да мяне? Калі гаварыць па чыстай совесці, то я...

Перейти на страницу:

Похожие книги