Читаем Французская навела XX стагоддзя полностью

Усе зразумелі: на іх вачах адбываецца нешта дужа незвычайнае.

Дарэчы, і Лябро, і аднаногі гаварылі прыблізна адным тонам, амаль аднолькавым голасам, і ў абодвух быў відавочны паўднёвы акцэнт.

Нават сам Лябро, лоб у якога пакрыўся кропелькамі поту, прыкмеціў у госця гэты акцэнт — і адкрыццё вельмі яго ўразіла.

Жуль рушыў да Лябро.

Тры крокі... Чатыры... Рух пляча, сцягна, рывок драўлянай нагі — увесь правы бок ягонай фігуры неяк дзіўна ўздрыгваў, то падымаўся, то апускаўся...

— Прывітанне, Аскар! — зноў пачуўся ягоны голас, які можна было б назваць лагодным, нават вясёлым.

Лябро, застыўшы на месцы, бы статуя, не выпускаў з зубоў люлькі.

— Ты бачыш, я тут! — усміхаўся Жуль.

— Хадземце да мяне, — ледзь вымавіў у адказ Лябро.

— Ты не хочаш быць са мною на «ты»?

Ні слова ў адказ. У горле ў Лябро захрас камяк. Люлька ў зубах дрыжала.

Жуль агледзеў Лябро з галавы да ног, памацаў рукою тканіну піжамы, кіўнуў на пантофлі.

— А ты, я гляджу, позна ўстаеш! Яшчэ не адзеўся як след...

Здавалася, Лябро пачне зараз прасіць прабачэння.

— Нічога!.. Нічога!.. Гэй ты, карантыш! Але, ты, кухар! — крыкнуў аднаногі Марысу, гаспадару «Ноевага каўчэга», які і праўда быў нізкі ростам і хадзіў у белым кухарскім халаце. — Скажы, каб мой куфар аднеслі да вас!.. І падрыхтуй мне найлепшы пакой!

Марыс зірнуў на Лябро. Той кіўнуў галавою.

— Слухаю, пане...

— Жуль.

— Прабачце.

— Я сказаў, што мяне завуць Жуль... Скажы яму, Аскар, што мяне завуць Жуль.

— Яго завуць Жуль, — паслухмяна паўтарыў Лябро.

— Ідзеш, Аскар?

— Іду.

— У цябе, напэўна, вока не ў парадку? Ану, здымі на хвілінку акуляры, каб я мог паглядзець!

Лябро зняў акуляры, праўда, не адразу. Разгледзеўшы выбітае вока, Жуль прысвіснуў, усё роўна як выказаў гэтым сваё захапленне ўбачаным:

— Нішто сабе, га?.. У цябе адно вока, а ў мяне адна нага. Добрая кампанія!

Ён узяў Лябро за руку, быццам старога сябра, і павёў яго, падскокваючы, да гатэля. Пры кожным кроку Лябро адчуваў рывок драўлянай нагі.

— Ведаеш, я спыніўся б лепш не ў цябе, а ў «Ноевым каўчэзе». Не люблю замінаць людзям. Дый жонка ў цябе не надта памяркоўная. — Ягоны гучны голас быў адначасна і злы і насмешлівы. — Я распытаў пра цябе на «Баклане»... Гэтая старая малпа расказала мне ўсё, што трэба...

Старою малпаю быў капітан судна Батыст — Жуль празваў марака так, напэўна, таму, што яго загарэлы твар парос сівым шчаціннем. Батыст нешта незадаволена буркнуў. Зірнуць на яго Лябро не асмеліўся.

— Калі хочаш, можаш ім сказаць, каб яны паставілі лодку на месца... Яна яшчэ нам спатрэбіцца... Палаўлю і я рыбку... Скажы ім! Ну, чаго ты чакаеш, га?

— Віяль! — крыкнуў Лябро рыбаку. — Злаві лодку і пастаў на месца!

Па твары ў Лябро цёк пот. Акуляры ссунуліся ўніз і блішчалі на мокрым пераноссі.

— Трэба трошкі перакусіць, га?.. — запытаўся Жуль. — А мясціны тут прыгожыя, нічога не скажаш...

Дарога ішла ўгару — яны ўзбіраліся ўверх павольна і важка, бы надавалі гэтай хвіліне ўрачысты характар.

Плошча. Рады эўкаліптаў з пяшчотнай лістотаю. Маленькая жоўтая царква, падобная на цацачны дамок.

— Дзе тут твая хацінка?.. Вось гэтая?.. Ты, я бачу, любіш герань... Паслухай, гэта не твая кабета на нас пазірае?..

Пані Лябро, у бігудзі, развешвала на другім паверсе бялізну.

— Дык праўда гэта, што яна ў цябе не надта памяркоўная?.. Будзе злаваць, калі мы замочым нашу сустрэчу шкляначкай беленькага?

У гэты момант пану Лябро, нягледзячы на яго пяцьдзесят гадоў, вялікі рост і вагу, аўтарытэт багатага чалавека і былога мэра выспы, захацелася ўпасці прылюдна на калені і ўголас маліць: «Пашкадуйце!..»

Больш таго, ён ледзь не зрабіў яшчэ горш. Бо гатовы ўжо быў завыць: «Забіце мяне адразу ж!»

І не таму не зрабіў ён гэтага, што баяўся страціць павагу людзей. Проста пан Лябро не ведаў ужо больш, дзе ён знаходзіцца, не валодаў ні целам сваім, ні думкамі, проста госць трымаў яго за руку, абапіраўся на яго і паволі і ўладна цягнуў да чырвона-зялёнай тэрасы «Ноевага каўчэга».

— Ты, мабыць, часта сюды заходзіш, га?

Лябро адказваў, бы вучань настаўніку:

— Некалькі разоў на дзень.

— Выпіваеш?

— Не... Трохі...

— Але зрэдку хоць напіваешся?

— Ніколі...

— А ў мяне бывае... Убачыш яшчэ... Толькі не бойся... Гэй, там ёсць хто-небудзь?

З гэтымі словамі Жуль падштурхнуў Лябро ў залу кавярні, да бара, які зіхацеў у змроку нікелем.

З кухні выйшла маладзенькая афіцыянтка. Яна яшчэ, мусіць, нічога не ведала пра прыезд такога дзіўнага госця.

— Дзень добры, пан Лябро...

— А мяне завуць Жуль... Дай нам, крошка, пляшку беленькага... І што-небудзь паесці...

Дзяўчына зірнула на Лябро.

— Анчоўсы? — спыталася яна.

— Няхай будуць анчоўсы, — адказаў за Лябро Жуль. — Я бачу, Аскар іх любіць. Анчоўсы дык анчоўсы... Падай нам на тэрасу.

Ён сеў, ці, хутчэй, упаў у лазовае крэсла, выцягнуў драўляную нагу, выцер твар вялікай чырвонай насоўкаю — горача было і яму.

Пасля доўга пляваўся, харкаў. Урэшце паднёс шклянку з віном да вуснаў, паглядзеў яе на святло, уздыхнуў.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Кавказ
Кавказ

Какое доселе волшебное слово — Кавказ! Как веет от него неизгладимыми для всего русского народа воспоминаниями; как ярка мечта, вспыхивающая в душе при этом имени, мечта непобедимая ни пошлостью вседневной, ни суровым расчетом! ...... Оно требует уважения к себе, потому что сознает свою силу, боевую и культурную. Лезгинские племена, населяющие Дагестан, обладают серьезными способностями и к сельскому хозяйству, и к торговле (особенно кази-кумухцы), и к прикладным художествам; их кустарные изделия издревле славятся во всей Передней Азии. К земле они прилагают столько вдумчивого труда, сколько русскому крестьянину и не снилось .... ... Если человеку с сердцем симпатичны мусульмане-азербайджанцы, то жители Дагестана еще более вызывают сочувствие. В них много истинного благородства: мужество, верность слову, редкая прямота. Многие племена, например, считают убийство из засады позорным, и у них есть пословица, гласящая, что «врагу надо смотреть в глаза»....

Александр Дюма , Василий Львович Величко , Иван Алексеевич Бунин , Тарас Григорьевич Шевченко , Яков Аркадьевич Гордин

Поэзия / Путешествия и география / Проза / Историческая проза / Малые литературные формы прозы: рассказы, эссе, новеллы, феерия