Мы не ведалі, што чакае нас наперадзе. Гаманілі, смяяліся, і блізкі бераг Эльдарада не здаваўся, як учора, непрытульным і чужым.
ВОГНЕННЫ ТУМАН
Без асаблівых прыгод высадзіліся на бераг.
— Цяпер — на поўдзень. Толькі на поўдзень, — сказаў Міхась. — Трэба хутчэй знайсці Кляйна.
— А не заблудзімся? — запыталася Наташа.
— Болей у лес не палезем. Уздоўж берага пойдзем.
— Міхась, — кажу, — я вуду вазьму. Каля пальмы ўчора схаваў. Вуда нам яшчэ спатрэбіцца.
— Вазьмі,— згадзіўся Міхась.
Я пабег па беразе возера. Мінуў купку дрэў. Ужо блізка пальма, метраў трыста да яе засталося. Трэба яшчэ тыя дрэвы мінуць, а там…
А там, за дрэвамі, я ўбачыў на траве чырвоную лужыну.
«Хто ж гэтулькі фарбы разліў? — дзіўлюся я. — Тут цэлая бочка разліта, не меней».
Нагнуўся, дакрануўшыся да лужыны пальцамі. На пальцах засталіся чырвоныя сляды. Паднёс пальцы да носа, панюхаў. Зусім не пахне. Фарба, я гэта добра ведаў, звычайна пахне ацэтонам ці аліфай. Дзіўна: чаму гэтая не пахне?
Чырвоныя плямы, заўважыў я, выступалі на далонях, потым уся рука стала чырвоная.
Чаму так? Хіба я плёхаўся рукою ў лужыне? Не. Толькі пальцы памачыў. Дык чаму тады ўся рука чырвоная?
Гляджу: і сарочка, і штаны, і чаравікі чырвоныя.
Агонь. Гэта, відаць, агонь, водбліскі полымя…
Чырвонае полымя пабегла па возеры, ахапіла лес. Вакол мяне калыхалася суцэльнае мора агню. Вогненныя малінавыя языкі ўздымаліся, здавалася, да самага паднябесся.
Чаму загарэўся лес? Няўжо на Эльдарада які вулкан прачнуўся? А што з Міхасём і Наташай?
Падзьмуў ветрык, і пацягнула гарэлым. Нясцерпна абпякло шчокі. Я кінуўся назад, туды, дзе пакінуў Міхася і Наташу. А яны ўжо беглі да мяне.
— Пажар! — штосілы закрычаў я.
Міхась і Наташа падбеглі бліжэй, спыніліся. Я ажно зніякавеў. Валасы ў Міхася і Наташы былі карычневыя, шчокі, нос чырвоныя-чырвоныя, як бурак. А твары нейкія выцягнутыя. Не твары, а дзве агідныя маскі.
Міхась дакрануўся рукою да валасоў — валасы падняліся і загарэліся мноствам чырвоных нітак.
Я хацеў падысці да Міхася, а Міхась адхіснуўся ад мяне.
— Марозік, ты… такі страшны.
Я зразумеў, што і мой твар падобны на маску.
— Гарым? Мы гарым? — ледзь раскрываючы губы, прашаптаў я.
— Не, — адказала Наташа. — Даўно згарэлі б. Дый не горача нам.
Сапраўды, я ўжо не адчуваў на шчоках гарачыні, хоць і шалеў агонь.
— Гэта ён, — прагаварыла Наташа.
— Хто ён?
— Кляйн. Атамную бомбу ўзарваў.
Наташа павярнулася да лесу, сціснула пальцы ў кулачок і замахала ім.
— Кляйн! Ты не чалавек! Не чалавек! Я схапіў Наташу за руку.
— Ты не напалохаеш яго, Наташа. Нам трэба хавацца. Мы выратуемся. Бомба далёка ўзарвалася. Мы расквітаемся з ім.
Наташа вырывалася ад мяне і крычала, крычала…
А агонь раптоўна знік. Раптоўна з’явіўся і раптоўна знік. Зноў зазіхацела сонца, зазелянела трава, заблішчала возера.
Наташа села на зямлю і заплакала.
— Дакуль так будзе? Я не магу, я болей не магу. Я даўно маму не бачыла. Я дамоў хачу.
Я прысеў каля Наташы.
— Наташа, не трэба. Людзі Эльдарада просяць дапамогі. Хіба забылася пра пісьмо? Кока-Кола сябе ўзарваў. Каб мы людзей Эльдарада выратавалі.
Наташа выцерла рукою слёзы.
— Гэта не атамная бомба? Праўда?
— Сонца свеціць. Птушкі пяюць, — сказаў я. Наташа ўстала, паправіла пасму валасоў, вінавата ўсміхнулася:
— Даруйце. Я напалохала вас. Міхась, чаму так гарэла?
— Я спачатку таксама думаў, што хтосьці лес запаліў, а пасля, што атамная бомба, — сказаў Міхась. — Цяпер дайшло, што і не пажар, і не атамная бомба. Гэта нявывучаная яшчэ з’ява прыроды. Некаторыя вучоныя называюць яе вогненным туманам. Такі вогненны туман некалькі разоў бачылі ў нас на поўначы. Ен, як раса, нечакана з’яўляецца і нечакана знікае. А астатняе пакуль невядома. Загадка прыроды.
— Я разгадаю. Я некалі абавязкова яе разгадаю, — сказала Наташа. — Не хачу, каб людзі палохаліся.
«ГАДЗЮКА» НА ДРЭВЕ
Вуды я так і не ўзяў.
— Хопіць сюды-туды бегаць, — сказала Наташа. — Пойдзем Кляйна шукаць. Сёння трэба яго знайсці. Гляньце, што робіцца. Ніводнага чалавека вакол. Гэты Кляйн горшы за ўсю старажытную інквізіцыю.
Так, шмат дзівосаў мы пабачылі ў Эльдарада. Але самым дзіўным было тое, што ніводнага чалавека не сустрэлі. Праўда, конніка бачылі, але і той уцёк.
Дома, у вёсцы, прывыклі штодзень страчацца з людзьмі. З самага ранку ў вёсцы шум, гамана. А тут? Быццам прайшоўся па гэтай зямлі страшны мор.
— Хадзем, — сказаў Міхась.
І мы пайшлі на поўдзень. Пайшлі ўздоўж возера. Нялёгка было ісці. Сонца, гарачыня. Але мы ішлі і ішлі, не адпачываючы. Інтуіцыя падказвала нам, што лабараторыя Кляйна дзесьці тут, непадалёку.
— Андрэй, — звярнуўся да мяне Міхась, — ты памятаеш, як цябе зваць?
— Рудольф, — кажу. — Мы з Баварыі прыехалі.
— Не прыехалі, а прыляцелі,— паправіў мяне Міхась. — Не пераблытай.
«Рыхтуе да сустрэчы з Кляйнам», — здагадаўся я.
— Не пераблытаю. Усё роўна ж буду маўчаць.
— Малайчына, што не забыўся, — пахваліў мяне Міхась. — А памятаеш, як мяне зваць, як Наташу?
— Клара, Макс.