Праз прагал Экскурсантка трапiла ў невялiкi пакой без вокнаў, з яго - у доўгi калiдор, на якi выходзiла шмат дзвярэй. Тут яна спынiлася, нiбыта выбiрала, у якi бок лепш пайсцi. Выбар спынiўся на сходах у самым канцы калiдора. Засыпаныя друзам сходы вывелi на другi паверх, у прасторную залю з растрыбушаным камiнам. Па залi гулялi скразнякi - Экскурсантка знiзала плячыма, яе пачала бiць дрыготка. Раптам яна схапiлася за жывот i скурчылася, нiбыта лялька, зламаная напалам. Трымаючыся сцяны, Экскурсантка прасунулася з камiннае залi ў невялiчкi светлы пакой, дзе спешкам зрабiла тое, што называюць малой i вялiкай патрэбамi. Замест гiгiенiчных сурвэтак яна скарыстала навюткую насоўку. Экскурсантка таропка ўсцягнула майткi i калготкi, аправiла спаднiцу, зiрнула на зробленае, уздыхнула з палёгкаю i пакiнула светлы пакой. З кожным крокам да Экскурсанткi вяртаўся яе заўсёды ўпэўнены i разам з тым крышачку меланхалiчны выгляд.
Калi яна вярнулася да групы, гiд якраз скончыў дундзенне i нехта з прысутных наважыўся вымавiць нясцiплае пытанне:
- А дзе прыбiральня?
Гiд бадзёра паведамiў, што Мiрскi замак не адрапараваны i ў прыбiральню ўсе пойдуць на аўтастанцыi праз якiх паўгадзiны, бо экскурсiя працягваецца.
- Няўжо нельга патрываць? - спыталася Экскурсантка адразу ва ўсёй групы i фанабэрыста ўскiнула галаву.
XXXIX. ЧОРНАЯ ДАМА
Вяселле было сцiплае, бо жанiх гуляў сваё вяселле другi раз. Ладзiлi банкет у цеснай двухпакаёўцы, што мясцiлася ў дзевяцiпавярховiку на ўскрайку горада. Мужчын за сталом назбiралася ледзь не ўдвая больш, чымся жанчын. Таму самаму маладому хлопцу з кампанii давялося пазавiхацца перад тым, як ён апынуўся на вулiцы з сястрою нявесты. Яна была значна старэйшая за хлопца, але яе прыгажосць проста ўражвала. Чорная сукня пасавала да вялiкiх персiянскiх вачэй. Прыгажосць была д'ябальская. I таму канкрэтна сказаць, хто каго выбiраў на банкеце, цi ён яе, цi яна яго, немагчыма. Сам для сябе хлопец назваў жанчыну Чорная дама i не памылiўся, бо здарылася неспадзяванае...
Чорная дама прыняла запрашэнне "пакiнуць банкет" з радасцю, чым i здзiвiла хлопца. А калi ён пачаў цалаваць яе ў лiфце, дык адказала юрлiвай непасрэднасцю. На вулiцы хлопец сказаў, што ведае выдатнае месца, i павёў Чорную даму за сабою. Па дарозе ён расказаў паданне пра Барбару Радзiвiл, якую ў Нясвiжы называюць Чорная дама.
Паданне пра Чорную даму, якое расказаў малады чалавек:
Князёўна Барбара з Радзiвiлаў рана выйшла замуж, але рана i заўдавела, муж загiнуў на вайне. Маладая ўдава-князёўна засталася жыць у Вiльнi ў палацы нябожчыка-мужа. На той час у Вiльнi жыў княжыч Жыгiмонт, пляменнiк вялiкага князя. Ён убачыў Барбару i закахаўся. Разумная князёўна не была супраць таго, каб зрабiцца жонкаю будучага караля. Пачалiся патаемныя спатканнi.
Пра такiя сустрэчы шмат напiсалi Бакачыо i Наварская.
Аднойчы месячнай ноччу княжыч пералез праз высокую сцяну ў сад да сваёй любай i натрапiў на варту. Узняўся вэрхал. Усхапiлася чэлядзь...
Княжыч Жыгiмонт змушаны быў ажанiцца з князёўнай Барбараю. Звянчалi iх патаемна ў касцёле. Неўзабаве Жыгiмонт стаў-такi каралём. Але сойм не хацеў прызнаць за каралеву Барбару Радзiвiл. Толькi Жыгiмонт усё ж дамогся свайго, i ягоная жонка стала каралеваю. Аднак Барбара заставалася бяздзетнаю, нашчадка не было, а праз год яна раптоўна памерла. Гаварылi, што, нiбыта, каралеву атруцiлi. Караля вельмi засмуцiла смерць любай. I жанiцца другi раз ён адмовiўся, бо моцна кахаў сваю Барбару. Прыдворныя запрасiлi чарнакнiжнiка з Англii, каб ён выклiкаў дух каралеўны, якi загадаў бы каралю ажанiцца. I вось аднойчы ўночы ў залю, дзе сядзеў Жыгiмонт з гасцямi, увайшла дама, апранутая ва ўсё чорнае. Кароль кiнуўся да яе з крыкам: "Басенька, мая любая Басенька!" Ён схапiў яе за рукi, як стрэлiў Пярун, i Чорная дама знiкла.
Пасля дух Барбары ў выглядзе Чорнай дамы з'явiўся ў Нясвiжскiм замку. Казалi i такое, што, калi ўзыдзе месяц, апоўначы ў замку з'яўляецца Чорная дама. Яна нiбыта спрыяе закаханым i заступаецца за бяздзетных жанчын. А на каго Чорная дама зiрне, таму выпадае шчасце.