Абату пайшоў семдзесят пяты год. Ён таксама доўга змагаўся з праказай і процістаўляў яе разбуральнай сіле дысцыпліну простага, пазбаўленага празмернасцей існавання, строгае выкананне ўсіх рэлігійных абрадаў і няўхільнае падпарадкаванне прадпісанням Жана Маяра. Праказа, хоць і папсавала яму твар, усё ж пашкадавала яго, пазбавіўшы язваў, скулячак, гангрэны і іншых агідных прыкрасцей. За гэта ён штодня дзякаваў небу і маліў бога, каб ён даў яму памерці ад старасці з ягоным цяперашнім тварам. Ён належаў да львападобных і прывык да гэтага. Часам ён нават адчуваў гонар ад усведамлення таго, што ён быў выдатны леў, узорны прадстаўнік гэтага тыпу, бо вакол яго танзуры захавалася густая карона валасоў. Жан Маяр, жартуючы, параўноўваў гэтую чупрыну з грывай цара звяроў.
Сам лекар з азызлым, але насмешлівым носам, такімі ж распухлымі губамі, у якіх, аднак, праглядвалася не пыха, а глыбокая пачуццёвасць, быў, бадай, пракажоны-сатыр. Ён са сціплай усмешкай пагаджаўся з гэтым, часам сцвярджаючы, што тое, як праказа змяняе твар чалавека, пэўным чынам залежыць ад характару. Ён прыводзіў шмат прыкладаў у падтрымку гэтага тэзіса, у прыватнасці, выпадак брата Роза, чые вернасць і адданасць не выклікалі сумненняў і чыя галава, бясспрэчна, нагадвала галаву вялікага сабакі.
Мэтр Жан Маяр у маладосці шмат вандраваў, жыў бурлівым жыццём шкаляра ў Францыі і Італіі, заўзята вывучаў медыцыну і філасофію і спазнаў нямала лёгкіх жыццёвых радасцей. Ён меў за абавязковае правіла не наракаць на лёс, і падобна было на тое, што ён зусім не шкадаваў свайго бліскучага мінулага. У той дзень, калі ён даведаўся, што падхапіў праказу (гэта было дзесяць гадоў таму, калі яму толькі мінула сорак), ён не стаў пасылаць небу дарэмных праклёнаў. Ён пачаў наглядаць сабе лепразорый з добрым кліматам, бо шукаў месца спачынку. Гара Хворых спадабалася яму, і ён, на вялікую радасць абату, які ў яго асобе прыдбаў прыемнага таварыша і ўмелага лекара, прыехаў туды сам, не чакаючы, пакуль яго прымусяць. Яго дэвізам было: «Праказа забівае павольна». Ён па-філасофску суцяшаўся гэтай думкай.
У той вечар Тама д'Арфёй быў не ў гуморы, што з нейкага часу не раз здаралася з ім. Паўздыхаўшы з-за манастыра, які разбураўся без догляду, ён пасмуткаваў з прычыны жорсткасці веку і заняпаду хрысціянскіх дабрачыннасцей.
— Міласэрнасці больш няма ў каралеўстве. Нікому няма клопату да няшчасных. А пракажоным не засталося нічога, акрамя агіды. У мінулым стагоддзі ніводзін сеньёр не адважыўся б ставіцца да іх так, як сёння гэта робіць апошні мужык. У тыя часы заўсёды хапала набожных душ, у якіх можна было знайсці спагаду. І прыклад падаваўся зверху, я ведаю. Наш святы кароль Луі спачыў якраз незадоўга да майго нараджэння, але калі я быў падлеткам, яшчэ распавядалі, як ён абышоўся з надзвычай страшным пракажоным у Руамонцкім абацтве. Калі пракажоны з'явіўся там, наш літасцівы кароль сам узяў на сябе клопат пра небараку, які быў падобны да д'ябла. Ён пацалаваў яго рукі і твар, прыслужваў яму за сталом, выбіраў і сам падносіў да ягонага азызлага рота лепшыя кавалкі. Ён абмыў яму ногі. Цяжка назваць такую агідную паслугу, якую б ён яму не зрабіў.
— Так наш літасцівы кароль зарабляў сабе вечнае жыццё, — сказаў лекар.
Абат паціснуў плячыма і працягваў:
— І гэты прыклад меў свой плён. Тады людзі былі больш літасцівыя да няшчасных. Прыклад караля натхняў штодня святыя душы, якія не баяліся набліжацца да пракажоных.
— Але, — ухвальна азваўся Жан Маяр, скрывіўшы сваю вялізную сатыраву губу ў адмысловую грымасу. — Можна нават сказаць, што тады каралеўства кішэла святымі, як мора рыбай. Не было рыцара, абата, манаха, набожнага буржуа, які б не імкнуўся знайсці досыць страшнага пракажонага, каб, пацалаваўшы яго, адным махам здабыць вечнае збавенне і пры гэтым вызначыцца ў вачах караля. Ніколі, абат, ногі жабракоў не абмывалі лепей, чым тады. Ніколі пракажоных так не шкадавалі і не песцілі. Я пытаюся ў сябе, ці цанілі поўнай мерай адны і другія гэтую дабрачыннасць і, што асабліва важна, ці адчувалі яны належны гонар ад таго, што накіроўвалі гэтулькі душ у царства божае.
— Смейцеся, пане філосаф, — сказаў абат, — але мне страшэнна бракуе міласэрнасці, і праз гэта церпіць усё насельніцтва лепразорыя. Што зробіш! У нашага караля Філіпа менш за ўсё баліць галава за пракажоных. Ён займаецца толькі вайною...
— І робіць гэта вельмі кепска, — перабіў лекар, — а яго васалы ваююць яшчэ горш і думаюць толькі, як набіць каўбух. Мяхі з віном, акаваныя жалезам, няздатныя пабіць ангельцаў нават двое на аднаго... А што да нашых пракажоных, абат, то я лічу, што яны добра прыстасаваліся да сваёй ізаляцыі.
Абат уздыхнуў:
— Гэта яшчэ горш. Яны прайшлі праз пакуты. Эгаізм і злосць хваробы больш заразныя, чым праказа. Іхнія сэрцы зачарсцвелі, і яны капіруюць паводзіны жыхароў даліны. Ні ў кога няма ніякага жалю да свайго брата. Відушчы пракажоны пагарджае сляпым. Бязносы пракажоны абыходзіць пракажонага, пакрытага язвамі...
Александр Иванович Куприн , Константин Дмитриевич Ушинский , Михаил Михайлович Пришвин , Николай Семенович Лесков , Сергей Тимофеевич Аксаков , Юрий Павлович Казаков
Детская литература / Проза для детей / Природа и животные / Малые литературные формы прозы: рассказы, эссе, новеллы, феерия / Внеклассное чтение