Усміхаючыся, я падыбаў да вулляў. І Міхась пайшоў са мною. Міхась, які прывык дзейнічаць па прынцыпу: сем разоў адмерай, адзін раз адрэж. Яго, мабыць, таксама хтосьці ў спіну штурхануў. А можа, проста воля яго ап’яніла? Пішуць жа ў кнігах, што воля ап’яняе чалавека, што, вырваўшыся на волю, чалавек робіцца як сам не свой. Відаць, так.
— Куды вы? — крыкнула Наташа. — Вярніцеся.
— Паслухаем, як пчолы дзынькаюць, і вернемся, — весела адказаў Міхась.
Але каля вулляў, як ні дзіўна, не было ніводнай пчалы.
— Хадзі сюды, — паклікаў Міхась Наташу. — Няма пчол. Пустыя вуллі.
— Няма? Вы правяралі?
— Зараз праверу.
У траве ляжаў бамбукавы кій. Міхась узяў яго і рэзнуў па вуллі. Адзін раз, другі.
— Няма. Бачыш?
Наташа нясмела падышла да нас. А Міхась стукнуў кіем па другім вуллі.
— Няма. А ты баялася.
— Дай і я стукну, — прашу Міхася.
— Што, рукі свярбяць? — засмяяўся Міхась. — Бо. Мне не шкада.
Я ўзяў у Міхася кій і грукнуў па бліжэйшым вуллі. Некалькі разоў запар.
— Вылазяць! — спалохана крыкнула Наташа. Я адчуў, як каля вуха быццам іголкай кальнула.
Спачатку падумаў, што Міхась жартуе, чым-небудзь парнуў. Ужо хацеў сварыцца, ды праз імгненне ўбачыў каля самага носа адну пчалу, другую. Я замахаў рукамі. Дарэмна. Зноў як іголкай кальнула. Ужо ў твар.
— Уцякайма! — крыкнуў штосілы. — Пчолы нападаюць!
А дзесьці побач Міхась заенчыў:
— Упякла! Вось дык упякла!
Махаючы рукамі, мы кінуліся наўцёкі. А пчолы, як прывязаныя, кружыліся над намі, злосна гудзелі. Мы ўляцелі ў нейкі куст. Толькі тут перавялі дыханне.
Я глянуў на Міхася і ажно жахнуўся:
— Міхась, у цябе губа, як валейбольная камера. Зірнуў на Наташу. А ў Наташы увесь нос распух.
— Наташа, — кажу, — твой кірпаты нос цяпер на яловую шышку падобны.
— Не паслухаліся мяне, — усхліпнула Наташа. А Міхась падкалоў:
— Марозік, ты вельмі не радуйся. Вунь як вуха ў цябе разнесла. Быццам слухаўку табе начапілі.
Я пакратаў вуха, паморшчыўся.
— Пячэ. Кляйнавы пчолкі балюча джаляць.
— А ведаеце, пра што я цяпер думаю? — праз слёзы вымавіла Наташа.
Я вырашыў пажартаваць:
— Напэўна, пра сялянскую кілбасу?
— Сам ты сялянская кілбаса, — са злосцю адказала Наташа. — Я пра школу думаю. Як з гэткім носам у школу прыйду?
Наташа заплакала.
«Сялянскаю кілбасою абазвала і яшчэ плача, — думаў я. — Дажыўся! Дзяўчынка сялянскай кілбасою абзывае!»
— Наташа, — паклікаў Міхась.
— Не хачу вас слухаць.
Наташа борздзенька ўсхапілася на ногі і вылезла з куста. Мы, вядома, таксама пасунуліся за ёю. На дарожцы стаялі Кляйн і Піф-Піф.
— А я знарок вас з дома выпусціў,— усміхнуўся Кляйн. — Я ж казаў вам, што эксперымент працягваецца. Што, паказыталі вас мае пчолкі?
«Знарок з дома выпусціў». Вось яно што. А мы радаваліся, думалі: пашанцавала.
— Выдалі вы сябе. Гэты вундэркінд выдаў,— паказаў Кляйн на мяне. — Як ён закрычаў, калі мае пчолкі накінуліся! А казалі: нямы. Я здагадваўся, што вы не з Баварыі. Малайцы мае пчолкі! Думалі, што няма пчолак у вуллях? Раней не было, а сёння адзін рой пасадзіў. Патрывожылі вы яго. Хіба можна па вуллі кіем біць? Ха-ха-ха…
Кляйн ажно захлёбваўся ад смеху.
— Доктар Кляйн, чаму на вас так часта смех нападае? — нечакана спытаўся Міхась.
— Смех — прыкмета ўпэўненасці. Калі чалавек упэўнены ў сабе, — значыць ён жыццярадасны. А калі жыццярадасны, то і смяецца часта, — сказаў Кляйн.
— А хто мы, па-вашаму? Вы ж не верыце, што з Баварыі.
— Савецкія! — прасіпеў Кляйн. — А нямецкія словы вы з акцэнтам вымаўляеце. Вашай настаўніцы трэба двойку паставіць.
— А вашым настаўнікам я адзінку за выхаванне паставіла б, — не сцярпела Наташа.
— За выхаванне? Гм, цікава, — хмыкнуў Кляйн. — А вы вострыя на язык. Гэта я яшчэ раней заўважыў. І калі ў лесе вас сустрэў, і калі нядаўна спрачаліся са мною. Выдала вас ваша выхаванне. А цяпер і вундэркінд закрычаў. Болей доказаў мне не трэба.
Што ж, цяпер можна было не таіцца.
— Доктар Кляйн, а вашы пчолы не дзікія? — запытаўся я. Мне хацелася суцешыць Наташу. Хацелася, каб не плакала.
— Дзікія ў другім месцы сядзяць. Не хвалюйцеся, — неяк адразу падабрэў Кляйн. — У вас твары такія распухлыя! Я вас вылечу. Зараз вылечу. Кляйн добры. Кляйн вельмі добры. Кляйн дапаможа вам.
Ен адышоў убок, закрычаў:
— Піф-Піф, пачынай апрацоўку.
Мы ўбачылі ў руках Піф-Піфа бляшанку. У такіх бляшанках звычайна прадаюць хларафос. Піф-Піф накіраваў бляшанку на нас. Я адчуў, што на мой твар пырснула чымсьці цёплым, пахучым. Я міжволі заплюшчыў вочы.
— Давай, Піф-Піф. Яшчэ давай! — крычаў Кляйн.
«Усё. Атруціў нас, — падумалася. — Так нечакана. А хацелі людзям Эльдарада дапамагчы…»
Я расплюшчыў вочы, глянуў на Наташу. Твар у Наташы паружовеў, і нос зноў стаў кірпаты. Глянуў на Міхася. І з Міхасёвай губы знікла пухліна. Пакратаў сябе за вуха. Не баліць. Дзіва, дый годзе.
— Антыпчалінам мы вас папырскалі,— лагодна прамовіў Кляйн. — Цяпер вы як гурочкі. Вы яшчэ паслужыце мне. Задаткі ў вас ёсць.